Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Італіі новы прэм’ер-міністар, які выступае за перагляд мігранцкай палітыкі

Прэзыдэнт Італіі Сэрджа Матарэля (зьлева) і Джузэпэ Контэ на цырымоніі прыняцьця прысягі 1 чэрвеня 2018
Прэзыдэнт Італіі Сэрджа Матарэля (зьлева) і Джузэпэ Контэ на цырымоніі прыняцьця прысягі 1 чэрвеня 2018

Юрыст Джузэпэ Контэ ўзначаліў урад Італіі. Сёньня ён прыняў прысягу. Раней Контэ прадставіў прэзыдэнту склад будучага італьянскага ўраду. На наступным тыдні новы кабінэт міністраў павінен будзе атрымаць вотум даверу ў абедзьвюх палатах нацыянальнага парлямэнту.

На пасаду прэм’ер-міністра Контэ вылучылі дзьве папулісцкія партыі — «Рух пяці зорак» і «Ліга».

Агенцтва Reuters удакладняе, што новы кіраўнік ураду Італіі паабяцаў займацца скарачэньнем падаткаў, павялічыць выдаткі на сацыяльнае забесьпячэньне, а таксама настойваць на пераглядзе правілаў Эўразьвязу ў дачыненьні да мігрантаў.

Урад Італіі не маглі сфармаваць больш за два месяцы. Парламенцкія выбары, якія прайшлі 4 сакавіка, ня выявілі яўнага пераможцы. Зь невялікай перавагай перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя Сільвіё Бэрлюсконі. У яе ўваходзіць праварадыкальная «Ліга», якая прапаноўвала скасаваць санкцыі супраць Расеі. Партыя эўраскептыкаў «Рух пяці зорак» заручылася падтрымкай амаль траціны выбаршчыкаў.

Джузэпэ Контэ нарадзіўся ў Італіі ў 1964 годзе. На выдатна скончыў юрыдычны факультэт Рымскага ўнівэрсытэту. Стажыраваўся ў Ельскім унівэрсытэце, у Нью-Ёрскім унівэрсытэце, у Сарбоне, у Гіртанском каледжы ў Кэмбрыджы. Выкладаў прыватнае і камэрцыйнае права ва ўнівэрсытэтах ў Рыме. Ад 2013 па 2018 год уваходзіў у Раду па прававых пытаньнях пры прэзыдэнце Італіі. Член Рымскай асацыяцыі адвакатаў.


У Італіі пераадолелі палітычны крызіс: прэзыдэнт даў згоду на фармаваньне ўраду

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG