Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Ірану


Міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын
Міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын

Адміністрацыя Трампа ўвяла новыя санкцыі ў дачыненьні да трох іранскіх арганізацый і шасьці грамадзян Ірану, якія, паводле зьвестак амэрыканскага боку, учынілі сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека, дзейнічаючы ад імя ўладаў Тэгерану, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Пад санкцыі трапілі тры арганізацыі: праўладная група «Ансар-э Хезбала», турма «Эвін» у Тэгеране і кампанія распрацоўнікаў мабільных праграмаў Hanista Programming Group, якую падтрымлівае ўрад краіны. Упраўленьне кантролю за замежнымі актывамі Мінфіну ЗША таксама ўвёло санкцыі супраць трох лідэраў «Ансар-э Хезбала», двух урадавых чыноўнікаў, адказных за цэнзуру, і дырэктара іранскага дзяржаўнага вяшчаньня IRIB.

У заяве амэрыканскага боку прыводзяцца словы міністра фінансаў ЗША — Стывэна Мнучына. Ён адзначае, што ўлады Ірану «марнатравяць» нацыянальныя рэсурсы, якія належаць іранскаму народу, і выкарыстоўваюць іх для задушэньня свабоды слова і фінансаваньня «масіўнага і дарагога цэнзурнага апарату».

«З тымі, хто выступае супраць безгаспадарчасьці і карупцыі рэжыму, жорстка абыходзяцца ў іранскіх турмах, — гаворыцца ў заяве Мнучына. — Амэрыка стаіць разам з народам Ірану, а Міністэрства фінансаў робіць захады, каб прымусіць іранскі рэжым несьці адказнасьць за працяг парушэньня правоў чалавека, цэнзуру і іншыя ганебныя дзеяньні, якія Іран робіць супраць уласных грамадзян».

Выступаючы 21 траўня, дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што адміністрацыя Трампа плянуе ўвесьці ў дачыненьні Ірану «самыя магутныя санкцыі ў гісторыі», калі Тэгеран ня прыме 12 патрабаваньняў Вашынгтону, накіраваных на ліквідацыю іранскай ваеннай ядзернай праграмы і на спыненьне агрэсіўнай рэгіянальнай палітыкі, заснаванай на імкненьні да да сусветнага панаваньня.

Тэгеран, у сваю чаргу, адмаўляе распрацоўку ядзернай зброі. Вярхоўны лідэр Ірана аятала Алі Хамэнэі высьмеяў амэрыканскую палітыку эканамічнага і палітычнага ціску на Іран як асуджаную на няўдачу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG