Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да лідзкай галадоўніцы ўлады выклікалі лекара і абяцалі запісаць яе на прыём да дэпутата


Людміла Лапко

У Лідзе шостыя суткі працягваюць галадаць дзьве актывісткі руху «Маці 328» — Людміла Лапко і Алена Мікалаюк. Сёньня прадстаўнікі райвыканкаму пацікавіліся станам здароўя адной зь іх, Людмілы Лапко.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

Людміла Лапко галадае ў сваім доме, яна ў адпачынку і ня ходзіць на працу. Сёньня, паводле Лапко, да яе патэлефанаваў намесьнік старшыні райвыканкаму Віктар Пранюк і пацікавіўся здароўем, сказаў, што да яе прыйдзе лекар.

«Сапраўды, пазьней прыйшоў лекар з гарадзкога шпіталя і ўчастковы лекар. Паслухалі мяне, выпісалі лекі, і заўтра я пайду ў шпіталь, каб мне зрабілі кардыяграму. Я асабліва ні на што ня скардзілася, але яны ўзялі зь мяне абяцаньне, што буду выконваць іх прадпісаньні», — сказала Свабодзе Лапко.

Тэлефанаваньнем з райвыканкаму Лапко была зьдзіўленая, бо яшчэ раніцай казала, што ніхто з уладаў не зьвяртае на ейныя праблемы ўвагі. Дадала, што Пранюк абяцаў запісаць яе на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў: маўляў, вам нічога самой ня трэба рабіць.

Алена Мікалаюк
Алена Мікалаюк

Другая галадоўніца, Алена Мікалаюк, працягвае штодня хадзіць на працу. Да яе ніхто з райвыканкаму не тэлефанаваў, і па мэдыцынскую дапамогу яна не зьвярталася.

«Я пакуль сама прытрымліваюся ўсіх рэкамэндацый, якія трэба выконваць падчас галадоўкі, і сёньня нават стала лепей, нібы адкрылася другое дыханьне», — сказала Свабодзе Мікалаюк.

Наконт спыненьня галадоўкі абедзьве жанчыны пакуль ня вызначыліся. Але, паводле іх, у чацьвер 17 траўня, магчыма, будзе прынята нейкае рашэньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG