Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дактары расказалі, як уратавалі атручаных Скрыпалёў, хоць ня верылі, што тыя выжывуць


Супрацоўнікі вайсковай паліцыі на месцы, дзе знайшлі атручаным Сяргея Скрыпаля.
Супрацоўнікі вайсковай паліцыі на месцы, дзе знайшлі атручаным Сяргея Скрыпаля.

Супрацоўнікі шпіталя ў Солсбэры, якім удалося выратаваць экс-супрацоўніка ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію, упершыню падзяліліся ўспамінамі пра тое, як яны даведаліся, што іх пацыенты сталі ахвярамі нападу з ужываньнем нэрвова-паралітычнага атрутнага рэчыва.

ВВС паразмаўляла зь некалькімі супрацоўнікамі шпіталя, якія падзяліліся сваімі ўспамінамі пра незвычайных пацыентаў.

Першыя вэрсіі дактароў — перадазаваньне апіёідамі і незразумелая эпідэмія

Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку знайшлі ў Солсбэры 4 сакавіка на лаўцы ў напаўпрытомным стане, аднак спачатку мэдыкі акруговага шпіталя, куды даставілі пацярпелых, не маглі зразумець, што менавіта зь імі адбылося.

Спачатку лекары западозрылі, што ў пацярпелых перадазаваньне апіёідамі.

Паводле старшай мэдсястры шпіталя Лоры Уілкінсан, калі неўзабаве з аналягічнымі сымптомамі быў шпіталізаваны і паліцыянт Нік Бэйлі, які знайшоў Скрыпалёў, мэдыкі сталі сур’ёзна перажываць, што гэта можа ператварыцца «ў вельмі вялікую гісторыю».

«Мы задавалі сабе пытаньне: а ці ня можа быць так, што нашы двое пацыентаў зь незразумелым дыягназам — гэта толькі пачатак нейкай эпідэміі, якая можа стаць усёпаглынальнай, з масай сьмяротных зыходаў? Таму што ў той момант мы сапраўды ня ведалі адказу».

Мэдсястра аддзяленьня, куды даставілі Скрыпалёў, Сара Кларк, дадала, што супрацоўнікі шпіталя баяліся, што самі заразяцца незразумелай інфэкцыяй, бо на той момант яны не прынялі ніякіх захадаў для ўласнай абароны.

Аднак калі паліцыянты зразумелі, што адзін з пацярпелых — былы двайны агент выведкі, пэрсаналу шпіталя паведамілі: ня выключана верагоднасьць таго, што іх пацыенты сталі ахвярамі сплянаванага нападу.

У шпіталі быў уведзены адмысловы рэжым, і ў аддзяленьня, куды перавялі Скрыпалёў, выставілі паліцэйскую ахову.

Ня верылі, што Скрыпалі выжывуць

Знак, які паказвае на шпіталь у Солсбэры, дзе знаходзіліся Скрыпалі
Знак, які паказвае на шпіталь у Солсбэры, дзе знаходзіліся Скрыпалі

​Калі ж лекарам стала зразумела, з чым яны маюць справу, яны зразумелі, што шанцы пацыентаў на ачуньваньне вельмі невялікія.

«Як толькі мы зразумелі, што гэта нэрвова-паралітычнае рэчыва, мы падумалі, што пацыенты ня выжывуць, — прыгадвае кансультант аддзяленьня інтэнсіўнай тэрапіі Стывэн Джукс. — Мы маглі выпрабаваць любыя віды лячэньня. Мы маглі забясьпечыць ім максымальны магчымы зыход. Але ўсё паказвала на тое, што выжыць ім ня ўдасца».

Абаіх Скрыпалям давалі сэдатыўныя прэпараты — ня толькі для таго, каб мець магчымасьць падключыць іх да апаратаў, якія падтрымліваюць жыцьцёвыя паказьнікі, але і каб абараніць ад пашкоджаньня мозг пацыентаў, што часта здараецца пры атручваньні нэрвова-паралітычнымі рэчывамі.

Пры далейшым лячэньні пэрсанал шпіталя атрымліваў каштоўныя парады ад міжнародных экспэртаў. Былі апрабаваныя і новыя падыходы да ўжо вядомых варыянтаў тэрапіі. Доктар Джукс сьцьвярджае, што хуткасьць акрыяньня Скрыпалёў стала для яго прыемным сюрпрызам, які ён, аднак, ня можа цалкам растлумачыць.

Несумненна, застаюцца пытаньні з нагоды стану здароўя Скрыпалёў у доўгатэрміновай пэрспэктыве.

«У нас ёсьць увесь сусьветны досьвед у лячэньні траіх пацыентаў ад атручваньня „Навічком“, і я думаю, можна сказаць, што мы па-ранейшаму вучымся», — кажа доктар Бланшард.

Юлія Скрыпаль была выпісаная са шпіталя 9 красавіка. Пра тое, што выпісаны яе бацька, паведамілі 18 траўня.

Брытанскія ўлады заяўляюць, што Скрыпалі былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», распрацаваным савецкімі навукоўцамі. Паводле зьвестак брытанскіх спэцслужбаў, яд быў выраблены на тэрыторыі Расеі. Масква гэтую інфармацыю адпрэчвае.

Замах на Скрыпалёў прывёў да крызісу ў стасунках паміж Захадам і Расеяй. Каля 30 краін абвясьцілі аб высылцы расейскіх дыпляматаў на знак салідарнасьці зь Вялікай Брытаніяй. Расея ў адказ пачала высылаць супрацоўнікаў заходніх дыпляматычных місій.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG