Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Кнігазборы» выйшлі казкі Глобуса, баляды Арлова і перапіска Гарэцкага


У традыцыйным суботнім аглядзе кніжных навінак — незалежнае выдавецтва «Кнігазбор».

Радзім Гарэцкі. «Апантаны Бацькаўшчынай». Публіцыстычныя артыкулы, лірычныя замалёўкі, мініятуры, эсэ

Як адзначае ў прадмове аўтар, навуковец і грамадзкі дзеяч Радзім Гарэцкі, гэты том ёсьць працягам выдадзенай ім у 2013 годзе кнігі «Жыцьцёвы мэлянж». Зьмешчаныя на яе старонках дакумэнтальныя творы розных жанраў ахоплівалі жыцьцяпіс аўтара з 1992 да 2013 году. Яны выклікалі жывую зацікаўленасьць чытачоў. Радзім Гарэцкі зьмяшчае ў прадмове да новага тома адзін з водгукаў на першую кнігу.

«Нечакана атрымаў ліст зь Берасьця (20.ХІІ.2014) ад Марыі Пракопаўны Лукашук — маці вядомага дырэктара беларускай службы Радыё Свабода, журналіста, пісьменьніка, грамадзкага дзеяча. Яна былая настаўніца, пэдагог, ведала майго брата Ўсяслава, я сустракаўся зь ёй на зьезьдзе беларусаў сьвету. У лісьце Марыя Лукашук таксама напісала пра маю кнігу: «Шаноўны Радзім Гаўрылавіч! Не магу не выразіць сваё ўражаньне ад Вашага „Жыцьцёвага мэлянжу“. [...] ... Ужо 3 гадзіны ночы, а мне ня сьпіцца, чытаю Ваш „Мэлянж“, чытаю нясьпешна, наталяюся Вашым іскрыстым словам, вобразамі, разважаньнямі. Бяру Вашу кнігу як на дэсэрт, чытаю па 15–20 старонак на працягу 2 месяцаў, потым зноў асобныя старонкі перачытваю. У маім уяўленьні як жывыя ўяўляюцца Вашы родныя, сябры, калегі. [...] Удзячна Вам, спадар Радзім, што Вы так падрабязна апісалі жыцьцёвы шлях свайго знакамітага брата. Хай руская зямля для нашага вялікага беларуса будзе яму пухам. [...] ...Вы ўнесьлі ў беларускую навуку важкі ўклад, можа хопіць, астаўце яе і падарыце нам яшчэ „Мэлянж“».

Новы том ёсьць своеасаблівым адказам на гэтую просьбу. Ён адлюстроўвае час ад 2013-га да амаль сёньняшняга дня і будзе цікавы ўсім, каго хвалюе лёс краіны і яе найлепшых людзей.

«Як укладалі „Спадчыну“». Аўтары-ўкладальнікі Натальля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. Дакумэнталістыка

Гісторыя падрыхтоўкі і выданьня першага на Захадзе вялікага тому твораў Янкі Купалы «Спадчына» поўная драматычных калізій і інтрыгоўных варункаў. Выдадзеная ў Мюнхэне ў 1955 годзе, яна стала сэнсацыяй па абодва бакі мяжы камуністычнае БССР. Мюнхэнскі том Купалавых твораў ня толькі паказаў эмігрантам сапраўднага найвялікшага беларускага песьняра, але, увабраўшы ў сябе забароненыя цэнзураю ў падсавецкай Беларусі рэчы, вымусіў у ёй афіцыйнае купалазнаўства пайсьці, няхай павольна, неахвотна, да іхнай рэабілітацыі. Да таго ж, як адзначаюць Н.Гардзіенка і Л.Юрэвіч, гэтае выданьне стала сапраўдным учынкам эміграцыі, і ўчынкам бадай геройскім: у першай палове 1950-х, калі яшчэ ня ўсе выехалі зь Нямеччыны, калі жыцьцё прыватнае, асабістае не ўсталявалася, сабраць — пры тагачаснай нішчымнасьці заходніх бібліятэк на беларускія выданьні — і ўкласьці том з 302 твораў ды выдрукаваць накладам у 2 тысячы асобнікаў маглі толькі моцна апантаныя ідэяй людзі. Усе гэтыя няпростыя высілкі і паказаныя на старонках расповеду «Як укладалі „Спадчыну“».

Кніга створана на аснове эпісталярнага архіву, перададзенага Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) у Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва.

Адам Глобус. «Казкі сталічныя». Мініятурная проза

Новая кніга літаратара і мастака мае тры разьдзелы: «Парыскія казкі», «Віленскія казкі», «Асмалоўскія казкі». І два дадаткі: «Менскія казкі», «Віцебскія казкі». У простай форме самага першага літаратурнага жанру аўтар паказвае складаныя рэчы паўсядзённага жыцьця і спрадвечных праблемаў чалавечых стасункаў. За зразумелымі кароткімі казачнымі сюжэтамі хаваюцца неспазнаныя таямніцы быцьця і сьмерці.

Вось хаця б першая казка кнігі.

Зялёны сом

У Сене пад Парыжам вырас велізарны, як бервяно, сом. Вырашыў той зялёны сом ажаніцца. Ён прыплыў у Парыж і запатрабаваў тры нявесты, каб было з каго выбіраць. Сом быў такі вялікі, а Парыж тады быў яшчэ такі маленькі, што парыжане спалохаліся рачной пачвары. Збаяліся, што выпаўзе на бераг і разбурыць горад, а жыхароў усіх чыста зжарэ. Таму і кінулі парыжане ў рачныя хвалі трох найпрыгажэйшых маладых парыжанак.

Тры дні і тры ночы зялёны сом разглядаў сваіх палоньніц, а потым узяў і вярнуў іх на бераг Сены жывымі ды вясёлымі. Прыгажуні былі вясёлыя, бо атрымалі ад зялёнага сома па куфэрку з золатам і каштоўнымі ўпрыгажэньнямі. Менавіта пасьля гэтага здарэньня Парыж і пачаў расьці, мацнець ды квітнець.

Уладзімер Арлоў. «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Баляды

​Гэтая кніга Ўладзімера Арлова зьдзівіць многіх ягоных прыхільнікаў, бо, як напісана ў анатацыі, баляды пісьменьніка нарадзіліся на бязьмежжы жанраў. 128 старонак кнігі зьмяшчаюць 9 твораў, якіх літаратуразнаўцы, магчыма, і не залічаць да традыцыйнага жанру балядаў. Чаго вартыя ўжо самі назвы твораў: «Кат Бальтазар», «Аркады Падуі», «Апошняя жанчына Казановы»...

Кнігу завяршае баляда «Паэтычны фэст у Друскеніках».

паэтычныя чытаньні
працягваюцца ў паліцыі
ты цалкам гатовы даць паказаньні
yes
твой арганізм атручаны паэзіяй
паэт з Эгіпту ўдакладняе:
it isn’t alcohol!
паліцэйскі сумняецца
краіна пражываньня?
ты (урачыста):
Magnus Dukatus Poesis!
паліцэйскі (задуменна):
зараз прыедзе Вергіліюс
ты (ветліва):
няхай захопіць Гарацыюса з Катуласам
і Шэксьпіраса
зьяўляецца Вэргіліюс
вядзе Ўітмэна і Эліёта
Шэксьпірас ідзе сам
бярэ мышку ад кампутара
пачынае ўпэўнена дэклямаваць у мышку
замест мікрафона
чамусьці па-літоўску
радкі знаёмыя
ты перакладаў іх на беларускую:
ну вось і ўсё... цяпер ужо капец
на небе поўня
думкі што адбой праз хвілю...
Вэргіліюс: яшчэ адзін пратакол!
адбіраеш у Шэксьпіраса мышку
падносіш да вуснаў
ты хочаш зрабіць палітычную заяву
цішыня не запаноўвае
прашу паэтычнага прытулку!
нетэатральна падаеш
з галавой накрываесься праграмкай
бачыш як у дзьверы
з баявой харугваю фэсту
ўрываюцца
Дантэ з Хаданавічусам
Муракамі з сакэ і сакурай
вэнэсуэльскі паэт з калашнікавым
and Others
дзесьці за сцэнай
Бон Джові сьпявае песьню
на твой даўні верш
it’s all the same
only the names have changed
усё па-ранейшаму
толькі імёны зьмяніліся
Прыемнага чытаньня!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG