Жыхары Ірляндыі 25 траўня галасуюць на рэфэрэндуме па легалізацыю абортаў. Вакол галасаваньня разьвязаліся дзьве бітвы: адна тычыцца сутнасьці рэфэрэндуму, другая — яго формы.
Упершыню тэхна-гігант Google забараняе палітычную рэкляму на спрэчную тэму, ды яшчэ і напярэдадні галасаваньня. Актывістам у пагоні за галасамі даводзіцца пасьпешліва пераглядаць агітацыйныя кампаніі.
Агітацыя офлайн
Палітычная рэкляма ў эфіры ірляндзкага тэлебачаньня пад забаронай. Мясцовыя вядучыя і журналісты рупліва абыходзяць вострыя моманты, абмяркоўваючы аборты. Адзіны шанец для актывістаў дагрукацца да гледача – узяць слова ў ток-шоў або трапіць у інфармацыйны сюжэт.
Вулічная барацьба за галасы ідзе значна больш актыўна. У буйных гарадах слупы абвешаныя плякатамі.
Агітацыя ў сетках
Тыя ж аргумэнты, але на падвышаных танах, гучаць і ў інтэрнэце.
- «Нельга забараняць аборты. Можна забараніць толькі бясьпечныя і даступныя аборты» (@suziegeewizz).
- «Нельга забіваць дзіця толькі таму, што вам нязручнае яго існаваньне» (@mcgrory_ellen).
Апошнія паўгода ірляндзкія журналісты ўважліва сочаць за інтэрнэтам: за трэндамі, фэйкамі і маніпуляцыямі, здольнымі паўплываць на вынікі рэфэрэндуму.
Асаблівая ўвага да таргетаванай або «нацэленай» рэклямы ў сацыяльных сетках. Маючы інфармацыю пра карыстальніка (узрост, пол, захапленьні і перакананьні), яна нацэльваецца на яго балявыя кропкі. Успамінаючы пра скандал з Cambridge Analytica, ірляндзкія актывісты заклікалі ўвесьці абмежаваньні на падобную рэкляму.
- «Facebook заявіў, што больш не прымае рэкляму, зьвязаную з рэфэрэндумам, ад заказчыкаў па-за Ірландый. Google пайшой яшчэ далей» (The Irish Times, Ірландыя).
- «Калі Facebook забараніў толькі рэклямныя аб'явы з замежнымі заказчыкамі, то Google – абсалютна ўсё» (RTÉ, Ірляндыя).
Вельмі скупое тлумачэньне выклікала ў СМІ мора пытаньняў. І ня толькі ў самой Ірляндыі. Чаму амэрыканскія тэхна-гіганты прынялі такое рашэньне ўсяго за два з паловай тыдні да галасаваньня, а не раней? Як гэта паўплывае на агітацыйныя кампаніі і вынік рэфэрэндуму? Хто наогул прымаў рашэньне і аддаваў загад? Ці не лічыць дзеяньні карпарацыяў умяшаньнем ва ўнутраную палітыку сувэрэннай дзяржавы?