Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст судзіцца з турмой, бо зь яго двойчы спагналі плату за «суткі»


Валер Мінец

Пакараныя адміністратыўным арыштам апазыцыйныя актывісты мусяць аплачваць сваё знаходжаньне ў Цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў, а таксама натарыяльны збор, калі грошы спаганяюць у прымусовым парадку. Ня ўсе арыштаваныя з гэтым згодныя.

Грамадзкі актывіст зь Ліды Валер Мінец вырашыў падаць у суд на Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў Лідзкага РАУС за тое, што з падачы гэтай установы зь яго беспадстаўна, як ён лічыць, спагналі натарыяльны збор у памеры 36 рублёў.

Начальнік ЦІП, паводле актывіста, прапаноўваў яму «вярнуць грошы з уласнай кішэні», але Валер Мінец кажа, што ня хоча падачкі, а хоча аднаўленьня справядлівасьці.

«У іх гэта сыстэма. Ведаю сама меней яшчэ пра два такія выпадкі. Таксама маюць намер зьвяртацца ў суд», — кажа Валер Мінец пра паплечнікаў Вітольда Ашурка і Аляксея Марцінкевіча, зь якіх пасьля арышту таксама ўзялі грошы за харчаваньне, а потым яшчэ спагналі і натарыяльны збор.

Затрымалі прэвэнтыўна

Гісторыя пачалася ў Лідзе ў сакавіку 2017 году. Валер Мінец тады падаў заяўку на правядзеньне ў горадзе «Маршу недармаедаў», але яшчэ напярэдадні акцыі яго схапілі і прывезьлі ў суд. Далі 10 сутак — за ўдзел яшчэ ў лютым у падобным маршы ў Менску.

Пакуль сядзеў у ЦІПе, бацька актывіста аплаціў рахунак, які арыштантам выстаўляюць за харчаваньне — 115 рублёў. Мінула амаль 10 месяцаў, як Валер Мінец даведаўся, што судовыя выканаўцы зьбіраюцца прымусова спагнаць зь яго яшчэ 36 рублёў натарыяльнага збору.

«Прычым мяне не папярэджвалі, не нагадвалі, што я нібыта не аплаціў рахунак за харчаваньне. Проста ставяць перад фактам: плаці грошы, і ўсё».

У канцы кожнага года ЦІП падае ў натарыяльную кантору сьпіс неплацельшчыкаў для пачатку працэдуры прымусовага спагнаньня грошай за харчаваньне. А за працу натарыюсаў належыць спаганяць яшчэ і натарыяльны збор.

«З тым сьпісам размова кароткая, — кажа Валер Мінец. — Натарыюс накладае на няплатнікаў гэтак званы „выканаўчы надпіс“, паводле якога ня толькі прымусова спаганяюцца грошы за харчаваньне ў ЦІПе, але спаганяецца і натарыяльны збор за гэтае дзеяньне. Гэта паводле закону, але праблема ў тым, што аспрэчыць спагнаньне грошай немагчыма. Забяруць як заўгодна».

Валер Мінец згадаў выпадак з актывістам Аляксеем Марцінкевічам, у якога грошы на натарыяльны збор зьнялі з тэлефоннага рахунку. Марцінкевіч правёў за кратамі 3 дні, Вітольд Ашурак — 12. І хоць абодва аплацілі рахункі за харчаваньне ў ЦІПе яшчэ вясной 2017 году, сёлета ў студзені зь іх таксама спагналі яшчэ і натарыяльны збор. І таксама не папярэджвалі, што на іх была заведзена прымусовая вытворчасьць.

«Гэта наша памылка», — турэмны начальнік

Але застаецца яшчэ пытаньне: як Валер Мінец і ягоныя аднадумцы трапілі ў сьпіс арыштантаў-няплатнікаў? Спадар Мінец лічыць, што невыпадкова.

«Камэнтару ня будзе», — адказаў карэспандэнту Свабоды начальнік Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў Лідзкага РАУС маёр міліцыі Юры Ганчарык на пытаньне пра скаргу Валера Мінца. Слухаўку міліцыянт клаў пад мае словы пра тое, што гісторыя зь Мінцом чамусьці дакладна паўтарылася з Ашуркам і Марцінкевічам.

Між тым раней, паводле Валера Мінца, Юры Ганчарык прызнаваў, што той трапіў у сьпіс няплатнікаў «праз памылку». «А пра Ашурка з Марцінкевічам сказаў, што „значыць, гэта іх патройная памылка“», — згадвае размову зь міліцыянтам Валер Мінец. Паводле актывіста, маёр Ганчарык прапаноўваў яму вярнуць грошы «хоць з уласнай кішэні», але ён адмовіўся: «Справа ў прынцыпе».

Пры гэтым актывіст заўважае, што памылка міліцыянтаў носіць нейкі «дзіўны выбарачны характар».

«Глядзіце, грошы за харчаваньне яны з нас другі раз не спаганялі, хоць маглі, бо была ж „памылка“, як яны кажуць, мы ж нібыта апынуліся ў сьпісе няплатнікаў. А вось натарыяльны збор узялі — дык што гэта? Мой адказ: гэта альбо сьвядомы ціск менавіта на палітычных актывістаў, альбо службовая некампэтэнтнасьць і неахайнасьць міліцыянтаў зь ЦІПу. Яны падставілі і натарыюса, а прызнаваць гэтага ня хочуць».

Сьпіс няплатнікаў быў вялікі, — натарыюс

«Выканаўчы надпіс» адносна Валера Мінца, а таксама Вітольда Ашурка і Аляксея Марцінкевіча складала лідзкі натарыюс Ала Воўк. У размове з карэспандэнтам Свабоды Ала Воўк згадала, што афармляла дакумэнты паводле сьпісу няплатнікаў, які быў атрыманы зь міліцыі.

«Мы ж ня ведаем самі, хто аплаціў, а хто не. Да нас зьвярнулася юрыдычная асоба, і па яе сьпісе мы дзейнічалі на падставе адмысловай пастановы. Спадару Мінцу, які да мяне прыходзіў, я ўсё паказвала, распавядала. Адносна Марцінкевіча магу сказаць, як атрымалася. Там у квітанцыі было іншае прозьвішча, не Марцінкевіч, а Маркевіч. Відаць, тыя, хто плаціў за яго, памыліліся. Таму, калі б у бухгальтэрыі гэта ведалі, ён бы ў сьпіс ня трапіў. А адносна Ашурка нічога пракамэнтаваць не магу. Сьпіс быў вялікі», — сказала натарыюс Воўк.

Паводле Алы Воўк, спагнаньне «натарыяльнага збору» можна аспрэчыць праз суд, і ёй вядома, што Валер Мінец зьбіраецца гэта рабіць.

«Мы ж усё хочам зрабіць паводле закону», — кажа натарыюс.

Актывіст Валер Мінец зьбіраецца падаваць заяву ў суд цягам тыдня. «Яшчэ буду кансультавацца, паасобку ці разам зь іншымі будзе лепей».

Вітольд Ашурак ужо падаў скаргу ў пракуратуру Лідзкага раёну.

«Адказу пакуль няма. Увогуле ня могуць знайсьці мае грошы, што вельмі дзіўна», — кажа Вітольд Ашурак.

Вітольд Ашурак: «Беларусізацыю можна ладзіць нават за кратамі»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG