Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча сустрэцца зь Ленінам


Перамовы Лукашэнкі зь міністрам замежных справаў Эквадору Марыяй Эсьпіноcай Гарсэс

Пазыцыі Беларусі і Эквадору ў галоўных міжнародных пытаньнях «супадаюць альбо абсалютна блізкія». Пра гэта 18 траўня ў Менску заявіў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей падчас сустрэчы са сваёй эквадорскай калегай Марыяй Эсьпіноcай Гарсэс.

Сёлета споўнілася 25 год з моманту ўсталяваньня двухбаковых дыпляматычных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эквадорам.​

«Нашыя пазыцыі ў галоўных міжнародных пытаньнях супадаюць альбо абсалютна блізкія. Гэта яскрава відаць у ААН. Мы асабліва ўдзячныя Эквадору за падтрымку Беларусі на яе шляху ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю», — заявіў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі.

Уладзімер Макей падкрэсьліў, што ягоную эквадорскую калегу сёньня прымаў Аляксандар Лукашэнка. І гэта знак асаблівага даверу да Эквадору, які стаў для Беларусі кропкай апоры для пабудовы дачыненьняў зь іншымі краінамі рэгіёну.

Невыпадкова кіраўнік Беларусі на сустрэчы з Эсьпіноcай Гарсэс заявіў пра сваё жаданьне сустрэцца з прэзыдэнтам Эквадору Ленінам Марэнам. І дадаў, што прэзыдэнта Эквадору чакаюць у Менску ў любы зручны час і будуць радыя ягонаму афіцыйнаму візыту ў Беларусь.

Ленін Марэна, архіўнае фота
Ленін Марэна, архіўнае фота

Беларускія дыплёмы аб вышэйшай адукацыі прызнаюцца ў Эквадоры

Уладальніку дыплёму аб вышэйшай адукацыі, атрыманага ў Беларусі, няма патрэбы пацьвярджаць свае веды, калі ён захоча працаваць у Эквадоры. Гэтаксама як і ўладальніку эквадорскага дыплёму ў Беларусі.

Такое стала магчымым дзякуючы двухбаковаму жаданьню Беларусі і Эквадору да збліжэньня.

Эквадору патрэбная беларуская сельгастэхніка

Міністарка Гарсэс сёньня казала пра жаданьне сваёй краіны атрымліваць сельскагаспадарчую тэхніку зь Беларусі. Яна прапанавала разгледзець ідэю супольнага прадпрыемства ў Эквадоры, дзе зьбіралі б такую тэхніку. Удзячны Эквадор і за дапамогу ў нафтавай сфэры. Тут хацелася б яшчэ большых беларускіх інвэстыцыяў.

Яшчэ адзін кірунак — культура. Гэта, як падкрэсьліла спадарыня Гарсэс, і тэатар, і музэі, і бібліятэкі... Яна падпісала сёньня дамову аб супрацы зь міністрам культуры Беларусі Юрыем Бондарам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG