Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва зьняла з Банёніса абвінавачваньні ў супрацоўніцтве з КДБ

Данатас Банёніс
Данатас Банёніс

Люстрацыйная камісія Літвы, якая ацэньвае дзейнасьць асоб, якія зьяўляліся інфарматарамі КДБ, не знайшла доказаў супрацоўніцтва народнага артыста СССР Данатаса Банёніса з савецкай спэцслужбай.

У панядзелак, 21 траўня, старшыня люстрацыйнай камісіі Літвы Альгімантас Урманас абвясьціў, што падчас расьсьледаваньняў экспэрты не выявілі «абʼектыўнага боку парушэньняў» і прыйшлі да высновы, што ані Данатас Банёніс, ні дырыжор Саўлюс Сандэцкіс не супрацоўнічалі з КДБ.

«Цэтлік ёсьць, ёсьць падазрэньні для стыгматызацыі, гэта выклікала ўсякія чорныя думкі, а нашая камісія пастанавіла, што гэтага нельга сьцьвярджаць, нельга сьцьвярджаць, што яны супрацоўнічалі, такіх дадзеных няма. А крыніцы дадзеных, якія ёсьць у Цэнтру дасьледаваньня генацыду і супраціву жыхароў Літвы розныя, напрыклад правакацыі» — сказаў Урманас.

Абвінавачваньні на адрас знакамітага актора былі зробленыя ў студзені гэтага году, калі Цэнтар дасьледаваньня генацыду і супраціву жыхароў Літвы заявіў, што Банёніс і дырыжор Сандэцкіс былі ўнесеныя ў сьпіс агентаў КДБ СССР, у якім утрымліваліся дзясяткі тысяч імёнаў сэксотаў. Нібыта ў 1970 годзе Банёніс быў завэрбаваны і пад псэўданімам Брунас падаваў КДБ дадзеныя пра літоўцаў, якія эмігравалі ў ЗША. У 1974 годзе імя агента Брунаса было выдаленае з агентурнай сеткі, што, як лічылі ў Цэнтры дасьледаваньня генацыду, было зьвязана з абраньнем Банёніса дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР.

Урманас падкрэсьліў, што высновы камісіі могуць быць выкарыстаныя ў судзе, калі сваякі Банёніса і Сандэцкіса вырашаць зьвярнуцца ў суд з пазовам аб абароне гонару і годнасьці.

У сьпісе рэгістрацыі асабістых архіўных спраў КДБ, што публікуецца Цэнтрам дасьледаваньня генацыду і супраціву жыхароў Літвы, у цэлым прадстаўлена амаль 1700 спраў. Гэтыя дакумэнты публікуюцца з 2011 году.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG