Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла кніга пра былога дырэктара беларускай службы Радыё Свабода пісьменьніка Масея Сяднёва 


Пабачыла сьвет новая кніга выдавецкай сэрыі «Бібліятэка „Бацькаўшчыны“»​, прысьвечаная Масею Сяднёву — выдатнаму дзеячу эміграцыі, паэту, празаіку, крытыку, філёлягу, кіраўніку беларускай службы Радыё Свабода з 1968-га па 1983 год.

Як адзначае Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», камэнтары аўтара-ўкладальніка, сябра Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Лявона Юрэвіча ляканічныя, самі за сябе гавораць лісты і тэксты Сяднёва, згадкі пра яго асобу ў ліставаньні калегаў і паплечнікаў. Нават назва кнігі — «Масей Сяднёў: Pro et Contra» — рыхтуе чытачоў да неабходнасьці ўзважваць аргумэнты «за» і «супраць».

«Маліцца хараству — закон адзіны мой»

Масей Сяднёў
Масей Сяднёў

Масей Сяднёў нарадзіўся 19 жніўня 1913 году ў вёсцы Мокрае Клімавіцкага павету, цяпер Касьцюковіцкі раён. Вучыўся спачатку ў Амсьціслаўскім пэдагагічным тэхнікуме, а потым у Менскім пэдінстытуце. Скончыць ВНУ не давялося: у 1936 годзе савецкія ўлады зьвінавацілі маладога творцу ў «нацдэмаўшчыне» і выслалі на Калыму.

У чэрвені 1941-га ён быў накіраваны ў Менск для перагляду справы, а неўзабаве і вызвалены з-пад канвою — пачалася вайна. Праз два гады зьехаў у Беласток, а пасьля ў Нямеччыну, дзе жыў у зонах акупацыі войскамі саюзнікаў.

У 1950 годзе Масей Сяднёў перабраўся ў ЗША. Працаваў на мэталаапрацоўчым заводзе, выкладаў расейскую мову ва ўнівэрсытэце Індыяны, атрымаў ступень магістра філялягічных навук.

У 1968-м быў накіраваны ў Мюнхен і наступныя паўтара дзясятка гадоў кіраваў Беларускай службай Радыё Свабода. Толькі на пачатку 1990-х, яшчэ не рэабілітаваны, ён змог наведаць незалежную Рэспубліку Беларусь, у 1993 годзе быў дэлегатам першага Зьезду беларусаў сьвету.

Лідзія Савік: Я вярнула Беларусі рэпрэсаваную літаратуру

Для характарыстыкі асобы галоўнага героя кнігі «Масей Сяднёў: Pro et Contra», як адзначае ўкладальнік Лявон Юрэвіч, добра пасуе штамп «творчы канфлікт». А шчодра цытаваныя літаратурна-крытычныя тэксты ня страцілі сваёй актуальнасьці і нават сёньня здольныя выклікаць вострую палеміку.

Выданьне зьмяшчае падрабязныя падрадковыя камэнтары, падрыхтаваныя намесьніцай дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музэю літаратуры і мастацтва Натальляй Гардзіенкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG