Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталіцкая царква: сьвятары і сэмінарысты атрымалі адтэрміноўку ад прызыву ў войска


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Інфармацыю аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы сэмінарыстаў і сьвятароў Свабодзе пацьвердзіў прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка Каталіцкай царквы, адтэрміноўку навучэнцам сэмінарыі далі да лютага наступнага году. Праўда, дакумэнтаў аб гэтым духавенства ня мае.

«Паперы ніякай афіцыйна не атрымалі. Хлопцам сказалі вусна, што адтэрміноўку атрымалі да лютага», — паведаміў ксёндз Юры Санько.

Старшыня сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы (Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату) протаярэй Сергій Лепін адказаў Свабодзе, што пакуль інфармацыя аб адтэрміноўцы да іх ня трапіла.

У траўні дзясяткі будучых і дзейных каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў па ўсёй Беларусі атрымалі позвы з ваенкаматаў. Першыя сэмінарысты і сьвятары мусілі накіравацца ў войска ўжо 28 траўня.

Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб адтэрміноўцы ад вайсковай службы. Ярархі Беларускай праваслаўнай царквы таксама зьвярнуліся па тлумачэньні ў Міністэрства абароны.

Сытуацыя, калі духавенства прызывалі служыць так масава, склалася ўпершыню. Для сэмінарыстаў і сьвятароў раней дзейнічала адтэрміноўка ад войска. Кіраўніцтва сэмінарый рыхтавала сьпісы навучэнцаў і перадавала іх у дзяржаўныя органы. Рашэньне аб адтэрміноўцы штогод прымаў кіраўнік дзяржавы, падпісваючы адмысловы указ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG