Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прараб, які працаваў на Беларускай АЭС, адсудзіў грошы ў будаўнічай арганізацыі


Беларуская АЭС, ілюстрацыйнае фота
Беларуская АЭС, ілюстрацыйнае фота

Суд Савецкага раёну Гомлю 4 чэрвеня вынес рашэньне па грамадзянскай справе аб спагнаньні грошай з прадпрыемства «Гомельпрамбуд». На карысьць звольненага ў лютым 2018 году прараба Сяргея Рогаўцава суд спагнаў з прадпрыемства грошы за пратэрміноўку канчатковага разьліку і вярнуў былому прарабу ўтрыманыя з яго сродкі за нанясеньне шкоды.

Рогаўцаў з 2013 году працаваў на будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы. Па словах былога прараба, перад звальненьнем ён меў канфлікт з кіраўніцтвам, якому спрабаваў данесьці інфармацыю пра няякасна выкананую працу на будаўніцтве.

«Але рэакцыя на мае словы была неадэкватная — з магчымымі парушэньнямі ня сталі разьбірацца, а пайшлі іншым шляхам — звольнілі мяне», — патлумачыў «Свабодзе» былы супрацоўнік «Гомельпрамбуд». Ён падаў грамадзянскі пазоў у суд, каб спагнаць з прадпрыемства заробленыя грошы.

Чаму прараб пайшоў у суд

У заяве ў суд Сяргей Рогаўцаў пералічыў свае фінансавыя прэтэнзіі да былога наймальніка — філіялу будаўнічага ўпраўлення-139 адкрытага акцыянэрнага таварыства «Гомельпрамбуд». Гэта спагнаньне сярэдняга заробку за затрымку выплаты канчатковага разьліку пры звальненьні, сярэдняга заробку за фактычную працу падчас працоўных адпачынкаў і ў пэрыяд між вахтаў, утрыманай сумы ў кошт пакрыцьця шкоды, нанесенай наймальніку пры выкананьні працоўных абавязкаў.

У судзе інтарэсы былога прараба прадстаўляў прававы інспэктар незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка і Сяргей Рогаўцаў
Леанід Судаленка і Сяргей Рогаўцаў

Прараба, які працаваў як вытворца работ, звольнілі 28 лютага 2018 году па п.5 артыкуле 35 Працоўнага кодэксу — у сувязі з адмовай працягваць працу са зьменамі яе ўмоў. Зьмены — гэта памяншэньне заробку.

Згодна заканадаўству, канчатковы разьлік павінен быць у дзень звальненьня. Але грошы Сяргей Рогаўцаў атрымаў толькі праз месяц.

«У судзе наймальнік тлумачыў, што затрымка была зьвязаная з фінансавымі цяжкасьцямі на прадпрыемстве, і можна з павагай паставіцца да такіх рэчаў. Тым ня менш, Працоўны кодэкс прадугледжвае за гэта санкцыі, і мы просім спагнаць грошы з адказчыкаў», — патлумачыў Леанід Судаленка.

Ён у судзе падтрымаў і астатнія патрабаваньні былога супрацоўніка «Гомельпрамбуд», якія тычацца кампэнсацыі за працу ў час адпачынку і ў пэрыяд паміж вахтамі. Прараб як мінімум два дні па вяртаньні з 15-дзённай вахты ў Астраўцы марнаваў на складаньне матэрыяльных справаздач. Але на заробак гэта праца не ўплывала.

Сяргей Рагоўцаў на працягу працы на Беларускай АЭС юрыдычна быў у адпачынку, але фактычна працягваў працаваць на будоўлі.

«Прасіла кіраўніцтва. Трэба было выконваць плян, аб’ёмы працы павялічваліся, таму я пагаджаўся працаваць і ў адпачынак», — зазначыў былы прараб.

Сяргей Рогаўцаў
Сяргей Рогаўцаў

Пры звальненьні з яго спагналі «кампэнсацыю нястачы» у памеры трох сярэдніх заробкаў, хаця Працоўны кодэкс дазваляе спаганяць толькі адзін сярэдні заробак. Астатнія прэтэнзіі наймальнік мусіць вырашаць праз суд.

Усяго з «Гомельпрамбуд» Сяргей Рогаўцаў прасіў спагнаць 11.963,84 рублёў.

«Гомельпрамбуд» патрабаваньні прызнаў, але ня ўсе

Справу разглядаў судзьдзя Анатоль Капусьцін. Прадстаўнікі «Гомельпрамбуд» ў судзе пазоў прызналі толькі ў частцы пратэрміноўкі канчатковага разьліку, але не пагадзіліся з сумай. Грашовыя прэтэнзіі, якія тычыліся працы ў пэрыяд адпачынкаў і паміж вахтамі, адказчыкі не прызналі. Па іх словах, за адпачынкі прараб атрымліваў і аплату, і кампэнсацыю, а пры нязгодзе з такім становішчам рэчаў мусіў быў у 3-месячны пэрыяд зьвярнуцца ў камісію па працоўных спрэчках ці суд.

Пастанова суду
Пастанова суду

Начальнік юрыдычнай службы «Гомельпрамбуд» Ірына Раманюк даводзіла ў судзе, што матэрыяльныя справаздачы прараб мог бы зрабіць і ў пэрыяд вахты, на Астравецкай АЭС. Але здаваць справаздачы трэба было ў Гомлі, па электроннай пошце дасылаць матэрыялы Сяргей Рогаўцаў ня мог — на абʼекце забаронена карыстацца тэлефонамі з відэа- і фота фіксацыяй, а таксама інтэрнэтам. Бегаць у будынак за паўтары кілямэтры, дзе магчыма скарыстацца інтэрнэтам і кідаць будоўлю не было прымальна для выканаўцы працы, тым больш калі ў яго падначаленьні былі 50 чалавек. Тым больш справаздачы патрэбна было здаваць пасьля вахты, а не ў яе час.

З-за аўралу да прыезду Лукашэнкі з АЭС выпадкова вывезьлі апалубку — прараб займеў крымінальную справу

На пасяджэньні 1 чэрвеня Ірына Раманюк папрасіла прыкласьці да матэрыялаў справы даведку, што ў 2016 годзе ў дачыненьні Сяргея Рогаўцава Астравецкім аддзелам СК узбуджалася крымінальная справа за крадзеж. Але начальніца юрыдычнай службы не сказала, што справа была закрытая з-за адсутнасьці складу злачынства. Прычыну ўзбуджэньня крымінальнай справы былы прараб патлумачыў часовым зьнікненьнем апалубкі, якую тут жа і вярнулі.

«У 2015 годзе прыяжджаў на будоўлю прэзыдэнт. Канечне, там быў аўрал, усё прыбіралі. Мае хлопцы памыліліся, схапілі і вывезьлі чужую апалубку. Але яе тут жа вярнулі. Тым ня менш, справу ўзбудзілі, потым закрылі», — распавёў былы прараб. На судзе ён заўважыў, што апалубкі, як і рыштунак, зьнікалі на будоўлі часта — іх «цягалі» будаўнічыя трэсты адзін у аднаго.

«Я прасіў колькі разоў наша кіраўніцтва правесьці поўную інвэнтарызацыю, каб ведаць — што ў нас ёсьць, і чаго няма. Я заяўляў, што і апалубка, і інструмэнт крадуцца. Кіраўніцтва адмовіліся правесьці поўную інвэнтарызацыю, на ўсіх абʼектах. Зараз на мяне хочуць павесіць апалубку, нястачу якой выявілі пры інвэнтарызацыі пры маім звальненьні», — дадаў былы супрацоўнік «Гомельпрамбуд».

Апалубку і рыштунак будаўнікі «цягаюць» адзін у аднаго

На судзе Сяргей Рогаўцаў падкрэсьліў, што пры перадачы вахты ня быў прапісаны мэханізм — каму менавіта ён павінен здаць матэрыяльныя каштоўнасьці, хто за іх будзе адказваць.

Ён дадаў, што апалубку БУ-139, ды і іншыя структуры «Гомельпрамбуд» бралі ў арэнду ў камэрцыйнай структуры, потым яе нястомна «забівалі» на працягу пяці гадоў, выкарыстоўваючы і ў будні, і выходныя, а пры поўным зносе, ці нястачы элемэнтаў камэрцыйнай структуры мусілі выплаціць грошы як за новую, па актуальным на сёньняшні дзень кошце. І гэта пры тым, што ў працэсе працы будаўнічыя арганізацыі плацяць за амартызацыю апалубкі. Прараб мяркуе, што такая сыстэма аплаты за апалубку дае магчымасьці для злоўжываньняў.

«Ці ставілі вы гэтыя пытаньні перад кіраўніцтвам праз дакладныя запіскі?», — пацікавіўся судзьдзя.

«Дакладныя запіскі ў нас выкідаюцца ў сьметніцу! Яны не рэгіструюцца», — адрэагаваў Сяргей Рогаўцаў. З гэтым нязгодная начальніца юрыдычнага аддзелу. Яна кажа, што ўся дакумэнтацыя рэгіструецца.

Суд задаволіў патрабаваньні былога прараба часткова — паставіў выплаціць яму кампэнсацыю за затрымку канчатковага разьліку пры звальненьні — больш за 1100 рублёў, і вярнуць былому прарабу 1300 рублёў, якія ў яго ўтрымалі за элемэнты апалубкі. Па заканадаўству прадпрыемства мусіла ўтрымаць толькі адзін сярэдні заробак, а не тры, як зрабілі ў «Гомельпрамбуд».

«Ну, хоць што ўдалося атрымаць. Па азнаямленьні з матывіровачнай часткай буду думаць, што рабіць далей», — заўважыў Рогаўцаў.

Прарабаў судзяць за крадзеж дроту і трубаў

Тым часам у судзе Савецкага раёну слухаецца крымінальная справа, распачатая ў дачыненьні чатырох супрацоўнікаў «Гомельпрамбуд», якія працавалі на будоўлі Беларускай АЭС. Іх абвінавачваюць у крадзяжы з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў у буйным памеры ці групай асоб (частка 4 артыкулу 210 Крымінальнага кодэксу), а таксама ў службовым падлогу (частка 1 артыкулу 427 Крымінальнага кодэксу).

Суд праходзіў у адкрытым рэжыме, але пры цікаўнасьці да працэсу з боку журналістаў абвінавачаныя пры падтрымцы адвакатаў падалі хадайніцтва, каб агалошваньне матэрыялаў справы і судовыя спрэчкі праходзілі ў закрытым рэжыме. Абвінавачаныя патлумачылі, што тэхнічная дакумэнтацыя, якая тычыцца будоўлі АЭС зьяўляецца інфармацыяй з грыфам «Сакрэтна», таму прасілі праводзіць слуханьні ў закрытым рэжыме.

Судзьдзя задаволіў хадайніцтва на падставе таго, што абвінавачаныя і адвакаты маюць намер спасылацца на дакумэнты, якія ахоўваюцца заканадаўствам. Прысуд па дадзенай справе пакуль не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG