Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна выпрабавала пастаўленыя ЗША супрацьтанкавыя ракетныя комплексы Javelin


Украіна правяла першыя выпрабаваньні супрацьтанкавых ракетных комплексаў Javelin, якія паставілі ЗША для ўмацаваньня абарончага патэнцыялу Украіны ў канфлікце з прарасейскімі сэпаратыстамі.

На палігоне Ўзброеных сіл Украіны адбыліся выпрабаваньні процітанкавых кіраваных ракетных комплексаў. Пра гэта паведаміў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў, перадае прэс-служба ведамства.

«Украінская „Стугна“ і амэрыканскі „Джавэлін“ дакладна і надзейна зьнішчылі мэты», — адзначыў Турчынаў, дадаўшы, што для праверкі эфэктыўнасьці паражэньня цэляў «агонь вёўся не па макеце, а па-сапраўдным танку».

Вашынгтон зьяўляецца адным з самых верных прыхільнікаў Кіева пасьля расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе і наступных баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, у выніку якіх былі забітыя больш за 10 тысяч чалавек. Кіеў і Вашынгтон лічаць, што супрацьтанкавыя комплексы дапамогуць Украіне ўмацаваць доўгачасовы абарончы патэнцыял, паведамляе «Голас Амэрыкі».

ЗША сьцьвярджаюць, што комплексы Javelin ня могуць эфэктыўна выкарыстоўвацца для захопу тэрыторыяў, але Расея лічыць, што іх пастаўкі прывядуць да далейшай дэстабілізацыі сытуацыі, паколькі будуць заахвочваць ужываньне сілы.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пракамэнтаваў правядзеньне першых выпрабаваньняў ракет у твітэры:

«Нарэшце гэты дзень настаў! — напісаў ён. — Я ўдзячны [Злучаным Штатам] за цьвёрдае рашэньне аб неабходнасьці ўзбраеньня Ўкраіны».

Спарадычныя сутыкненьні ва ўсходніх абласьцях Украіны працягваюцца, нягледзячы на намінальнае перамір’е і дыпляматычныя мірныя намаганьні.

Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ), якая назірае за выкананьнем менскіх пагадненьняў ва Ўкраіне, якія рэгулярна парушаюцца, у аўторак папярэдзіла аб эскаляцыі сутыкненьняў уздоўж лініі фронту.

«Я настойліва заклікаю бакі неадкладна спыніць баявыя дзеяньні і зрабіць усё, што ў іх сілах, для абароны цывільнага насельніцтва», — заявіў спэцыяльны прадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG