Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу зьнікненьня Захаранкі падаўжалі 70 разоў. Гэта імітацыя сьледзтва, мяркуе праваабаронца Воўчак


Акцыя салідарнасьці са зьніклым Юрыем Захаранкам, архіўнае фота
Акцыя салідарнасьці са зьніклым Юрыем Захаранкам, архіўнае фота

Атрымаць камэнтар Сьледчага камітэту і Міністэрства ўнутраных спраў да сытуацыі са справай Юрыя Захаранкі не ўдалося.

Маці былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі 15 траўня пахавалі ў роднай вёсцы Васілевічы Рэчыцкага раёну побач з магілай мужа, які памёр у 80-х гадах. Ульляна Захаранка памерла 14 траўня на 95-м годзе жыцьця.

19 гадоў яна чакала весткі ад сына Юрыя, які бязь сьледу зьнік у 1999 годзе.

Чаканьне як катаваньне. Памяці Ўльляны Захаранкі, маці экс-міністра ўнутраных спраў

Крымінальную справу аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі працягвалі больш за 70 разоў, але гэта імітацыя сьледзтва, кажа Свабодзе былы сьледчы менскай пракуратуры Алег Воўчак.

Юры Захаранка зьнік 7 траўня 1999 году пры да канца ня высьветленых абставінах, і дагэтуль сьледзтва не адказала на пытаньне, куды ён падзеўся.

Свабода паспрабавала атрымаць інфармацыю ад МУС і Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь пра стан сьледзтва ў гэтай справе на 15 траўня 2018 году. Аднак удалося даведацца толькі, што яна чарговым разам была падоўжаная Сьледчым камітэтам да 26 чэрвеня 2018 году.

Алег Воўчак
Алег Воўчак

Апазыцыя і праваабаронцы ў Беларусі мяркуюць, што экс-міністар Юрый Захаранка, які пайшоў у апазыцыю Аляксандру Лукашэнку, стаў ахвярай так званага «эскадрону сьмерці». Паводле Алега Воўчака, беларускія ўлады ў расьсьледаваньні справы Захаранкі выбралі тактыку працягваць кожныя тры месяцы справу, каб ствараць бачнасьць працы перад праваабаронцамі і структурамі Эўразьвязу. «Маўляў, расьсьледаваньне вядзецца, чаго вам яшчэ?»

Алег Воўчак кажа, што да апошняга часу Ўльляна Рыгораўна Захаранка спрабавала знайсьці праўду пра лёс сына. «Неверагодна, але яна жыла з надзеяй, што ён жывы. Відаць, з гэтай надзеяй яна ўчора і памерла», — кажа Алег Воўчак.

Дзьве справы пра зьнікненьне Юрыя Захаранкі

Пасьля зьнікненьня Захаранкі ў 1999 годзе былі заведзеныя дзьве справы. Адну завяла пракуратура (у 2011 годзе яна была перададзеная ў Сьледчы камітэт, які сфармавалі на базе сьледчай управы МУС). Другая, апэратыўна-вышуковая справа, дагэтуль застаецца на ўліку ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

«Летась я зьвяртаўся ў МУС з пытаньнем, як ідуць пошукі. Сказалі, што выніку няма», — распавёў Алег Воўчак.

Пра справу аб расьсьледаваньні зьнікненьня Юрыя Захаранкі ў Сьледчым камітэце праваабаронца Алег Воўчак ведае, што яе дагэтуль вядзе Юрый Вараўка — той самы, які да 2011 году працаваў у пракуратуры Беларусі і там таксама расьсьледаваў гэтую справу.

Вечарына памяці Юрыя Захаранкі. 2013 год
Вечарына памяці Юрыя Захаранкі. 2013 год

Цяпер Вараўка загадчык аддзелу, менавіта ён падпісвае свае адказы, паведамляючы кожныя тры месяцы, што справа працягнутая.

«А больш нічога не адказвае — відаць, такі загад», — мяркуе Алег Воўчак.

Праваабаронца перакананы, што свае абавязкі сьледчы выконвае фармальна не таму, што знайсьці сьляды і доказы злачынства немагчыма, а таму, што ад пачатку гэтая справа была пераведзеная ў разрад палітычнай, а значыць тупіковай. На пытаньне, ці быў за 19 гадоў сьледзтва пэрыяд, калі ў справе Юрыя Захаранкі рабіліся пэўныя сьледчыя дзеяньні, Алег Воўчак рашуча адказвае, што такога пэрыяду ніколі не заўважаў.

«Нічога рэальна не рабілася. Нямецкі ці які сьлед, куды нібыта ўцёк Захаранка, нават гэтыя плёткі насамрэч не правяраліся, бо сьледчыя добра разумелі, што гэта прыдумка. А калі мы зьвярталі ўвагу сьледчых на заявы афіцыйных асобаў пра лёс Захаранкі і зазначалі, што гэтыя заявы варта праверыць, сьледзтва нават не адказвала. За 19 гадоў зьмяніліся 4 сьледчыя, і ўсе рабілі аднолькавыя адпіскі — што ваш ліст атрыманы, аб прынятых захадах вам паведамяць пасьля сьледзтва. Мінула 19 гадоў, нічога не паведамілі», — кажа Воўчак.

Маці справу так і не паказалі, памерлым сына не прызналі

Ульляна Захаранка, 2013 год
Ульляна Захаранка, 2013 год

​Вядома, што з матэрыяламі справы аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі так і не азнаёмілі Ўльляну Захаранку, хоць яна неаднаразова гэтага дамагалася.

«Ёй адказвалі, што, паколькі справа яшчэ не завершаная, дык ня могуць нічога паказаць. Тады Ўльляна Захаранка спрабавала дамагчыся, каб прызналі сына памерлым, але суд ня стаў разглядаць яе заяву, адпаведна справу зноў не паказалі».

У пачатку 2010-х гадоў Ульляна Рыгораўна паскардзілася ў ААН на тое, што яе сына Юрыя Захаранку ў Беларусі катавалі.

«Гісторыя цягнулася шмат гадоў, у выніку ў ААН прынялі рашэньне, каб расьсьледаваньне завяршылі, пакаралі вінаватых, а маці выплацілі грашовую кампэнсацыю, але беларускі бок адказаў, што „гэта не абавязковае для выкананьня, а рэкамэндацыйнае рашэньне“. Вось так яе марудзілі да апошняга для жыцьця», — кажа Алег Воўчак.

Яшчэ адна скарга Ўльляны Захаранкі разглядаецца ў ААН

Пра яшчэ адну цяжбу зь беларускай дзяржавай наконт лёсу сына расказала кіраўніца Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская. Праваабаронца дапамагала Ўльляне Захаранцы складаць і накіроўваць скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. Пакуль гэтая скарга не разгледжана. Ці будзе прынята па ёй рашэньне?

Раіса Міхайлоўская
Раіса Міхайлоўская

«У другой скарзе мы рабілі ціск на тое, што Ўльляне Захаранцы адмоўлена ў доступе да правасудзьдзя, бо суды адмаўляліся разглядаць яе заявы аб прызнаньні сына памерлым. У ААН прынялі гэтую скаргу, і цяпер яна знаходзіцца ў стадыі камунікацыі з дзяржавай», — кажа Міхайлоўская.

Праз паўгода дзяржава мае адказаць камітэту правоў чалавека ААН на гэтую скаргу. Гэта Міхайлоўскай нядаўна паведамілі з ААН, бо яна зьяўляецца прадстаўніцай Ульляны Захаранкі.

«Але вось цяпер, калі Ўльяны Рыгораўны, на жаль, ужо няма, у мяне ўзьнікаюць сумненьні, ці будзе беларуская дзяржава ўвогуле камунікаваць з ААН наконт гэтай скаргі. Але мы будзем шукаць магчымасьці, каб завершыць і гэтую скаргу лягічным рашэньнем. Гэта наш абавязак перад Ульлянай Захаранкай, якая да апошняга змагалася за памяць аб сыне», — сказала Свабодзе праваабаронца Раіса Міхайлоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG