Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларуская перамога мае шмат бацькоў, а параза заўсёды сірата


Чаму беларуская перамога мае шмат бацькоў, а параза заўсёды сірата
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:34:01 0:00

За каго заўзеюць беларусы? Ці патрэбны нам такі хакей? Перамогі і паразы на міжнародных спаборніцтвах — гэта перамогі і паразы Беларусі ці Лукашэнкі?

За каго заўзеюць беларусы? Ці патрэбны нам такі хакей? Перамогі і паразы на міжнародных спаборніцтвах — гэта перамогі і паразы Беларусі ці Лукашэнкі? Пра ўсё гэта ў сёньняшняй Зоне Свабоды.

У ёй удзельнічаюць: Юры Дракахруст, зь Менску — Наста Пілюгіна і Віталь Цыганкоў.

Прапануем фрагмэнт гутаркі.

Гурневіч: Зборная Беларусі па хакеі на Чэмпіянаце сьвету ў Даніі ня здолела перамагчы ніводную каманду сваёй групы і ўпершыню за 15 гадоў пакінула вышэйшую лігу сусьветнага хакею.

Прадстаўнік Беларусі на «Эўравізіі-2018» Мікіта Аляксееў нават не патрапіў у фінал гэтага міжнароднага конкурсу, які сёлета праходзіў у партугальскім Лісабоне.

Наста, якой была рэакцыя Байнэту, беларускіх сацыяльных сетак на гэтыя прыкрыя паразы?

Наста Пілюгіна
Наста Пілюгіна

Пілюгіна: Абедзьве паразы сустрэлі нэгатыўную рэакцыю. Не было адзінага меркаваньня. Але крытыка Мікіты Аляксеева пачалася ад моманту перамогі на нацыянальным адборы. Іншыя ўдзельнікі вінавацілі яго ў выкарыстаньні песьні, якая ўжо ўжывалася ім, і патрабавалі дыскваліфікацыі. А карыстальнікі сацсетак пісалі пра тое, што чужынец будзе прадстаўляць краіну на Эўравізі. Аляксееў быў першым замежнікам, які прадстаўляў там Беларусь.

Гурневіч: Віталь, па вашых назіраньнях, беларускае заўзеньне — хоць у спорце, хоць на Эўравізіі, хоць дзе — яно неяк зьвязана з асабістымі якасьцямі прадстаўнікоў Беларусі ці заўзеюць проста за сваіх, «за нашых»? Вы некалі напісалі блог «Ці абавязаны я ганарыцца Азаранкай?» Ну, а іншыя, можа, і ганарацца, хаця і не абавязаныя.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Варта падзяляць два ўзроўні заўзятарства за сваю краіну. Першы ўзровень — шырокі, масавы, калі заўзеюць за сваіх, асабліва не разьбіраючыся ў спорце. Гэта не такія ўжо зацятыя заўзятары. У іх простая лёгіка — наш і ўсё. Але ёсьць людзі, якія цікавяцца спортам, сочаць за навінамі. У іх ёсьць канкрэтныя матывы, чаму ён заўзее за таго або іншага. Шмат хто зьвяртае ўвагу на заявы спартоўцаў. Увогуле трэба заўважыць, што заўзятары — людзі патрыятычныя і з дэмакратычнымі поглядамі. Ім цікава, што кажуць спартоўцы, як ацэньваюць грамадзка-палітычныя падзеі, як ставяцца да маральных аспэктаў.

Гурневіч: Аляксееў, напрыклад, не выказваўся на палітычныя тэмы.

Цыганкоў: З Эўравізіяй увогуле цікавы такі аспэкт. Калі перамагае Білан з Расеі, то шмат хто кажа: ой, а што там глядзець на той Эўравізіі, папса. А калі перамагае нехта з Украіны, ці сёлета з Ізраілю, ці меншасьцяў, то гэта адразу актуалізуе стаўленьне да гэтага конкурсу як да нечага прагрэсіўнага. І там ужо, маўляў, выражаюцца ідэі, а ня проста музыка.

Гурневіч: Юры, а што кажуць апытаньні — наколькі беларусы схільныя заўзець за беларускіх прадстаўнікоў, скажам, у спорце?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Адно за апытаньняў было праведзенае ў 2014 годзе, пасьля Алімпіяды, але перад Чэмпіянатам сьвету па хакеі, які прымала Беларусь. 47% беларусаў сказалі, што заўзеюць за каманду Беларусі. Гэта даволі шмат. Сярод мужчын — 55% заўзятараў, а сярод жанчын — 40%. Цікава, што чым вышэйшая адукацыя, тым вышэйшая доля заўзятараў. І цікава, што палітычныя погляды ў іх — вельмі розныя. То бок заўзеньне аб’ядноўвае.

Гурневіч: Віталь, адносная масавасьць зларадных камэнтароў наконт паразаў на хакейным чэмпіянаце — чым яна тлумачыцца? Гэта паказьнік стаўленьня прынамсі часткі грамадзтва да цяперашняй улады, шкадаваньне наконт прамантачаных грошай ці нейкая іншая тут матывацыя?

Цыганкоў: Хакей — спэцыфічны від спорту. У многіх беларусаў ён выклікае раздражненьне і разьюшанасьць. Бо да яго вялікая дзяржаўная ўвага, і асабіста Лукашэнкі. Там 50-70% спартовага бюджэту. А між тым, у Беларусі вялікія посьпехі ў іншых відах спорту. Беларуская жаночая зборная па баскетболе займала шостае месца на Алімпіядзе, чацьвёртае месца на Чэмпіянатах сьвету. На роўных змагалася з ЗША, Расеяй, Гішпаніяй. Беларускія валейбалісты гуляюць у фіналах. Гандаблісты. А ўсё ідзе на хакей. Палацы, якія выкарыстоўваюцца малаэфэктыўна. Як тут не абурацца людзям?

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Гурневіч: Наста, многія ледзьве ня радуюцца паразе ў хакеі, любімым спорце Аляксандра Лукашэнкі. Ну, а мелі б посьпех — дык сумавалі б, маўляў, умацавалі рэжым? Ці таксама радаваліся б — беларусы перамаглі (а не рэжым)?

Пілюгіна: Хакей зьяўляецца кансалідуючым момантам беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі. Прынамсі так сьцьвярджала кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава. І цяпер у карыстальнікаў байнэту ёсьць такая магчымасьць крытыкаваць лядовыя палацы або наракаць на немагчымасьць аддаць сваё дзіця на хакей за сярэдні заробак.

Гурневіч: Радасьць часткі грамадзтва з нагоды спартовых ці іншых паразаў сваіх прадстаўнікоў — сьведчаньне таго, што нешта ў такім каралеўстве няладна, што ўлада ў ім — чужая многім сваім суайчыньнікам. Але гульня працягваецца, кола Фартуны круціцца. Будуць яшчэ перамогі — і ў спорце, і ня толькі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG