Сырыйскія дзяржаўныя СМІ і незалежныя крыніцы паведамілі пра ракетныя ўдары, нанесеным у ноч на сераду па ваеннай базе ўрадавых сіл на поўдзень ад Дамаску.
Сьцьвярджаецца, што ўдар нанесьлі самалёты Ізраіля — праз некалькі гадзін пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб выхадзе Вашынгтону з так званай «ядзернай угоды» з Іранам.
Сырыйскае агенцтва SANA паведаміла, што ракеты былі зьбітыя. У той жа час Сырыйскі цэнтар маніторынгу правоў чалавека, які базуецца ў Лёндане, сьцьвярджае са спасылкай на свае крыніцы, што была зьнішчаная іранская ваенная тэхніка і забітыя некалькі чалавек — як мяркуецца, іранскіх ваенных або байцоў праіранскіх фармаваньняў.
Міністэрства абароны Ізраілю — як і ў папярэдніх выпадках, калі Ізраіль наносіў удары па цэлях у Сырыі — адмовілася камэнтаваць паведамленьні.
Адразу пасьля выступу Трампа аб выхадзе з пагадненьня з Іранам Ізраіль вечарам у пятніцу прывёў свае войскі ў стан павышанай гатоўнасьці ў раёне Галанскіх вышынь. Гэта адбылося пасьля таго, як Ізраіль выявіў «нестандартную актыўнасьць іранскіх сіл у Сырыі».
Ізраіль абвінавачвае Іран у імкненьні выкарыстоўваць тэрыторыю Сырыю як пляцдарм для агрэсіі. Чакаецца, што сырыйская тэма стане галоўнай на перамовах прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньяху з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, якія пройдуць сёньня ў Маскве. «Нашы сустрэчы заўсёды важныя, але гэтая — асабліва важная, у сьвятле таго, што адбываецца на дадзены момант у Сырыі» — заявіў прэмʼер Ізраілю перад вылетам у Маскву.
Раней Нэтаньяху разам з Пуціным наведаў парад на Краснай плошчы ў Маскве, прысьвечаны Дню перамогі.