Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астравецкі шлях у Заслаўі сабраў 15 чалавек

абноўлена

Беларуская АЭС у Астраўцы
Беларуская АЭС у Астраўцы

26 траўня ў Заслаўі пад Менскам прайшла акцыя «Астравецкі шлях» супраць будаўніцтва Беларускай АЭС.

Арганізатары: Беларуская партыя «Зялёныя», БХД, рух салідарнасьці «Разам».

Колькі чалавек сабралося?

15 чалавек, паведаміў Свабодзе намесьнік старшыні партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук.

Сярод іх палітыкі і актывісты дэмакратычных арганізацый зь Менску, жыхары Радашковічаў і Маладэчна.

Чаму на акцыі ў Заслаўі не было мясцовых жыхароў?

Прамоцыі «Астравецкага шляху» у Заслаўі сярод мясцовых жыхароў не было, сказаў Кучук. Арганізатары ня ведалі ці будзе дазвол на акцыю і вырашылі не заклікаць людзей на несанкцыяванае мерапрыемства, удзел у якім — адміністрацыйнае правапарушэньне. На наступных акцыях «Астравецкага шляху» арганізатары чакаюць убачыць больш мясцовых жыхароў.

Акцыю дазволілі?

Не. 10 траўня ў Заслаўскі гарвыканкам падалі заяўку на правядзеньне вулічнай акцыі супрацьатамнай тэматыкі. 18 траўня арганізатары атрымалі адказ, што рашэньне аб дазволе мусіць прымаць Менскі райвыканкам, які забараніў «фактычнае» правядзеньне вулічнай акцыі.

Навошта тады ехалі ў Заслаўе?

Пасьля забароны акцыі Менскім райвыканкамам арганізатары адмовіліся ад правядзеньня вулічнай акцыі. Арганізатары правялі экскурсію па горадзе, круглы стол і збор подпісаў супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Круглы стол падчас «Астравецкага шляху» у Заслаўі
Круглы стол падчас «Астравецкага шляху» у Заслаўі

У чым сутнасьць акцыі?

26 красавіка штогадовы Чарнобыльскі шлях памяці ахвяраў аварыі на ЧАЭС і яе наступстваў пачаў кампанію супраць будаўніцтва Беларускай АЭС «Астравецкі шлях».

Чарнобыльскі шлях — 2018, 26 красавіка
Чарнобыльскі шлях — 2018, 26 красавіка

Паводле слоў сустаршыні БХД Паўла Севярынца, штомесяц з красавіка па лістапад шлях зь Менску ў Астравец пракладуць супрацьатамныя акцыі:

  • 26 красавіка — Менск;
  • 26 траўня — Заслаўе;
  • 26 чэрвеня — Радашкавічы;
  • 26 ліпеня — Маладэчна;
  • 26 жніўня — Вялейка;
  • 26 верасьня — Смаргоні;
  • 26 кастрычніка — Ашмяна;
  • 26 лістапада — Астравец.

Беларускую АЭС будуюць за 53 км ад Вільні. Астравецкая пляцоўка для будоўлі Беларускай АЭС была прапанаваная ў адказ на ідэю разьмясьціць могільнікі Ігналінскай АЭС у Літве побач зь беларускай мяжой.

Ігналінская АЭС: Ядзерныя адкіды назаўсёды застануцца на літоўска-беларускай мяжы

Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, плянаваўся ў 2018), другога — на 2020 год.

Указ «Аб збудаваньні Беларускай атамнай электрастанцыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будаўніцтва пачалося значна раней, калі не было яшчэ і праектнай дакумэнтацыі.

Беларуская АЭС узводзіцца на крэдыт, выдзелены Расеяй. На думку экспэртаў, яе кошт — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што акупіцца яна прыкладна за 20 гадоў.

Чыноўнік з Горадні раскрыў сакрэтны дакумэнт, датычны БелАЭС. Яго судзяць

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG