Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Лаўрова: ці застаецца за Менскам права «першай шлюбнай ночы»


Аляксандар Лукашэнка і міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў на сустрэчы ў Менску 29 траўня

Візыт у Менск міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова цікавы некалькімі абставінамі.

Найперш варта адзначыць, што ў беларуска-расейскіх узаемаадносінах роля МЗС абедзьвюх краін мінімальная. Супрацоўніцтва больш адбываецца на ўзроўні іншых структур. Актыўна камунікуюць віцэ-прэм’еры, адказныя за энэргетыку, сельскую гаспадарку. Мусіць, нават прэзыдэнты, прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі сустракаюцца часьцей, чым міністры замежных спраў.

Лаўроў: Русафобская меншасьць Захаду злоўжывае прынцыпамі салідарнасьці і кансэнсусу

Зь іншага боку, трэба заўважыць, што менавіта ў пытаньнях замежнай палітыкі Беларусь найбольш дыстанцыявалася ад Расеі. У асноўным Менск не падтрымаў Маскву ў яе канфлікце з Украінай, Захадам. Зразумела, гэта ня можа не выклікаць незадаволенасьці Крамля.

Праблема першага візыту

У беларуска-расейскіх адносінах вялікую важнасьць маюць сымбалічныя пытаньні. У міжнароднай палітыцы існуе традыцыя: першы замежны візыт новы кіраўнік дзяржавы або ўраду, міністар замежных спраў робіць у тую краіну, якая зьяўляецца найбольш важным партнэрам. Гэта дэманстрацыя зьнешнепалітычнага прыярытэту. Дарэчы, за гэтым уважліва сочаць экспэрты, СМІ, з гэтага робяць далёкасяжныя высновы.

Дык вось з канца 1990-х гадоў, з моманту ўтварэньня Саюзнай дзяржавы, склалася традыцыя, што кіраўнікі дзяржаў, урадаў і МЗС Беларусі і Расеі свае першыя візыты імкнуцца рабіць у краіну-саюзьніцу. Беларускія палітыкі найперш прыяжджалі ў Маскву, а расейскія, адпаведна, — у Менск.

Сам факт гэтага візыту важнейшы за зьмест перамоваў.

Уладзімір Пуцін пасьля сваёй інаўгурацыі ўказ аб прызначэньні новага ўраду падпісаў 18 траўня. Выходзіць, што свой першы замежны візыт у новай якасьці Сяргей Лаўроў зрабіў у Менск. Няважна, што міністар ня новы. Галоўнае тут — сымбалічнасьць. То бок сам факт гэтага візыту важнейшы за зьмест перамоваў.

Цяпер перад беларускім кіраўніцтвам стаіць іншая задача. Аляксандар Лукашэнка вельмі хацеў бы, каб, як звычайна, першы замежны візыт Уладзіміра Пуціна пасьля ягонай інаўгурацыі быў менавіта ў Менск. Выкажу здагадку, што якраз гэтае пытаньне было галоўным падчас нядаўняй сустрэчы двух лідэраў у Сочы.

І такі візыт анансаваны. Вядома, што чарговае пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі заплянавана правесьці ў Менску. Гэта будзе ў трэцяй дэкадзе чэрвеня.

Аднак тут узьнікае адно пытаньне: ці будзе гэта першы замежны візыт Уладзіміра Пуціна пасьля інаўгурацыі? Ужо вядома, што прэзыдэнт Расеі наведае Кітай з 6 па 10 чэрвеня. У кітайскім горадзе Ціндао адбудзецца саміт Рады кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

І, значыць, прыезд Пуціна ў Менск будзе ня першым ягоным замежным візытам. З пункту гледжаньня ўнутранай аўдыторыі гэтая праблема вырашальная. Беларускія тэлеканалы папулярна растлумачаць сваім гледачам, што паездкі на саміт ня лічацца візытамі, а права «першай шлюбнай ночы» ўсё роўна застаецца за Менскам. А вось зьнешнія назіральнікі могуць ацаніць гэта па-іншаму.

Не ўдалося падпісаць пагадненьне аб узаемным прызнаньні візаў

Але вернемся да візыту Сяргея Лаўрова. Зьвернем увагу на адзін нюанс. Бакам не ўдалося дамовіцца па візавым пытаньні. Справа ў тым, што Расея імкнецца прымусіць Беларусь да ўвядзеньня так званай «саюзнай візы», адзінай візавай прасторы дзьвюх дзяржаў. Яшчэ ў сакавіку 2015 году з такой прапановай выступіў Уладзімір Пуцін. Праз паўгода гэтую ідэю прадубляваў расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў.

З улікам рознай удзельнай вагі дзьвюх дзяржаў увядзеньне саюзнай візы стане дэ-факта абмежаваньнем беларускай незалежнасьці.

А Менск усяляк супраціўляецца. Бо візавая палітыка — гэта элемэнт дзяржаўнага сувэрэнітэту. З улікам рознай удзельнай вагі дзьвюх дзяржаў увядзеньне саюзнай візы стане дэ-факта абмежаваньнем беларускай незалежнасьці. Ужо сёньня наяўнасьць агульных з Расеяй «чорных сьпісаў» непажаданых замежнікаў для ўезду на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы абарочваецца рэгулярнымі скандаламі з украінскімі журналістамі, грамадзкімі дзеячамі, якія прыяжджаюць у Беларусь. А з увядзеньнем адзінай візы Менск будзе ўцягнуты ў шматлікія канфлікты Расеі з Эўразьвязам, ЗША.

Таму цяпер гаворка ідзе толькі аб падпісаньні пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў. У лістападзе 2017 году міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей пасьля візыту ў расейскую сталіцу заявіў, што Менск і Масква разьлічваюць падпісаць яго да канца 2017 году. Але не зраслося. На нарадзе ў Лукашэнкі 11 студзеня сёлета быў прызначаны новы тэрмін: першы квартал 2018 году. Хутка скончыцца другі квартал, а пагадненьня няма.

Таму падчас візыту Лаўрова замест пагадненьня аб узаемным прызнаньні візаў падпісваецца іншы часовы дакумэнт: аб некаторых пытаньнях, зьвязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы. На сумеснай прэсавай канфэрэнцыі Макей патлумачыў сэнс гэтага пагадненьня: «Перад чэмпіянатам сьвету па футболе Беларусь дазволіць бязьвізавы ўезд праз сваю тэрыторыю заўзятарам на тэрыторыю Расеі з 4 па 25 ліпеня. А расейскі бок у наступным годзе дазволіць бязьвізавы ўезд для балельшчыкаў, якія прыедуць на Эўрапейскія гульні ў Беларусь».

Хутчэй за ўсё, падчас перамоваў абмяркоўвалася пытаньне аб новым расейскім амбасадару ў Беларусі Цяперашні пасол Расеі Аляксандар Сурыкаў займае сваю пасаду з 2006 году. Звычайна амбасадары так доўга не працуюць. Наўрад ці беларускі бок задаволіць кандыдатура былога міністра сельскай гаспадаркі Аляксандра Ткачова, якога, паводле СМІ, нібыта «сватаюць» на гэтую пасаду. Бо зь ім былі зьвязаныя шматлікія скандалы, калі Расея абмяжоўвала пастаўкі беларускай прадукцыі ў Расею.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG