Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскага журналіста асудзілі ў Маскве на 12 гадоў зьняволеньня


Маскоўскі гарадзкі суд асудзіў на 12 гадоў калёніі строгага рэжыму ўкраінскага журналіста Рамана Сушчанку, арыштаванага ў Расеі ў 2016 годзе паводле абвінавачваньня ў шпіянажы. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода з залі суду.

Пракуратура патрабавала для абвінавачанага 14 гадоў пазбаўленьня волі. Адвакат ўкраінца Марк Фейгін заявіў, што прысуд будзе абскарджаны.

Раней адвакат Сушчанкі не выключыў імавернасьці яго абмену на арыштаванага нядаўна ў Кіеве галоўнага рэдактара агенцтва «РИА Новости Украина» Кірылу Вышынскага. Украінскія ўлады абвінавачваюць яго ў дзяржаўнай здрадзе і правядзеньні падрыўной інфармацыйнай дзейнасьці супраць Украіны.

Раман Сушчанка працаваў карэспандэнтам агенцтва «Укрінфарм» у Францыі. У 2016 годзе ён прыехаў у Маскву з прыватным візытам. Там яго затрымалі, а пасьля абвінавацілі ў шпіянажы. Паводле вэрсіі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі, Сушчанка — супрацоўнік Міністэрства абароны Украіны, а ў Маскве ён нібыта зьбіраў інфармацыю пра працу расейскіх вайскоўцаў і Расгвардыі.

Сушчанка абвінавачваньні адпрэчвае. Міністэрства замежных спраў Украіны назвала справу супраць Рамана Сушчанкі сфальшаванай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG