Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачка Вежнавец: У мяне звычайны густ з выразнай цягай да цудоўнага


Эва Вежнавец (Сьвятлана Курс)
Эва Вежнавец (Сьвятлана Курс)

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьніца і журналістка Эва Вежнавец (Сьвятлана Курс).

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Цяпер я чытаю кнігу польскай дасьледчыцы Марыі Янян (Maria Janion) «Надзвычайная славяншчына». Прымітывізуючы, я шукаю ў кнізе адказу, чаму наш сьвет менш пасьпяховы за заходні, менш схільны да дэфініяваньня, законнасьці, жыцьця па правілах. Пакуль кніга перавышае мае інтэлектуальныя магчымасьці, я расту на ёй, здаецца.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Апошняй выбітнай кнігай на гэты час зьяўляецца пэнталёгія Форда Мэдакса Форда «Канец параду». Гэта мала вядомы ў нас пісьменьнік з кола Чэстэртана, тварыў у пачатку дваццатага стагодзьдзя. Прыцягнуў мяне ідэяй мець кодэкс гонару ў зьменным і здрадлівым сьвеце. Ня тое, каб я яго мела, той кодэкс, але хацела б мець, мабыць. Гэта ўзьдзейнічае супакаяльна.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

На маё рашэньне прачытаць кнігу ўплывае імпульс або адкрыцьцё. Калі я бачу цікавае выказваньне аўтара, чыйсьці значны і прыгожы твар, выбітны факт біяграфіі, прыўкрасную вокладку або якасны шрыфт, я адкрываю кнігу і чытаю любыя пяць абзацаў. Калі абзацы ўдалыя, чытаю кнігу. Калі даведваюся, што аўтар пэдафіл, кнігу чытаць ня буду, нават калі ён бог пісьма.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Самая цікавая рэч, якую я даведалася з кнігі — гэта тое, што прыродны, нявысаджаны лес зьяўляецца супольнасьцю індывідуумаў, народам, мае мову, сыстэму знакаў і нават агульную сыстэму лячэньня, напрыклад, ад паразытаў. І нават салідарнасьць і СМІ.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

М’юрыэл Спарк, «Дзяўчаты са сьціплымі сродкамі».

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Трэба сказаць, што 90% таго, што я чытаю — ангельская літаратура. Мне гэта найбольш пасуе. Люблю абсурдны гумар і цёмныя глыбіні, што хаваюцца пад ім. Гэта, безумоўна, самаабмежаваньне, яно пасуе ня ўсім.

«Я ня бачу пазытыву ў калгасе»

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Том Шарп, «Уілт Непрадказальны». А таксама аповеды з цыклу «Бландынгскі замак» Пэлема Грэнвіла Вудхаўза.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Я стараюся не чытаць кніг, якія мяне давядуць да сьлёз. У жыцьці хапае трагедый і болю, і наперадзе нас усіх чакаюць страты.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Кнігі, якія мяне злуюць ці расчароўваюць, я імгненна і наўмысна забываюся, каб не захоўваць рознае сьмецьце на гарышчы. Тое гарышча ў мяне і так поўнае лухты, якой забівалі мне голаў у школе — трэцяраднымі расейскімі савецкімі тэкстамі.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Мяне зусім не цікавяць палітычныя і шпіёнскія гісторыі, вайсковая мэмуарыстыка, навуковая і ня вельмі навуковая фантастыка, эпічныя паэмы.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Я чытаю ўсюды і зь любых носьбітаў, нават калі іду кудысьці. Паралельна некалькі кніг у любы час.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Самыя прыгожыя кнігі — Тувэ Янсан, Анджэй Стасюк, зборы пра расьліны і птушак, казкі з ілюстрацыямі Ўладзіслава Ерка, буквар Анатоля Клышкі стаяць на паліцы тварам да маёй канапы. Я прачынаюся і бачу адразу іх і партрэты блізкіх. Гэта надае сэнс уставаньню з пасьцелі. А то б і ўставаць не было б нагоды.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Бадай, ніякія. У мяне стойкі, звычайны, кансэрватыўны густ з выразнай цягай да цудоўнага.

Беражы сваю пячонку!

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

«Інтрадукцыю ружаў», якую мне раптам падарыў малазнаёмы аднакурсьнік, чыё імя я забыла.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Мая любімая гераіня — Джэйн Марпл. Мой любімы герой — Філіп Марлаў.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Зборнік «Ад вясны да вясны» ў ярка-сіняй вокладцы зь лісточкамі. Гэта самая важная кніга майго дзяцінства, а можа, і жыцьця. Шукаю яе многія гады. Безвынікова. Чытала я ў дзяцінстве так шмат, што гэта стала праблемай для маёй сям’і.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Я не падышла б да прэзыдэнта Беларусі без канвою і прымусу.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Оскара Ўайлда, Агату Крысьці. Але мушу падцягнуць гутарковую ангельскую і ўласныя манеры. Уладзімера Караткевіча — на шпацыр.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Нікога. У маім жыцьці нічога ня дзеецца, апрача самога жыцьця.

Што вы перачытваеце?

Агату Крысьці, Тувэ Янсан, Анджэя Стасюка, Вудхаўза, Чэхава, Мележа. Шмат каго. Арганізм сам просіць, каго хоча.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Я пляную сябе зьдзівіць. У сувязі з чым шару па інтэрнэце ды букіністыках і шукаю нечаканых сувязяў паміж людзьмі, кнігамі ды ідэямі.

Літанкета Свабоды: Сьвятлана Курс

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG