Лінкі ўнівэрсальнага доступу

500 дзён прэзыдэнцтва: у ЗША ацэньваюць дасягненьні Трампа


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША гаворыць пра дасягненьні ў эканоміцы і абароне, аднак 52,8% амэрыканцаў нэгатыўна ацэньваюць ягоную дзейнасьць, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп з нагоды 500-га дня знаходжаньня на пасадзе заявіў, што, «на думку многіх», ён дасягнуў больш, чым любы іншы амэрыканскі прэзыдэнт.

Сярод сваіх дасягненьняў Трамп назваў праведзеную ў мінулым годзе падатковую рэформу, разьвіцьцё узброеных сіл, зьніжэньне злачыннасьці і скарачэньне нелегальнай іміграцыі, умацаваньне межаў і рост эканомікі.

Белы дом: «Сярод асноўных дасягненьняў Трампа — жорсткая пазыцыя ў дачыненьні Расеі»

У Белым доме адным з асноўных дасягненьняў зьнешняй палітыкі Трампа назвалі жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Расеі. Пра гэта прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс заявіла 4 чэрвеня падчас брыфінгу, піша DW.

Да асноўных зьнешнепалітычных дасягненьняў за 500 дзён знаходжаньня Трампа на пасадзе прэзыдэнта, акрамя пазыцыі па Расеі, можна назваць «ўмацаваньне адносінаў з шэрагам кіраўнікоў дзяржаў», «перанос амбасады ў Ерусалім» і «жорсткую пазыцыю ў пытаньнях гандлю», лічыць прэс-сакратар Белага дома.

58% выбарнікаў няўхвальна ацэньваюць працу прэзыдэнта

Да свайго 17-га месяца ў Белым доме Трамп па-ранейшаму застаецца супярэчлівай фігурай у ЗША: паводле дадзеных розных апытаньняў, 52,8 адсотка выбарнікаў няўхвальна ацэньваюць ягоную працу. Былы будаўнічы магнат па-ранейшаму папулярны сярод выбарнікаў-рэспубліканцаў, дзякуючы падтрымцы якіх ён стаў 45-м прэзыдэнтам ЗША, але незалежныя выбарнікі і асабліва дэмакраты працягваюць няўхвальна ацэньваць прэзыдэнта.

Прэзыдэнцтва Трампа азмрочвае і расьсьледаваньне сувязяў ягонага перадвыбарчага штабу з Масквой і магчымага перашкоджаньня правасудзьдзю (расьсьледаваньнем кіруе спэцпракурор Робэрт Мюлер, яно працягваецца ўжо больш за год). Сам Трамп неаднаразова адпрэчваў гэтыя абвінавачваньні.

У адным з апошніх пастоў у «Твітэры» ён напісаў: «Як заяўляюць шматлікія экспэрты ў юрыдычнай сфэры, у мяне ёсьць поўнае права памілаваць самога сябе, але з чаго мне гэта рабіць, калі я не зрабіў нічога дрэннага?»

Няўдалая спроба рэформы аховы здароўя

Пасьля працяглай заканадаўчай бітвы ў кантраляваным рэспубліканцамі Кангрэсе Трампу ўдалося правесьці падатковую рэформу без адзінага голасу дэмакратаў. Аднак ягоныя спробы адмяніць праведзеную Баракам Абамам рэформу аховы здароўя скончыліся няўдачай, хоць шэраг палажэньняў закона былі адмененыя шляхам адміністрацыйных мераў.

Ацэньваючы свае першыя 500 дзён у ролі прэзыдэнта, Трамп адзначыў, што яму амаль удалося адмяніць закон, «калі б не адзін чалавек». Відавочна, гэта заўвага адрасаваная сэнатару-рэспубліканцу Джону Макейну, які нярэдка крытыкуе прэзыдэнта.

Трамп нагадаў, што яму ўсё ж удалося дамагчыся адмены патрабаваньня аб абавязковым мэдыцынскім страхаваньні, а таксама заявіў, што «цэны на лекі зьніжаюцца», і што ён падпісаў закон, які дае сьмяротна хворым пацыентам права паспрабаваць экспэрымэнтальныя прэпараты, якія яшчэ не прайшлі працэдуру рэгістрацыі.

Іншыя дасягненьні

Трампу ўдалося правесьці праз Сэнат выбраную ім кандыдатуру судзьдзі Вярхоўнага суда кансэрватара Ніла Горсача, а таксама некалькі судзьдзяў-кансэрватараў у суды ніжэйшай інстанцыі, што можа паўплываць на судовыя рашэньні на дзясяткі гадоў наперад, нават пасьля заканчэньня прэзыдэнцтва Трампа. Ён ужо выказаў намер балятавацца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе.

Адміністрацыя таксама прыняла шэраг мераў па зьмякчэньні абмежаваньняў для банкаў, энэргетычных кампаній, камэрцыйных навучальных установаў і іншых карпаратыўных структур.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG