Дзярждэпартамэнт заклікае Расею спыніць агрэсію і прытрымлівацца абавязаньняў у менскіх дамоўленасьцях.
Гэты тыдзень на ўсходзе Ўкраіны стаў адным з самых кровапралітных сёлета, заявіла ў аўторак прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт. На гэты момант пяць украінскіх салдат загінулі, яшчэ 23 атрымалі раненьні, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Сутыкненьні закранулі і мірнае насельніцтва. 13-гадовы падлетак і ягоны бацька загінулі ад выбуху артылерыйскага снарада, які трапіў у іхны дом на тэрыторыі, кантраляванай украінскім урадам. Снарады таксама трапілі ў трубаправод на тэрыторыі данецкай водаачышчальнай станцыі, які зьмяшчае хлёр.
У Дзярждэпартамэнце ўпэўненыя, што Крэмль кантралюе гвалт на ўсходзе Ўкраіны і мог бы пры жаданьні пакласьці яму канец.
«Расея заяўляе, што імкнецца абараніць рускамоўнае насельніцтва, аднак, як неаднаразова заяўляў наш спэцпрадстаўнік на перамовах аб Украіне Курт Волкер, цяпер у сьвеце няма больш небясьпечнага для расейскамоўнага насельніцтва месца, чым усходняя Ўкраіна», — сказала Наўэрт.
Паводле яе, расейскія і ўкраінскія вайскоўцы і мірныя грамадзяне працягваюць гінуць у канфлікце, разгорнутым расейскім урадам сумесна зь сіламі, якія ён узбройвае, камплектуе, накіроўвае і рыхтуе. А пакуль Расея падтрымлівае гвалт на ўсходзе Ўкраіны, адпраўляючы ў гэты рэгіён грошы, вайскоўцаў і рэсурсы, яе ўласная эканоміка знаходзіцца ў стагнацыі.
«Мы заклікаем Расею спыніць агрэсію ва Ўкраіне і выконваць абавязаньні, узятыя ёю на сябе ў рамках менскіх дамоўленасьцяў», — заявіла прадстаўніца Дзярждэпартамэнту.