Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія камэрсанты дапамаглі юным хакеістам, якія трэнуюцца ў басэйне і зьбіраюць бутэлькі


Дзіцячы трэнэр Ўладзімер Жабінскі і дырэктар ТАА «ФБспорт» Аляксей Кохан
Дзіцячы трэнэр Ўладзімер Жабінскі і дырэктар ТАА «ФБспорт» Аляксей Кохан

Менскія прадпрымальнікі бясплатна вырабілі і падарылі тры дзясяткі швэдраў маленькім хакеістам са Смаргоняў. Прыватны цэнтар падрыхтоўкі вымушаны шукаць розныя спосабы, каб утрымацца на плыву — ад збору шклатары да продажу сувэніраў.

Кохан: Гісторыя дзяцей-хакеістаў праняла да глыбіні душы

Нядаўна Свабода расказвала пра Цэнтар пачатковай падрыхтоўкі па хакеі ў Смаргонях. Дзіцячы трэнэр Уладзімер Жабінскі апантаны ідэяй разьвіваць гэты від спорту ў родным горадзе, аднак у адсутнасьць дзяржаўнай дапамогі мусіць спадзявацца толькі на сябе.

У райцэнтры няма стацыянарнай коўзанкі, нейкі час трэнаваньні адбываліся ў закінутым басэйне спарткомплексу «Юнацтва». Калі факт стаў набыткам галоснасьці, кіраўніцтва перастрахавалася і выселіла малых «пастаяльцаў». Каб не спыніць існаваньня, бацькі дапамагаюць зьбіраць і здаваць шклатару — выручаныя сродкі ідуць на аплату арэнды заляў для «сухой» падрыхтоўкі. Акурат сёньня ў Менск едзе чарговая партыя пустых бутэлек — тона з гакам.

Трэніроўка на дне басэйну
Трэніроўка на дне басэйну

Сам Уладзімер Жабінскі прадаў машыну і адкрыў краму «Патрыёт», дзе рэалізуе спартовы рыштунак, майкі і сувэніры з нацыянальнай сымболікай. Значная частка грошай накіроўваецца на падтрымку хакейнага цэнтру. Таксама наладзіў выпуск сшыткаў з хакейнай тэматыкай і выявамі беларускіх зорак, разам зь іншай друкаванай прадукцыяй распаўсюджвае па дзіцячых садках і пачатковых школах.

Месяц таму на краўдфандынгавай плятформе Ulej.by быў абвешчаны збор сродкаў пад дэвізам «Адарвацца ад дна. Ад мядзьведжай акадэміі да хакейнага цэнтру». Задача — набыць 30 камплектаў формы для смаргонскіх пачаткоўцаў. Справа ідзе марудна: за прамінулы час ад заплянаваных 16 000 рублёў сабрана крыху больш за 1 100 рублёў, усяго 7%.

Уладзімер Жабінскі з камплектам джэрзі
Уладзімер Жабінскі з камплектам джэрзі

Дапамога прыйшла нечакана. Пабачыўшы публікацыю пра гаротны стан малалетніх спартоўцаў, свае паслугі прапанавала менская кампанія «ФБспорт», якая займаецца вытворчасьцю і брэндаваньнем спартовага рыштунку. Вынікам — 30 камплектаў джэрзі для дзяцей трох узроставых катэгорый. Усе вытворчыя выдаткі камэрсанты ўзялі на сябе.

«Сытуацыя проста праняла да глыбіні душы, — прызнаецца дырэктар фірмы Аляксей Кохан. — Таму, як толькі пабачылі інфармацыю, адразу вырашылі, што трэба паспрыяць. Тым больш гэта наш профіль дзейнасьці. Часам Фэдэрацыя хакею сама просіць вырабіць спонсарскія майкі для камандаў U17 або U20, і мы не адмаўляем. А тут зусім дзеці, як застацца абыякавым? Тым больш людзі апантаныя ідэяй, гэта мусіць усяляк падтрымлівацца. Дый нам самім прыемна, што дапамаглі ў добрай справе».

Асартымэнт крамы «Патрыёт»
Асартымэнт крамы «Патрыёт»

Жабінскі: Дзеці не вінаватыя, што ў сям’і няма лішніх грошай

Зразумела, што хакейныя швэдры — толькі невялікая частка рыштунку. Яшчэ кожны гулец павінен мець шлем-маску, пратэктар шыі, нагруднік, накаленьнікі, ракавіну, пальчаткі. Гэта ня толькі патрабаваньне бясьпекі: без амуніцыі на штучны лёд ня пусьціць ніводзін спэцыялізаваны каток. Плюс канькі, клюшкі, шайбы. Выдаткі наперадзе немалыя, дзеля гэтага і быў пачаты збор сродкаў.

Але радасьці ад падарунку Ўладзімер Жабінскі ня ўтойвае. Запэўнівае, што швэдры выхаванцам будуць уручаныя ва ўрачыстай абстаноўцы, у прысутнасьці бацькоў. Калі дагэтуль дзеці трэнаваліся ў чым прыйдзецца, цяпер нават дылетанту будзе відаць, што гэта каманда.

«Эмоцыі перапаўняюць, — узрушаны спэцыяліст. — Хочацца хутчэй паказаць дзецям, што пачатак пакладзены. Наша гісторыя яшчэ раз паказала, што сьвет не бяз добрых людзей. Хлопцы даўно ў сваім бізнэсе і выдатна разумеюць: прафэсійны спорт — гэта адно, а дзіцячы — зусім іншае. Я сам прыхільнік таго, што формай навучэнцаў мусіць забясьпечыць школа. Дзіця не вінаватае, што ў сям’і няма лішніх грошай, але ён мае права паспрабаваць сябе ў тым ці іншым відзе. Каб адчуць, зразумець, ці варта займацца далей».

З джэрзі сына Сьцяпана
З джэрзі сына Сьцяпана

Сярод стосу джэрзі бачу і нумар 84 з прозьвішчам Жабінскі — майка Сьцяпана, малодшага сына трэнэра (старэйшаму Ўладу такое шчасьце ў свой час не перапала). Лічба не выпадковая: гэта год нараджэньня адзінага на сёньня беларускага энхаэлаўца Міхаіла Грабоўскага, ягоны «пэрсанальны код» у зборнай і ў заакіянскіх камандах.

Выява пасьпяховага гульца зь ягонай згоды ўжо ўпрыгожвае рэклямныя ўлёткі і друкаваную прадукцыю смаргонскага Цэнтру пачатковай падрыхтоўкі, але Ўладзімер Жабінскі мае спадзеў і на больш шчыльную супрацу. Прынамсі гэта той выпадак, калі на дапамогу дзяржавы разьлічваць не даводзіцца.

«Я заўсёды задумваюся: чаму швайцарцы, немцы, латышы так аддана гуляюць за сваю радзіму? — задаецца рытарычным пытаньнем суразмоўца. — Таму што дзяржава дае ім шанец стаць прафэсіяналамі сваёй справы. Хочаш быць хакеістам — калі ласка (кажу пра тое, што набалела). У нас гэтага няма. Ты можаш рэалізавацца, толькі калі „падстрахуе“ тата, сябра сям’і, патрэбны чалавек. А калі магчымасьцяў няма? Дзеці ж ня могуць адказваць за бацькоў. Чаму ты, мама, не дырэктарка крамы, а толькі прыбіральніца? Таму хацелася б роўнасьці ў гэтым пляне».

Сшытак Цэнтру пачатковай падрыхтоўкі з выявай Міхаіла Грабоўскага
Сшытак Цэнтру пачатковай падрыхтоўкі з выявай Міхаіла Грабоўскага

Эвалюцыя: ад мядзьведжай акадэміі да хакейнага цэнтру

Эмблема смаргонскіх хакеістаў — галава мядзьведзя на фоне клюшкі і шайбы. Пэрсанаж — славуты «выпускнік» мясцовай «мядзьведжай акадэміі». На клюшцы рознакаляровыя палоскі. Як удакладняе трэнэр, кожная, як дан у адзінаборствах, адпавядае ўзроўню майстэрства.

«Як кажуць пра жаўтаротых няўмелых птушанят, так і мы пачынаем градацыю ад самых „жоўтых“ пачаткоўцаў, — тлумачыць Уладзімер Жабінскі. — З узроўнем атрыманага майстэрства мяняецца і колер: зялёны, сіні, а выпусьціцца ўжо павінен пад насычаным чырвоным. Ня проста вясёлка на клюшцы, а прыкмета майстэрства».

Уладзімер Жабінскі ўжо 20 гадоў у хакеі. Працяглы час адпрацаваў у сыстэме гарадзенскага клюбу «Нёман», правёў больш за дзесяць міжнародных кэмпаў з удзелам айчынных і замежных спэцыялістаў. Па вяртаньні ў родны горад паставіў мэту — закласьці базу для дзіцячага хакею.

Праект коўзанкі для Смаргоняў пакладзены пад сукно
Праект коўзанкі для Смаргоняў пакладзены пад сукно

У канцы 2016-га пачаў працаваць ягоны прыватны Цэнтар пачатковай падрыхтоўкі, дзе займаюцца дзеці ад 4–5 гадоў. Летась пры падтрымцы тагачаснага старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі, ураджэнца Смаргоняў Ігара Рачкоўскага, быў распрацаваны праект малабюджэтнай крытай коўзанкі. Аднак пасьля нечаканай адстаўкі кіраўніка яго рэалізацыя была замарожаная.

З больш чым трох дзясяткаў лядовых палацаў, пабудаваных у Беларусі, на Горадзеншчыну прыпадаюць толькі два — у абласным цэнтры і ў Лідзе. Уладзімер Жабінскі марыў аб’яднаць геаграфічны трыкутнік з добрым хакейным патэнцыялам: Смаргоні — Ашмяна — Астравец. Аднак ягоныя прапановы пакуль нікім не пачутыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG