Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэтэндэнтка на пасаду кіраўніцы ЦРУ шмат гадоў працавала ў Расеі пад прыкрыцьцём


Джына Гаспэл.

Джон Маккейн выступіў супраць прызначэньня Джыны Гаспэл дырэктарам ЦРУ. Сэнатар назваў амаральным яе ўдзел у праграме жорсткіх мэтадаў допыту, паведамляе Голас Амэрыкі.

Сэнатар Джон Маккейн, які праходзіць курс лячэньня ад раку ў штаце Арызона, выступіў з заявай з нагоды намінацыі Джыны Хаспел на пасаду дырэктара ЦРУ.

На думку сэнатара-рэспубліканца, які адчуў на сабе катаваньні як ваеннапалонны ў Віетнаме ў пачатку 70-х, удзел Джыны Гаспэл у праграме выкарыстаньня ЦРУ сакрэтных турмаў і ўжываньня гвалту да зьняволеных, робіць немагчымым яе прызначэньне на пасаду кіраўніка спэцслужбы.

«Я лічу Джыну Гаспэл патрыёткай, якая любіць сваю краіну і якая прысьвяціла сваё прафэсійнае жыцьцё службе і абароне радзімы, — гаворыцца ў заяве Маккейна. — Тым ня менш, удзел спадарыні Гаспэл у праграме ўжываньня катаваньняў, якія ажыцьцяўлялі амэрыканцы, перашкаджае мне падтрымаць яе (кандыдатуру). Яе адмова прызнаць, што ўжываньне катаваньняў зьяўляецца амаральным учынкам, цалкам дыскваліфікуе яе кандыдатуру».

Кандыдатуру Джыны Гаспэл падтрымаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

У сераду на працягу больш чым дзьвюх гадзінаў яна адказвала на пытаньні заканадаўцаў у рамках сэнацкіх слуханьняў адносна яе кандыдатуры на пасаду дырэктара Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня, паведамляе ВВС.

Гаспэл — дачка амэрыканскага ваеннага лётчыка, яе дзяцінства прайшло на авіябазах па ўсім сьвеце. Яе першая працяглая камандзіроўка ў якасьці афіцэра ЦРУ была ў Афрыку, пасьля яна адправілася ў 15-гадовую камандзіроўку ў СССР і Расею.

Камандзіроўка супала з пачаткам перабудовы, гарбачоўскай эпохай, распадам СССР і заканчэньнем халоднай вайны.

ВВС адзначае, што намінацыя Гаспэл — гістарычная: да гэтага ЦРУ заўсёды кіравалі мужчыны.

Гаспэл бліскуча валодае расейскай і турэцкай мовамі. Да яе, наколькі гэта вядома з адкрытых крыніц, расейскай не валодаў ніводзін кіраўнік ЦРУ.

Гаспэл працавала ў СССР і Расеі пад прыкрыцьцём — яе біяграфія дагэтуль старанна цэнзуравалася ня толькі для шырокай грамадзкасьці, але і для членаў Сэната, якія валодаюць самым высокім узроўнем доступу да сакрэтнай інфармацыі. Да цяперашняга часу пра яе знаходжаньне на тэрыторыі Савецкага Саюзу, а затым Азэрбайджану і Расеі, шырокай публіцы было невядома.

У 2001 годзе яна папрасіла аб пераводзе з Расеі ў контртэрарыстычны цэнтар ЦРУ і выйшла на працу ў адзін з самых чорных дзён у гісторыі ЗША — 11 верасьня 2001 году.

Пазьней Гаспэл адслужыла дзьве камандзіроўкі ў Вялікабрытаніі і вярнулася ў ЗША ў пачатку 2017 году. Мяркуецца, што менавіта Гаспэл і яе меркаваньне адыгралі ключавую ролю ў нядаўняй высылцы расейскіх дыпляматаў пасьля атручваньня Сяргея і Юліі Скрыпалей у Вялікабрытаніі.

З моманту пераходу Гаспэл ў Цэнтр процідзеяньня тэрарызму ў 2001 годзе ЦРУ ўсур’ёз узялося за жорсткія антытэрарыстычныя апэрацыі, а Гаспэл неўзабаве ўзначаліла аддзяленьне ЦРУ ў Тайляндзе, дзе выкарыстоўваліся так званыя «узмоцненыя допыты», якія праваабаронцы лічаць катаваньнямі.

Менавіта гэтыя факты ў яе біяграфіі і сталі галоўным пунктам нязгоды, калі прэзыдэнт Дональд Трамп упершыню абвясьціў аб тым, што намінуе былую шпіёнку на пасаду кіраўніка ЦРУ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG