Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе аблілі ружовай фарбай помнік савецкаму маршалу Коневу


У Празе ў ноч з панядзелка на аўторак абліты ружовай фарбай помнік маршалу Савецкага Саюзу Івану Коневу. Пра гэта паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода зь месца здарэньня. На помніку зроблены надпіс на чэскай мове «Той, які ні разу ня стрэліў» ( «Ten, ktery nikdy nevystřelil»).

У савецкай гістарыяграфіі маршал Конеў лічыцца кіраўніком вызваленьня Прагі ў 1945 годзе. Аднак, паводле сучасных гісторыкаў, войскі 1-га Ўкраінскага фронту пад камандаваньнем Конева ўвайшлі ва ўжо вызваленую Прагу, якую на той момант узялі пад кантроль удзельнікі Праскага паўстаньня і войскі Расейскай вызваленчай арміі генэрала Андрэя Ўласава, якія павярнулі зброю супраць немцаў.

Чэскія гісторыкі адзначаюць, што калі маршал Конеў са сваімі падразьдзяленьнямі прыехаў у канцы Другой сусьветнай вайны, а менавіта 9 траўня 1945 году з Дрэздэна ў Прагу, у горадзе заставаліся ўсяго некалькі атрадаў СС. У той час усе падразьдзяленьні вэрмахту пакінулі горад, бо што за дзень да таго, 8 траўня, была падпісаная безумоўная капітуляцыя з камандаваньнем Праскага паўстаньня.

У сьнежні 2017 года праскі помнік маршалу Івану Коневу, разьмешчаны ў Празе-6 — адным з адміністрацыйных раёнаў сталіцы Чэхіі, некалькі разоў трапляў у цэнтар увагі. У канцы лістапада тут адбылася арганізаваная Камуністычнай партыяй Чэхіі дэманстрацыя супраць плянаў раённай адміністрацыі часткова зьмяніць выгляд помніка. На акцыі пратэсту сабраліся прыблізна 150 чалавек, у тым ліку ўнучкі маршала Ганна і Алена. Усьлед за гэтым невядомыя нанесьлі на пастамэнт чырвонай фарбай дзьве даты: 1956 і 1968.

Раённая адміністрацыя плянуе ў ходзе рэканструкцыі помніка зьняць разьмешчаную тут шыльду, якая нагадвае аб «выратаваньні Прагі ад зьнішчэньня дзякуючы сілам 1-га Ўкраінскага фронту, якімі камандаваў Конеў падчас Другой сусьветнай вайны», і замяніць яе шыльдай з гістарычнай даведкай пра ролю маршала ў здушэньні Вугорскага паўстаньня 1956 году і ўводзе войскаў краін Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе. Супраць плянаў рэканструкцыі, у ліку іншых, выступіла і пасольства Расеі ў Чэхіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG