Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму давер расейцаў да Беларусі і Казахстану зьніжаецца


Зьлева направа: прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Давер расейцаў да Беларусі і Казахстану зьніжаецца. Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага апытаньня, якое правёў расейскі фонд «Грамадзкая думка» напрыканцы красавіка.

Беларусь па-ранейшаму застаецца першай у сьпісе краінаў, зь якімі «у Расеі цяпер найбольш блізкія, сяброўскія дачыненьні». Аднак упершыню, пачынаючы з 2014 году, колькасьць расейцаў, якія прытрымліваюцца гэтай думкі, склала меней за 60%. Яшчэ большае падзеньне ў Казахстану: 61% у 2015 годзе і 40% сёлета.

Палітоляг Алесь Лагвінец кажа, што вынікі апытаньня — адлюстраваньне палітыкі пэўнага ізаляцыянізму Крамля.

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

«Расейскім уладам вельмі выгадна прадставіць сваю краіну ў выглядзе асаджанай крэпасьці. Яна адна выступае супраць усяго сьвету і нясе сваю нібыта высокую місію», — кажа Лагвінец.

Другая прычына зьніжэньня даверу расейцаў да Менску і Астаны — гэта тое, што самыя блізкія хаўрусьнікі Масквы Лукашэнка і Назарбаеў у пэўных пытаньнях праводзяць сваю гульню, сьцьвярджае палітоляг.

«Прэзыдэнты Беларусі і Казахстану час ад часу, зыходзячы са сваіх кан’юнктурных інтарэсаў, стараюцца адасобіцца ад занадта адыёзных дзеяньняў расейскіх уладаў. І тады маскоўская прапаганда пачынае іх атакаваць. Расейцы чуюць гэта з тэлевізіі і таму ўсё менш і менш давяраюць і беларусам, і казахам», — тлумачыць Алесь Лагвінец.

Што тычыцца найгоршых краін у стаўленьні да Расеі, то ў разуменьні расейцаў, гэта ЗША, Украіна і Вялікая Брытанія.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG