Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапейскі суд паступіў беспрэцэдэнтны пазоў


10 сем’яў зь пяці краінаў Эўразьвязу, а таксама Кеніі, Фіджы і швэдзкай моладзевай арганізацыі падалі ў суд на Эўрапарлямэнт і Раду Эўразьвязу празь зьмены клімату: яны заяўляюць, што ЭЗ недастаткова змагаецца з глябальным пацяпленьнем і тым самым парушае іх асноўныя правы на жыцьцё, здароўе і ўласнасьць.

Беспрэцэдэнтны пазоў грунтуе сваё абвінавачаньне на тым, што эўрапейскае заканадаўства наконт рэгуляваньня выкідаў у атмасфэру, недастатковае, а прынятыя ліміты па-ранейшаму дазваляюць выпускаць вялікую колькасьць парніковых газаў.

Праграма Эўразьвязу да 2030 году плянуе зьнізіць выкіды ў атмасфэру да 40% у параўнаньні з 1990, пазоўнікі патрабуюць падвысіць гэтыя лічбы на 50-60% і забясьпечыць такім чынам асноўныя правы ня толькі эўрапейскіх грамадзянаў, але і жыхароў іншых кантынэнтаў.

Сем’і выстаўляюць Эўразьвязу канкрэтныя прэтэнзіі: як менавіта яны пацярпелі ад глябальнага пацяпленьня.

Сям’я з Францыі на працягу апошніх 6 гадоў страціла 44% свайго ўраджаю, партугальскі скаржнік тры разы цярпеў ад лясных пажараў, пчаляр — таксама з Партугаліі — наракае, што пчолы ня ў стане дастаткова хутка прыстасавацца да кліматычных зьменаў і даюць менш мёду. Сям’я з Італіі — наадварот: заклапочаная недахопам сьнегу ў Альпах, уласьнікам гатэлю на высьпе ў Нямеччыне пагражае страта бізнэсу з-за ўздыму ўзроўню марской вады.

«Тое, што пазоў адрасаваны не канкрэтнай дзяржаве, а Эўразьвязу — прынцыпова, бо менавіта ЭЗ рэгулюе кліматычную палітыку членскіх земляў», — цытуе DW актывістаў экалягічных арганізацыяў. Эўразьвяз зьяўляецца трэцім, пасьля Кітаю і ЗША, вытворцам парніковых газаў.

Эўрапейскі суд зарэгістраваў пазоў 24 траўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG