Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра замяшчальную гарманальную тэрапію ў мужчын


У адным з папярэдніх артыкулаў мы пісалі пра сучасны погляд на прымяненьне замяшчальнай гарманальнай тэрапіі ў жанчын. Але апошнія гады разьвіваецца аналягічны кірунак тэрапіі і для мужчын.

Справа ў тым, што мужчыны таксама маюць «клімактэрычныя» зьмены, якія зьвязаны з узроставым зьніжэньнем узроўню палавога гармону тэстастэрону. Гэты мэдычны сындром атрымаў назву ўзроставы андрагенавы дэфіцыт.

Як выглядае клімакс у мужчын

У адрозьненьне ад жанчын, мужчынскі клімакс у большасьці выпадкаў не працякае так маніфэстна — гэта значыць зь вялікай колькасьцю скаргаў на прылівы, галаўны боль, дэпрэсію і іншыя сымптомы, якія добра вядомыя менавіта жанчынам.

Таксама мужчынскі клімакс ня зьвязаны так шчыльна з узростам, як у жанчын, у якіх такія перамены адбываюцца недзе каля 50 — 51 гадоў. У мужчын усё залежыць ад генэтычна абумоўленага ўзроўню тэстастэрону.

Хто вызначае дыягназ

Як жа вызначыць, што ў мужчыны мае месца ўзроставы андрагенавы дэфіцыт? Гэта той дыягназ, які можа быць пастаўлены пры ўмове наяўнасьці пэўных скаргаў і дасканалага біяхімічнага абсьледаваньня пацыента, што можа быць зроблена спэцыялістам-андролягам або эндакрынолягам, які прайшоў пэўную падрыхтоўку.

Самі мужчыны, звычайна позьняга сярэдняга ці сталага ўзросту, пасьля 55 — 60 гадоў, скардзяцца на сэксуальныя зьмены, найперш гэта зьніжэньне эрэкцыі, памяншэньне яскравасьці палавога акту, менш інтэнсіўнае лібіда.

Але западозрыць ўзроставы андрагенавы дэфіцыт можа і жонка — нават не таму, што мужчына становіцца менш актыўным у сэксуальным жыцьці — найперш ён зьмяняецца як асоба.

Мужчынскі клімакс — старата амбіцый

Напрыклад, калі раней такі чалавек быў амбіцыйны, патрабавальны да жыцьця — яму хацелася, каб у яго была добрая пасада, машына лепей чым у іншых, добрая дача, самыя лепшыя, таленавітыя і адукаваныя дзеці — то раптам нешта мяняецца, і ад узроўню былых патрабаваньняў амаль нічога не застаецца.

Муж прыходзіць дадому, лажыцца на канапу і глядзіць тэлевізар, болей нічога яго істотна не турбуе. Канешне, гэта можа быць праявай іншых захворваньняў, але досыць часта за імі хаваецца менавіта дэфіцыт мужчынскіх, андрагенавых гармонаў.

Гэта не прысуд

На жаль, узровень сэксуальнай адукацыі нашага грамадзтва застаецца нізкім — у нас ні мужчыны, ні жанчыны ў пераважнай большасьці такіх слоў як узроставы андрагенавы дэфіцыт ня ведаюць і ніколі ня чулі. Але вы, паважаныя чытачы, павінны ведаць, што і позьні сярэдні, і сталы ўзрост павінны прыносіць радасьць, у тым ліку радасьць паўнавартаснага сэксуальнага жыцьця.

Калі зьяўляюцца пэўныя праблемы, гэта зусім не прысуд, што «палавое жыцьцё пражытае», зусім не. Трэба прайсьці абсьледваньне, зьвярнуўшыся да андроляга ці эндакрыноляга, бо цалкам магчыма, што прычынай зьніжэньня якасьці сэксуальнага жыцьця ці дэпрэсіі зьяўляецца празьмернае ўзроставае зьніжэньне ўзроўню палавых гармонаў.

На сёньняшні дзень існуюць тэхналёгіі эфэктыўнай карэкцыі гэтага стану, так званая замяшчальная гарманальная тэрапія, мэтазгоднасьць якой вам падкажа адпаведны спэцыяліст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG