Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым кіраўніком ураду Каталёніі стаў прыхільнік незалежнасьці


Жуакім Тора на паседжаньні парлямэнту Каталёніі 14 траўня 2018 году
Жуакім Тора на паседжаньні парлямэнту Каталёніі 14 траўня 2018 году

Новым кіраўніком ураду Каталёніі стаў Жуакім Тора. Як паведамляе гішпанская газэта El Pais, кандыдатуру Тора падтрымалі 66 дэпутатаў, 65 выступілі супраць, чацьвёра устрымаліся ад галасаваньня.

Паводле El Pais, Тора не належыць ні да якой партыі, аднак зьяўляецца блізкім сябрам былога лідэра Каталёніі Карлэса Пучдэмона. Акрамя таго, на выбары ў парлямэнт летась Тора ішоў па сьпісах руху «Разам за Каталёнію», які выступае за незалежнасьць рэгіёну ад Гішпаніі і які ўзначальвае Пучдэмон. Кандыдатуру Тора на сёньняшнім галасаваньні падтрымалі таксама прыхільнікі незалежнасьці аўтаноміі з партыі «Левыя рэспубліканцы Каталёніі».

Са сьнежня 2017 году рэгіянальны парлямэнт некалькі разоў спрабаваў выбраць кіраўніка ўраду, у тым ліку Пучдэмона. Аднак ён ня мог вярнуцца ў краіну ў сувязі з крымінальным перасьледам. 10 траўня былы лідэр Каталёніі назваў сваім пераемнікам Тора.

25 сакавіка Пучдэмона затрымалі ў Нямеччыне, пасьля перасячэньня мяжы з Даніяй. Цяпер ён знаходзіцца на тэрыторыі Нямеччыны пад падпіскай аб нявыезьдзе.

У кастрычніку 2017 году парлямэнт Каталёніі абвясьціў аб незалежнасьці па выніках рэфэрэндуму ў рэгіёне. Мадрыд назваў галасаваньне незаконным і ўвёў у Каталёніі прамое кіраваньне. Гішпанскі ўрад абвінаваціў былога кіраўніка Каталёніі Карлэса Пучдэмона і яго прыхільнікаў у мецяжы. Яны зьехалі за мяжу, баючыся перасьледу з боку іспанскіх уладаў. У Гішпаніі ім пагражаюць шматгадовыя турэмныя тэрміны. Шэраг каталёнскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў зьняволеныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG