Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што на хімічным гіганце ў Горадні гавораць пра новы азотны камбінат, анансаваны Лукашэнкам


Прадпрыемства «Гродна Азот»

Супрацоўнікі «Гродна Азот» чакаюць, што новы азотны камбінат, пабудову якога абмяркоўвалі ў Лукашэнкі, прынясе ня толькі сотні працоўных месцаў, але і падвышэньне заробкаў.

Завод за 1,3 мільярда даляраў

Лёс адзінага ў Беларусі прадпрыемства для вырабу азотных угнаеньняў ранкам 10 траўня абмеркавалі на ўзроўні кіраўніка краіны. Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што «ніякіх стратных і датацыйных праектаў у краіне быць не павінна». Выбіраючы паміж глыбокай мадэрнізацыяй існуючага прадпрыемства «Горадня Азот» і пабудовай новага азотнага камбінату, Лукашэнка падтрымаў абодва праекты.

Папраўдзе размова пра мадэрнізацыю заводу, пабудаванага ў 1963 годзе, як і пра пабудову чарговага цэху побач зь ім, ідзе прынамсі некалькі гадоў.

Глыбокая мадэрнізацыя выльецца ў прыкладна 400 мільёнаў даляраў, пабудова новага камбінату — у 1,3 мільярды даляраў. Плянуецца ўзяць кітайскі крэдыт на рэалізацыю праектаў. Генэральнага падрадчыка таксама выберуць сярод кітайскіх фірмаў. Новы завод запусьцяць да 2024 году. Ён мусіць акупіцца яшчэ празь дзесяць гадоў. Пра гэта генэральны дырэктар прадпрыемства Ігар Бобыр раней паведаміў у інтэрвію газэце «Вестник Белнефтехима».

«Усе чакаюць зь нецярплівасьцю»

Інтэрнэт-карыстальнікі крытычна паставіліся да ідэі ўкласьці грошы ў прадпрыемства савецкіх часоў. Аднак на самім горадаўтваральным заводзе скептычных водгукаў не чуваць.

«Камэнтары ў інтэрнэце пішуць, напэўна, ня нашы супрацоўнікі. Тут усе чакаюць зь нецярплівасьцю. Зьявяцца новыя працоўныя месцы. Павысіцца прадукцыйнасьць, пабольшае прыбытак, вырастуць заробкі», — кажа Свабодзе адна з супрацоўніц «Гродна Азот», якая просіць не называць ейнага імя.

Колькі менавіта людзей атрымаюць працу на новым камбінаце, пакуль невядома. На заводзе мяркуюць, што гэта сотні месцаў, але ня болей за тысячу. Цяпер на хімічным прадпрыемстве працуе каля 10 тысяч чалавек. Заробкі тут і так вышэйшыя за сярэднія па горадзе. Рабочыя атрымліваюць прыкладна ад 500 да 800 рублёў, інжынэрна-тэхнічныя работнікі — па 1000-1500 рублёў.

«Гродна Азот»
«Гродна Азот»

«Будзе больш сучасная вытворчасьць. Наколькі я зразумеў, там будзе цэх аміяку, цэх карбаміду. Аміяк перапрацоўваецца ў карбамід (мачавіну). А мачавіну — калі ласка, прыяжджай з калгасу і забірай, або на экспарт некуды прадаваць», — гаворыць Свабодзе іншы супрацоўнік асноўнай вытворчасьці.

Ён упэўнены, што з дапамогай новых тэхналёгій выдаткі на прадпрыемстве скароцяцца, а прадукцыйнасьць павысіцца.

«Будзе больш энэргаэфэктыўная вытворчасьць. Цяпер адну колькасьць газу і электраэнэргіі выкарыстоўваюць, а там будзе, ня ведаю дакладна лічбаў, але менш. Вытворчасьць там, напэўна, будзе большай. Як навошта будаваць? Эканоміка павінна разьвівацца. З 1963 году ўжо закрыліся першы і другі цэхі аміяку. Цяпер працуюць трэці і чацьвёрты. Новы камбінат стане пятым цэхам аміяку», — працягвае расказваць мужчына.

Вядома, што для двух існуючых цэхаў аміяку распрацоўваюцца праекты мадэрнізацыі. У выніку на іх змогуць вырабляць болей прадукцыі.

Да мадэрнізацыі «Гродна Азот» можна аднесьці і буйную нядаўнюю будоўлю на тэрыторыі прадпрыемства, якая ішла некалькі гадоў, — цэх азотнай кіслаты.

Не было б куды збываць, не будавалі б

Што да рынкаў збыту, то на заводзе ўпэўненыя: не было б куды збываць, не будавалі б.

«Сытуацыя на рынку мяняецца штогод. Карбамід то таньнее, то даражэе. Калгасы столькі, колькі мы вырабляем, ня возьмуць. У асноўным прадукцыя ідзе на экспарт», — тлумачыць супрацоўнік.

Частка прадукцыі ідзе ў беларускія калгасы, а рэшту накіроўваюць на экспарт у больш як 60 краін сьвету, у тым у Аўстралію, Паўночную і Паўднёвую Амэрыку, Афрыку, Азію, Эўропу.

Прадукцыя, падрыхтаваная на экспарт. Фота з сайту прадпрыемства
Прадукцыя, падрыхтаваная на экспарт. Фота з сайту прадпрыемства

Наконт прыбытковасьці новага комплексу таксама сумневаў няма, бо і цяпер сытуацыя задавальняе работнікаў:

«У нас прыбытковае прадпрыемства. Праўда, квартал ад кварталу адрозьніваецца. Але ніякіх датацый мы не атрымліваем — атрымліваем заробкі і прэміі», — кажа мужчына.

Гісторыя прадпрыемства «Гродна Азот» ідзе ад 1963 году. На ім вырабляюць аміяк, мэтаноль, мінэральныя ўгнаеньні, капраляктам і іншае. Гэта адкрытае акцыянэрнае таварыства. Больш за 99% акцый належаць дзяржаве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG