Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваны ў арганізацыі замаху на Бабчанку заявіў, што супрацоўнічаў з контравыведкай Украіны


Барыс Герман
Барыс Герман

На судовым паседжаньні ён сказаў, што сапраўды кантактаваў з прадстаўніком прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, але рабіў гэта, працуючы на контравыведку Ўкраіны.

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева вырашаў, ці браць пад варту Барыса Германа, якога сьледзтва называе арганізатарам замаху на расейскага журналіста Аркадзя Бабчанку.

«Наша контравыведка ня мае кантакту з СБУ, бо замест таго, каб абараняць дзяржаву, перацягваюць коўдру на сябе. Ніхто не хацеў ніякай сьмерці ніякіх журналістаў, і дзякуй Богу, што гэтая інфарацыя трапіла да нас», — заявіў на судовым паседжаньні Барыс Герман.

Прадстаўнік абвінавачаньня заявіў, што на ўчорашнім допыце Герман нічога не казаў пра супрацоўніцтва з контравыведкай.


Пад час абмеркаваньня хадайніцтва абвінавачаньня аб арышце, Барыс Герман паведаміў, што супрацоўнічаў з контравыведкай Украіны, а інфармацыю аб падрыхтоўцы замаху на Аркадзя Бабчанку паведаміў куратару на імя Дзьмітры.

«Я супрацоўнічаю з контравыведкай Украіны ў пытаньнях выяўленьня на тэрыторыі Ўкраіны дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі, накіраваных на зьмену ўладу. Працую ўжо каля паўгода», — заявіў падазраваны Барыс Герман.

Паводле Барыса Германа, да яго зьвярнуўся «даўні знаёмы» Вячаслаў Піваварнік, грамадзянін Украіны, які працуе ў «фондзе Пуціна і адказвае за арганізацыю беспарадкаў ва Ўкраіне».

Барыс Герман пацьвердзіў, што для замаху быў адмыслова абраны калішні ўдзельнік антытэрарыстычнай апэрацыі Аляксей Цымбалюк, вядомы сваёй патрыятычнай пазыцыяй.

«Цымбалюк быў абраны для гэтай місіі контрвыведкай, бо ён вядомы па сваёй дзейнасьці ў АТА, і ён ніколі ня будзе забіваць чалавека, асабліва бяззбройнага. Калі ён абіраўся на гэтую ролю, усе цудоўна ведалі, што адразу пабяжыць у СБУ і будзе распавядаць, таму што іх на фронце ўжо гэтаму навучылі. Таму мы дакладна ведалі, што будзе інсцэніроўка, гэта ўсё было вядома. Але для таго, каб узяць інфармацыю з расейскай крыніцы, нам трэба было паказаць імітацыю працы. Пасьля гэтага мы атрымалі сьпіс з 30 чалавек, якіх яны хацелі зьнішчыць ва Ўкраіне, які я тэрмінова перадаў у контарвыведку. Гэта не агучвалася таму, што ёсьць вялікая колькасьць кратоў», — сказаў Герман.

Увечары 29 траўня зьявіліся паведамленьні, што ў Аркадзя Бабчанку стралялі на парозе ягонай кватэры ў Кіеве. Пазьней паліцыя заявіла, што Бабчанка памёр у карэце хуткай дапамогі.

30 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што Бабачанка жывы, а замах на забойства быў інсцэніроўкай, каб затрымаць арганізатара. Паводле СБУ, забойства Бабчанкі замовілі расейскія спэцслужбы.

Барыс Герман — выканаўчы дырэктар украінска-нямецкага супольнага прадпрыемства «Шмайсер», недзяржаўнага прадпрыемства па вытворчасьці зброі ва Ўкраіне. «Яно мае даўнія вытворчыя адносіны зь Міністэрствам абароны Ўкраіны, сам Барыс вядомы сваёй валянтэрскай дзейнасьцю для патрэб АТА», — напісаў адвакат Германа Яўген Саладко на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG