Бізнэсовец, супрацоўнік контравыведкі Ўкраіны ці арганізатар заплянаванага «забойства» расейскага журналіста Аркадзя Бабчанкі? Вэрсіяў, кім папраўдзе ёсьць Барыс Герман, сёньня шмат.
З кім (не) супрацоўнічаў Герман
Сам Барыс Герман заявіў, што быў агентам контравыведкі СБУ, займаўся высьвятленьнем таемных каналаў фінансаваньня тэрарыстаў ва Ўкраіне. Але ў Службе бясьпекі гэтую інфармацыю «Настоящему времени» абверглі.
Адвакат Германа Яўген Саладко заявіў, што ягоны кліент дапамагае ўкраінскай арміі. Паводле адваката, ён «прымае асабісты ўдзел у распрацоўках і выпрабаваньнях для Міністэрства абароны».
Карэспандэнт «Настоящего времені» зьвярнуўся ў Мінабароны Ўкраіны з пытаньнем, ці закупляе нешта ўкраінская армія ў прадпрыемства, доляй якога валодае Барыс Герман.
«Міністэрства абароны Ўкраіны ў адпаведнасьці зь дзяржаўнай абароннай замовай ніякіх дамоваў на куплю або пастаўкі зброі і іншага абсталяваньня ў названага прадпрыемства не падпісвала. І, адпаведна, зброя і абсталяваньне не пастаўлялася», — паведаміў намесьнік начальніка прэс-службы Мінабароны Аляксандар Матузянік.
Журналісты «Настоящего времені» вырашылі зьвязацца з супрацоўнікамі фірмы «Шмайсэр», выканаўчым дырэктарам якой зьяўляецца Герман.
У вёсцы Вішневае Кіеўскай вобласьці, па вуліцы Ламаносава 1, дзе зарэгістраванае гэта сумеснае нямецка-украінскае прадпрыемства, ні шыльды, ні іншых апазнавальных знакаў няма. Толькі надпіс, што тут знаходзіцца дзяржаўны машынабудаўнічы завод «Візар». Яго супрацоўнікі паведамілі, што «Шмайсэр» сапраўды арандуе ў іх частку памяшканьня.
Унутр журналістаў не пусьцілі, прапанаваўшы зьвязацца з кіраўніцтвам «Шмайсэру» па тэлефоне. Але зьвязацца з дырэктарам ні па ўнутраным, ні па мабільным не ўдалося. Толькі празь некаторы час кіраўнік «Шмайсэру» Антаніна Капілян ператэлефанавала, але адмовілася паведамляць падрабязнасьці, паабяцаўшы на наступным тыдні правесьці прэс-канфэрэнцыю.
«Вялікае дзіця»
Журналістам «Настоящего времени» удалося знайсьці людзей, якія асабіста ведаюць Барыса Германа.
«Са мной ён быў нармальным, але ведаю, былі выпадкі, калі зь людзьмі, зь якімі ён доўга працаваў, ён не разьлічваўся. Ён застаўся вінны ім. Як валянтэры мы зь ім ні разу не перасякаліся, я ні разу ня чуў, каб ён нешта некуды перадаў. Ніхто з Барысам ня перасякаўся, каб оптыку кудысьці перадаваць», — распавядае «Настоящему времени» валянтэр Сяргей Уласенка, які сустракаўся з падазраваным па працы.
Барыс Герман — сын бізнэсоўца зь 90-х Лява Германа, уладальніка гандлёвай нерухомасьці ва Ўкраіне. Журналісты датэлефанаваліся да Міхаіла Бродзкага, які зьвязаны бізнэсам зь сям’ёй Германаў.
«Ён вялікае дзіця, Бора. Я да яго заўсёды ставіўся на адлегласьці выцягнутай рукі, ацэньваючы яго дзеяньні па жыцьці дастаткова неадэкватна. Я яго ў жыцьці бачыў разоў пяць. Ведаю, што ён 10-працэнтны акцыянэр у заводзе „Шмайсэр“. Гэта гучнае слова — „завод“. Наколькі я ведаю, гэта цэх нейкі», — сказаў Бродзкі.
Хто такі Піваварнік
У судзе Барыс Герман назваў імя чалавека, які да яго нібыта зьвярнуўся з расейскага боку. Ён сказаў, што гэта супрацоўнік «прыватнага фонду Пуціна» Вячаслаў Піваварнік, паведамляе «Громадське». Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заявіў, што такога фонду не існуе.
Журналісты «Настоящего времени» ўстанавілі шэраг кіеўскіх фірмаў, у якіх Піваварнік значыцца ўладальнікам або суўладальнікам, у тым ліку і сумесна з Барысам Германам. Яны праверылі некалькі зарэгістраваных адрасоў і нумароў тэлефона, але па іх гэтых фірмаў не аказалася.
Паводле інфармацыі The Bell, адна з кампаніяў, зь якой зьвязаны Вячаслаў Піваварнік — «Рускон Украіна». Гэта ўкраінская філія кампаніі «Рускон». Паводле дадзеных сыстэмы «СПАРК-Інтэрфакс», Піваварнік быў генэральным дырэктарам кампаніі ад 2012 па 2016 год.
Праўда, прадстаўнікі расейскага «Рускону» пракамэнтавалі The Bell, што кампанія ў 2012-2013 гадах вяла перамовы аб стварэньні СП ва Ўкраіне, але «у сувязі з эканамічнай немэтазгоднасьцю» яно так і не было створана і «ніякіх юрыдычных дзеяньняў у гэтай сувязі ажыцьцёўлена не было».