Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нямецкім Аахене ў чацьвер праходзіць сустрэча канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель, прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона і прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

Яе галоўная тэма — абмеркаваньне разгортваньня міратворчай місіі ў зоне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Мэркель раней падкрэсьліла, што аб трохбаковай сустрэчы нельга казаць як пра перамовы ў «нармандзкім фармаце» — з прыччыны адсутнасьці расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Калі «Нармандзкая чацьвёрка» зьбярэцца ў поўным складзе — невядома. Чакаецца, што 18 траўня Мэркель наведае Пуціна ў Сочы, а ў канцы траўня Макрон прыедзе ў Пецярбург.

Як піша «Нямецкая хваля», адной з тэм перамоваў, верагодна, стала таксама ўнутрыпалітычная сытуацыя ва Ўкраіне, у тым ліку барацьба з карупцыяй і прасоўваньне эканамічных і сацыяльных рэформаў. Па выніках сустрэчы не чакаецца якіх-небудзь публічных заяваў.

Раней прэзыдэнту Францыі ў Аахене была ўручана прэстыжная Прэмія Карла Вялікага — за заслугі ў справе эўрапейскай інтэграцыі. У сваім выступе Макрон заклікаў да стварэньня адзінага бюджэту краін эўразоны. Мэркель, як паведамляецца, адрэагавала на гэтую прапанову стрымана, аднак у сваім прывітальным слове заявіла, што Эўропа больш не павiнна спадзявацца на «абарону» з боку ЗША і павінна ўзяць сваю бясьпеку ў свае рукі, піша агенцтва France Presse.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG