Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Фядута напісаў кнігу пра лёсы паплечнікаў Адама Міцкевіча


Аляксандар Фядута з новай кнігай

«Сьляды на сьнезе» Аляксандра Фядуты — гэта нібы шпіёнскі, бульварны, палітычны раманы і гусарская баляда пад адной вокладкай.

Кніга Фядуты пра лёсы людзей з атачэньня Адама Міцкевіча зьявілася дзякуючы падтрымцы амбасады Літвы ў Беларусі — другі год запар дасьледнік можа дазволіць сабе працаваць у архівах і бібліятэках Літвы, Расеі, Польшчы, зьбіраць матэрыялы, вывучаць дакумэнты.

Гэта ўжо дзявятае навуковае дасьледаваньне літаратуразнаўцы, доктара філялёгіі Аляксандра Фядуты. Праект называецца «Францішак Малеўскі — захавальнік памяці трох народаў».

Францішак Малеўскі — сын рэктара Віленскага ўнівэрсытэту, публіцыст, мэмуарыст, дырэктар Літоўскай мэтрыкі. Ён быў чальцом Таварыства філяматаў, сябрам, а пасьля і сваяком Адама Міцкевіча, сябрам Аляксандра Пушкіна.

Амбасадар Літвы Пулокас: «Малецкі, Міцкевіч — асобы, на якіх трымаецца наша агульная культура»

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі Андрус Пулокас на прэзэнтацыі кнігі прызнаўся: працуючы ў Беларусі, яму заўсёды хацелася знайсьці штосьці новае пра агульных гістарычных дзеячоў, якія зьвязваюць народы Літвы, Беларусі, Польшчы.

Амбасадар Літвы Андрус Пулокас
Амбасадар Літвы Андрус Пулокас

«Менавіта зьвязваюць. Мы заўсёды падтрымліваем праекты, накіраваныя на стварэньне. І знаходзім энтузіястаў. А Аляксандар гэтым жыве, шчыра цікавіцца, сур’ёзна вывучае, глыбока дасьледуе. Малецкі, Міцкевіч — тыя асобы, на якіх трымаецца наша агульная культура. Гэта тэма вечная. Здавалася, яна досыць вывучаная, і што можна яшчэ знайсьці? Аляксандар даказаў, што можна. Трэба толькі пакапацца ў архіўных дакумэнтах, умець заўважыць тое, што яшчэ не было заўважана. Аляксандру гэта ўдалося.

І ня трэба нікога дзяліць — гэта наша агульная спадчына. І добра, што такія кнігі зьяўляюцца», — сказаў Андрус Пулокас.

На прэзэнтацыю кнігі прыехалі літоўскія госьці — Павал Лаўрынец зь Віленскага ўнівэрсытэту і Надзея Марозава з Інстытуту літоўскай мовы. Выступілі таксама літаратуразнаўца Ірына Багдановіч, загадчык аддзелу Нацыянальнага архіву Беларусі Зьміцер Мацьвейчык.

Зьлева направа: Надзея Марозава, Павал Лаўрынец, Ірына Багдановіч, Аляксандар Фядута, Зьміцер Мацьвейчык
Зьлева направа: Надзея Марозава, Павал Лаўрынец, Ірына Багдановіч, Аляксандар Фядута, Зьміцер Мацьвейчык

Пяць сюжэтаў з новай кнігі Аляксандр Фядуты, на якія варта зьвярнуць увагу

Новая кніга Аляксандра Фядуты «Сьляды на сьнезе» — зборнік артыкулаў і архіўных дакумэнтаў, некаторыя зь якіх чытаюцца, як мастацкія творы.

Сюжэт 1. Шпіёнскі раман

Філямат Тамаш Зан, які знаходзіўся ў ссылцы ў Арэнбургу, зьвярнуўся да імпэратара з просьбай аб вызваленьні. За яго мог паручыцца і арэнбурскі генэрал-губэрнатар Павел Сухтэлен. Але Сухтэлен прапанаваў ня толькі вызваліць Зана, але і накіраваць яго ў падарожжа ў Цэнтральную Азію (Хіву, Бухару) у якасьці ўрадавага агента, гэта значыць шпіёна. Якім быў бы Зан у ролі шпега, невядома, але імпэратар распарадзіўся ў выведку яго не пускаць.

Наведнікі прэзэнтацыі
Наведнікі прэзэнтацыі

Сюжэт 2. Гусарская баляда

Ева Фялінская, удзельніца кансьпіратыўнай сеткі Сымона Канарскага, расстралянага ў Вільні, таксама была асуджаная на сьмяротнае пакараньне. Але па просьбе імпэратрыцы як памілавалі як шматдзетную маці (у яе было 10 дзяцей, зь іх чацьвёра памерлі ў раньнім узросьце) і сасланая ў Сыбір. Па дарозе са ссылкі Ева спынілася ў Пермі, дзе быў маёнтак знакамітай Надзеі Дуравой — удзельніцы Айчыннай вайны 1812 году. Дуравай у Пермі не было, але Фялінская расказала ў сваіх нататках пра яе лёс і выказала сваё стаўленьне да Дуравай — шчыра скажам, нэгатыўнае. Фялінская не разумела, як жанчына можа кінуць сына і адправіцца ваяваць. Сама яна была шчасьлівай і клапатлівай маці — старэйшы зь яе сыноў, Зыгмунт Шчэнсны Фялінскі, быў архібіскупам Варшавы і нядаўна кананізаваны Каталіцкай царквой як сьвяты.

Сюжэт 3. Палітычны раман

Пасьля пачатку паўстаньня 1830 году імпэратар Мікалай I ўзгадаў, што ў ягонай канцылярыі — у 2-м аддзяленьні, якое займаецца заканадаўствам, — служыць выпускнік Віленскага ўнівэрсытэту, ссыльны філямат, вучань паўстанца Яўхіма Лялевеля Францішак Малеўскі. І даручыў яго дапытаць. Але дапытваць трэба было так, каб не зьняславіць чыноўніка, калі ён быў ляяльным. Таму дапытваў Малеўскага ягоны галоўны начальнік — Міхаіл Сьперанскі. Парадокс лёсу заключаўся ў тым, што сам Сьперанскі крыху больш за 15 гадоў таму сам быў сасланы і дапытваў практычна самога сябе — толькі маладога і поўнага ідэалаў.

Аляксандар Фядута раздае аўтографы
Аляксандар Фядута раздае аўтографы

Сюжэт 4. Аповед з жыцьця дыпляматаў

Вядомы ў будучыні пісьменьнік граф Генрык Жавуцкі (аўтар перакладзенай на беларускую мову кнігі «Ўспаміны Сапліцы») быў накіраваны на службу ў Мюнхенскую місію — пасольства Расейскай Імпэрыі пры двары караля Баварыі. Калі амбасадару зь Пецярбургу прыйшло паведамленьне аб прысваеньні графу чарговага чыну, той адказаў: «Я б з радасьцю павіншаваў графа Жавуцкага, але за тры гады ён ні разу не зьявіўся на месцы службы».

А вось расейскі паэт Фёдар Цютчаў, які служыў у тым жа пасольстве, быў выдатным чыноўнікам і даслужыўся да пасады старшыні Камітэту цэнзуры замежнай.

Сюжэт 5. Бульварны раман

Лёс Сямёна Малеўскага, пляменьніка Адама Міцкевіча, мог бы апісаць Дастаеўскі. Студэнтам Малеўскі спрабаваў далучыцца да паўстанцаў 1864 году, але гэтаму перашкодзіў бацька. Тады Сямён Францавіч зрабіў кар’еру чыгуначнага інжынэра і даслужыўся да пасады дырэктара буйнога пецярбургскага заводу.

Вось толькі ў каханьні яму не пашанцавала. Калі ён вырашыў расстацца з палюбоўніцай, тая ўгаварыла яго на апошнюю ноч блізкасьці, пасьля чаго застрэліла зь ягонага ўласнага пісталета. А прысяжныя... апраўдалі яе!

Дастаеўскі ведаў пра гэта і быў страшна абураны апраўдальным прысудам: злачынства патрабуе пакараньня, а тут злачынства ў наяўнасьці! Аднак з прысяжнымі не паспрачаесься.

Для прысутных на прэзэнтацыі прасьпяваў Зьміцер Вайцюшкевіч
Для прысутных на прэзэнтацыі прасьпяваў Зьміцер Вайцюшкевіч

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG