Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўніцы і дзяржава: хто на каго цісьне?


Галадоўніцы ў Калінкавічах
Галадоўніцы ў Калінкавічах

Часам мне падаецца, што заняць высокую дзяржаўную пасаду ў Беларусі можна толькі, калі маеш асаблівы навык «перакідваць з хворай галавы на здаровую». І калі старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала называе галадоўку ўдзельніц руху «Маці 328» ціскам і ўмяшаньнем у правасудзьдзе, я чарговы раз упэўніваюся, што маніпуляцыя — адзін з улюблёных сродкаў нашага чынавенства.

Дзяржава зноў спрабуе выдаць белае за чорнае і наадварот. Але галадоўка — гэта апошняя зброя ў цяперашняй Беларусі. Іншыя спосабы выказаць палітычны пратэст і нязгоду з уладамі фактычна адсутнічаюць.

Улады дагэтуль не дазваляюць ім зарэгістравацца.

У красавіку 2016 года актывісткі ініцыятыўнай групы «Рух маці 328» зьвярнуліся ў Гарадзенскі абласны суд пасьля таго, як абласное упраўленьне юстыцыі адмовіла ім у рэгістрацыі. Суд падтрымаў рашэньне ўпраўленьня юстыцыі, спаслаўшыся на тое, што назва руху нібыта не адпавядае характару дзейнасьці. Жанчыны не здаліся і дайшлі ажно да скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН, але ўлады дагэтуль не дазваляюць ім зарэгістравацца.

Зарэгістраваць арганізацыю жанчыны не могуць, а калі дзейнічаць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, яны рызыкуюць быць пакаранымі ў адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам. І дзяржава ня лічыць гэта ціскам на грамадзянскую супольнасьць ці абмежаваньнем у правах.

Ці ёсьць у гэтых жанчын законная магчымасьць выйсьці са сваімі патрабаваньнямі?

Можна, вядома ж, казаць, што для грамадзянскага пратэсту і асьветніцкай дзейнасьці неабавязкова ствараць арганізацыю. Але ці ёсьць у гэтых жанчын законная магчымасьць выйсьці са сваімі патрабаваньнямі на плошчу? Зладзіць мітынг ці сэрыю адзіночных пікетаў? Правесьці марш? Ды проста стаяць пасярод вуліцы і раздаваць інфармацыйныя ўлёткі?

Фармальна яны могуць зьвярнуцца да адпаведных органаў з просьбай дазволіць правядзеньне масавага мерапрыемства, але ў рэальнасьці імавернасьць такога дазволу блізкая да нуля. Як ні дзіўна, але гэта таксама ня лічыцца ціскам з боку дзяржавы.

Галадоўка, якая цяпер праходзіць у Калінкавічах, плянавалася ў Буда-Кашалёве, але жанчыну, у чыёй хаце ўсё мусіла адбывацца, запалохалі ў пракуратуры адказнасьцю за прадастаўленьне памяшканьня для несанкцыянаванага мерапрыемства і магчымасьці працы неакрэдытаваных СМІ. Калі жанчыны папрасілі афіцыйнага дазволу ў Гомельскім гарвыканкаме на правядзеньне галадоўкі, ім адмовілі.

Калі яны ўсё ж пачалі галадаць у кватэры ў Калінкавічах, у першы ж дзень да іх прыйшлі міліцыянты з позвай для гаспадыні кватэры. У адпаведнасьці з дакумэнтам, жанчына мусіла прыйсьці ў абласную пракуратуру з тлумачэньнямі.

У першы ж дзень да іх прыйшлі міліцыянты з позвай для гаспадыні кватэры.

Але гэта ўсё ня ціск з боку дзяржавы! Адмова ў рэгістрацыі, адмова ў правядзеньні мерапрыемства, запужваньне крымінальнай адказнасьцю, «просьба» напісаць заяву на звальненьне — гэта ўсё нібыта нармальнае, «здаровае» функцыянаваньне дзяржаўнага апарату сучаснай Беларусі. А галадоўка — тое, на што ідуць у сытуацыі поўнай безвыходнасьці, — гэта, вядома, ціск і ўмяшаньне ў правасудзьдзе.

Валянцін Сукала кажа, што такіх спосабаў (як галадоўка) у нас быць не павінна, і я з гэтым цалкам згодная. Ніводная маці не павінна рызыкаваць сваім здароўем і жыцьцём, уваходзячы ў бестэрміновую галадоўку, бо ў яе мусяць быць іншыя законныя спосабы заявіць пра праблему і выказаць сваю пазыцыю. Але пакуль што адмова ад ежы — ўсё, што застаецца гэтым жанчынам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG