Вярхоўны суд ЗША апраўдаў кандытара Джэка Філіпса, які паводле рэлігійных меркаваньняў адмовіўся рабіць спэцыяльны сьвяточны торт для вясельля двух геяў.
У ліпені 2012 году Чарлі Крэйг і Дэйвід Малінс вырашылі замовіць торт для свайго вясельля (на той момант штат Каларада, дзе яны жылі, не прызнаваў аднаполых шлюбаў) у папулярнага дэнвэрскага кандытара Джэка Філіпса, уладальніка кандытарскай Masterpiece. Філіпс — вернік-хрысціянін — адмовіўся рабіць спэцыяльны торт, прапанаваўшы Крэйгу і Малінсу купіць у яго які-небудзь з гатовых.
Пара падала на Філіпса скаргу ў Камісію па грамадзянскіх правах штату Каларада. Камісія загадала Філіпсу рабіць вясельныя тарты для аднаполых пар і праслухаць курс антыдыскрымінацыйных лекцый.
Філіпс абскардзіў рашэньне ў судзе, прайграў і падаў апэляцыю. У сьнежні 2017 году справа дайшла да Вярхоўнага суду ЗША.
Сёньня Вярхоўны суд сям’ю галасамі супраць двух вынес рашэньне на карысьць Філіпса. У тэксьце судовага рашэньня гаворыцца, што хоць закон абараняе правы геяў атрымоўваць прадукты і паслугі на тых самых умовах, што і астатнія людзі, Камісія па грамадзянскіх правах штату Каларада ў гэтым канкрэтным выпадку прадэманстравала варожасьць да рэлігіі.