Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гімнасткі, якія сталі ахвярамі доктара-пэдафіла, атрымаюць кампэнсацыю паўмільярда даляраў

Лары Насар у судзе.
Лары Насар у судзе.

Некалькі амэрыканскіх гімнастак, якія былі ахвярамі доктара-пэдафіла Лары Насара і падалі на яго ў суд за дамаганьні і згвалтаваньні, у тым ліку непаўналетніх, заключылі пагадненьне аб кампэнсацыі з самім лекарам і ўнівэрсытэтам штату Мічыган.

Згодна зь ім, унівэрсытэт, які ўзяў на працу лекара, выплаціць жанчынам у агульнай колькасьці $ 500 млн. $ 425 млн падзеляць паміж сабой тыя, хто падаў пазоў (гэта 332 жанчыны), а яшчэ $ 75 млн будуць перададзеныя ў фонд, які будзе дапамагаць іншым ахвярам Насара, калі яны вырашацца паведаміць пра сябе.

Скандал з доктарам стаў самым буйным у амэрыканскім спорце за апошняе дзесяцігодзьдзе. Насар ужо сукупна атрымаў 175 гадоў турмы па некалькіх абвінавачваньнях: акрамя згвалтаваньняў, дамаганьняў у адносінах да непаўналетніх, гэта яшчэ і захоўваньне дзіцячага порна.

«Усе ўсё ведалі». Сьледам за алімпійскай чэмпіёнкай Корбут былыя гімнасткі кажуць пра дамаганьні трэнэра

У часе працэсу больш за сто жанчын выставілі абвінавачаньні супраць 54-гадовага доктара, у тым ліку алімпійскія чэмпіёнкі Аляксандра (Элі) Райсман і Джордзі Вібэр. 144 жанчыны далі сьведкавыя паказаньні супраць Насара. Ўсё кіраўніцтва Фэдэрацыі спартыўнай гімнастыкі ЗША ў выніку скандалу сышло ў адстаўку, паколькі многія жанчыны ў судзе заявілі, што прадстаўнікі Фэдэрацыі пакрывалі доктара і не зьвярталі ўвагі на скаргі, якія на яго паступалі, у тым ліку ад непаўналетніх гімнастак.

Дарадца ўнівэрсытэту Роберт Янг заявіў, што ва ўнівэрсытэце «задаволеныя хоць бы тым, што пагадненьне аб кампэнсацыях, якое было б справядлівым для ахвяр Насара, у прынцыпе атрымалася дасягнуць».

Насар з 1997 году працаваў у шпіталі пры Ўнівэрсытэце штату Мічыган, дзе таксама выкладаў. Да таго, як пацыенткі Насара пачалі публічна гаварыць, ён быў вядомым спартовым лекарам, да яго прыяжджалі пацыенты з усёй краіны. У самым унівэрсытэце да пачатку працэсу не падазравалі аб яго схільнасьцях.

Доктар пачаў працаваць з Фэдэрацыяй спартыўнай гімнастыкі ЗША яшчэ ў 1986 годзе, а ў 1996 годзе ён стаў галоўным лекарам арганізацыі. Насар быў лекарам зборнай па гімнастыцы ЗША на Алімпійскіх гульнях у 1996-м, 2000-м, 2008-м і 2012 гадах.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG