Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэзыдэнт-хамэлеон». Вынікі першага году Макрона на чале Францыі


Эманюэль Макрон
Эманюэль Макрон

7 траўня 2017 году 39-гадовы Эмануэль Макрон быў абраны прэзыдэнтам Францыі, атрымаўшы 66,1% галасоў у другім туры выбараў, у якім ён супрацьстаяў Марын Лё Пэн. Пра тое, як праз год у краіне падводзяць першыя вынікі кіраваньня новага прэзыдэнта — у рэпартажы карэспандэнта Свабоды.

У дакумэнтальным фільме «Ўзлом стагодзьдзя», які выйшаў у Францыі з нагоды першай гадавіны прэзыдэнцтва Макрона, аўтары нагадваюць гісторыю ўзыходжаньня маладога палітыка, які ўсяго за 5 гадоў прайшоў шлях ад памочніка дзяржаўнага сакратара да прэзыдэнта. Вялізныя амбіцыі, асабістая харызма, палітычнае чуцьцё і ўдалы зьбег абставінаў дазволілі Макрону ня толькі стаць прэзыдэнтам, але і цалкам перакуліць усю палітычную сыстэму Францыі. Партыя Макрона «Рэспубліка, наперад!», створаная ім у 2016 годзе напярэдадні выбараў, атрымала ў чэрвені 2017 года абсалютную большасьць у парлямэнце (311 месцаў з 577).

Мадэрнізацыя — ключавое слова прэзыдэнцтва Макрона. Ён цьвёрда верыць у тое, што яго пакліканьне — гэта глыбокая рэформа Францыі, якая, паводле ягонага меркаваньня, засела ў мінулым і недастаткова адаптаваная да новых рэаліяў глябалізаванага сьвету.

«Калі ўсе ранейшыя ўрады спрабавалі абараніць французаў ад пераменаў, то я хачу, каб яны зразумелі, што зьмены незваротныя і што да іх трэба адаптавацца. Мы павінныя трансфармаваць францускую эканоміку, зрабіць яе адкрытай для інвэстыцыяў, больш прывабнай для бізнэсу», — заяўляе францускі лідэр.

Сярод галоўных рэформаў ураду Макрона, закліканых мадэрнізаваць Францыю і пакласьці канец дзяржаўнаму патэрналізму — зьмяншэньне падатковага цяжару на самыя заможныя групы насельніцтва, зьмякчэньне працоўнага кодэксу, рэформа дзяржаўнай чыгуначнай кампаніі SNCF і адмена прывілеяў для яе новых супрацоўнікаў, больш строгая палітыка ў дачыненьні да беспрацоўных і рэформа сыстэмы прыёму ва ўнівэрсытэты для выпускнікоў сярэдняй школы.

Зразумела, гэтыя рэформы зусім не па душы шматлікім французам, якія не жадаюць ставіць пад пытаньне нацыянальную эканамічную мадэль, дзе дзяржава сурʼёзна рэгулюе рынкавыя мэханізмы, трымае пад кантролем цэлы шэраг галінаў і мае велізарны бюджэтны сэктар. Паводле апошніх апытаньняў інстытуту IPSOS, 64% французаў расчараваныя дзеяньнямі ўраду. У краіне ўжо некалькі тыдняў ідуць маштабныя акцыі пратэсту: шматмесячная забастоўка чыгуначнікаў, студэнцкія хваляваньні і іншыя антыўрадавыя акцыі.

Абвяшчэньне новых мераў па падтрымцы буйнога бізнэсу і ўвесь імідж прэзыдэнта цалкам супярэчаць настроям значнай часткі грамадзтва, лічыць эканаміст Бэнжамэн Мас-Стамбэржэ:

— У сваіх апошніх інтэрвію Эмануэль Макрон больш чым калі-небудзь выглядае як галоўны лідэр нэалібэралізму і прадстаўнік інтарэсаў сусьветных элітаў. Нават ягоны папярэднік Алянд заявіў, што Макрон адстойвае інтарэсы ня проста багатых, а вельмі багатых. Такое ўражаньне, што Макрон знарок выбраў момант піку пратэстаў і дзень працоўных, каб падкрэсьліць свае разыходжаньні са значнай часткай насельніцтва. Падобныя правакацыі яму наогул вельмі ўласьцівыя. І гэта вельмі небясьпечна, паколькі гэты антаганізм падсілкоўвае незадаволенасьць і агрэсію ў грамадзтве. Мы бачылі 1 траўня, як цяжка кантраляваць гэтую агрэсію і ў што яна можа выліцца. Макрон рызыкуе выклікаць яшчэ большы раскол сярод розных групаў насельніцтва.

Пры гэтым, калі абстрагавацца ад пратэстных рухаў і сацыяльных хваляваньняў, якія для Францыі зьяўляюцца хутчэй нормай, чым выключэньнем, абʼектыўныя эканамічныя паказчыкі не такія ўжо дрэнныя. У 2017 годзе рост ВУП склаў у Францыі амаль 2%, упершыню за 6 гадоў, нагадвае палітычны аглядальнік Эрык Брунэ:

— У мяне такое ўражаньне, што камэнтатары схільныя бачыць сытуацыю ў чорных фарбах, хоць на самай справе справы зусім не так ужо дрэнныя. Вынікі ў цэлым пазытыўныя! Я не зьбіраюся славіць Макрона, але ўсе лічбы кажуць на яго карысьць. Эканамічны рост аднавіўся. Хоць крытычна настроеныя грамадзяне сьцьвярджаюць, што гэты рост ніяк не зьвязаны з прэзыдэнцтвам Макрона, адмаўляць факт паляпшэньня эканамічнай сытуацыі нельга. А ў пытаньні стварэньня рабочых месцаў вынікі проста бліскучыя! У найбліжэйшыя месяцы або гады будзе створана амаль два мільёны працоўных месцаў у сфэры гандлю. Парыж быў нядаўна абраны самай прывабнай эўрапейскай сталіцай для ўкладаньняў у нерухомасьць. Абʼектыўна, паводле шэрагу крытэраў Францыя Макрона адчувае сябе зусім нядрэнна. Ня трэба сьлепа прымаць на веру прамовы палітыкаў і журналістаў пра тое, што Францыя на краі бездані і што ўсе сілы грамадзтва настроеныя супраць Макрона. Гэта няпраўда.

Эмануэль Макрон цалкам адназначна дае зразумець, што пратэсты насельніцтва не прымусяць яго адмовіцца ад сваёй праграмы. Імітуючы Дональда Трампа, ён заявіў у красавіцкім інтэрвію Fox News з нагоды візыту ў ЗША, што мае намер «ізноў зрабіць сваю краіну вялікай» (make my country great again) і што ён будзе весьці мадэрнізацыю да пераможнага канца.

Для гэтага Макрон выбраў фактычна пэрсаналісцкі стыль кіраваньня. Усе словы, сказаныя ім падчас прэзыдэнцкай кампаніі — пра гарызантальнасьць улады і важнасьць кансультацыяў з грамадзянскай супольнасьцю — здаецца, засталіся ў мінулым. Як адзначаюць многія назіральнікі, Макрон усталяваў вэртыкальнае кіраваньне. Фактычна адзіны дэвіз яго ўраду — гэта эфэктыўнасьць. Ён зь недаверам ставіцца да інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, хай гэта прафсаюзы альбо іншыя грамадзкія арганізацыі, і зводзіць да мінімуму кансультацыі з імі. Прэзыдэнцкая партыя «Рэспубліка, наперад» мае жорсткую партыйную дысцыпліну. Да таго ж, па прызнаньні некаторых дэпутатаў ад партыі, іх абʼядноўвае не прыхільнасьць нейкім пэўным палітычным ідэалам, а адданасьць асабіста Макрону.

Пры гэтым Макрон працягвае сваю працу «вялікага ліквідатара» францускай двухпартыйнай сыстэмы. Расправіўшыся з сацыялістамі (30 крэслаў у цяперашнім парлямэнце супраць 314 у парлямэнце скліканьня 2012 году), зараз ён вядзе бітву за сымпатыі ў правым лягеры, у партыі «рэспубліканцаў», кажа палітычны аглядальнік Крыстоф Якабсэн:

— Эмануэль Макрон — геній палітычнай стратэгіі. Са сваімі палітычнымі супернікамі ён дзейнічае як удаў — акружае ахвяру, перш чым задушыць. Вы памятаеце, як ён пасьпеў скончыць з сацыялістамі? Зараз тое ж самае ён робіць на правым флянгу. Паводле красавіцкіх апытаньняў IPSOS, 57% прыхільнікаў «рэспубліканцаў» сёньня падтрымліваюць Макрона супраць 36% у лютым. Як хамэлеон, ён адчувае зьмены палітычнага кантэксту і ведае, па чые сымпатыі трэба хадзiць на паляваньне ў дадзены момант. Апошнія месяцы ён паляваў на правых выбарнікаў — і для гэтага яго галоўнай прынадай быў прэмʼер-міністар Эдуард Філіп (былы «рэспубліканец»). Калі ж сытуацыя зьменіцца, і яму спатрэбіцца падтрымка іншай катэгорыі людзей, то ён адаптуе свой «прадукт» і зьменіць кіраўніка ўраду — кажа Крыстоф Якабсэн.

Гэтая здольнасьць пісьменна лявіраваць паміж рознымі ідэалягічнымі плынямі бясспрэчна спатрэбілася Макрону і ў яго зьнешнепалітычнай дзейнасьці. Ня маючы ніякага зьнешнепалітычнага досьведу ў пачатку свайго прэзыдэнцкага мандату, францускі прэзыдэнт дасягнуў некаторых посьпехаў. Улюбёнец заходніх СМІ і палітычных элітаў, ён атрымаў доўгія авацыі ў Эўрапарлямэнце і Кангрэсе ЗША падчас яго красавіцкіх візытаў у Страсбур і Вашынгтон.

Эманюэль Макрон выступае перад абедзьвюма палатамі Кангрэсу ЗША, 25 красавіка 2018
Эманюэль Макрон выступае перад абедзьвюма палатамі Кангрэсу ЗША, 25 красавіка 2018

Экспэрт у міжнародных дачыненьнях Франсуа Айсбур называе стратэгію Макрона «дыпляматычным нэарэалізмам». Яна палягае ў гатоўнасьці наладзіць інтэнсіўны дыялёг зь любымі сусьветнымі лідэрамі, хай гэта будуць Уладзімір Пуцін, Дональд Трамп або Рэджэп Эрдаган — даючы ім пры гэтым зразумець, што ён зусім не зьбіраецца ісьці ім на саступкі. Пры гэтым Макрон настроены ў дачыненьні да таго ж расейскага прэзыдэнта вельмі крытычна — ён заняў, мабыць, самую жорсткую лінію, якую калі-небудзь праводзіла Францыя ў адносінах з Расеяй.

14 красавіка Францыя далучылася да авіяўдараў, нанесеных сіламі ЗША і Вялікабрытаніі па меркаваных заводах па вытворчасьці хімічнай зброі ў Сырыі. Раней Макрон падтрымаў заходнія санкцыі супраць Расеі пасьля атручваньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў ў Лёндане, выслаў з Францыі 4 расейскіх дыпляматаў і нават байкатаваў расейскі стэнд у кніжным салёне ў Парыжы. Гэтыя меры каштавалі яму папрокаў — як унутры краіны, так і дзе-нідзе за мяжой — у празьмерным раўненьні на Вашынгтон, «атлянтызму» і адмове ад традыцыйнай галісцкай палітыкі незалежнасьці Францыі.

Ангела Меркэль і Эмануэль Макрон
Ангела Меркэль і Эмануэль Макрон

Што тычыцца месца Францыі ў ЭЗ, то і тут Макрону пакуль складана вярнуць тую пазыцыю лідэра для сваёй краіны, якую калісьці займала ў ЭЗ Францыя Жака Шырака. У сваёй перадвыбарчай праграме Макрон абяцаў адстойваць сацыяльную Эўропу, якая абараняе сваіх грамадзянаў і гарантуе ўсім эўрапейцам права на годнае існаваньне. Гэтыя абяцаньні і прынесьлі яму такую вялікую падтрымку левых сілаў. Аднак маштабныя пляны Макрона на перабудову Эўропы сустрэлі рэзкі адпор шэрагу краінаў паўночнай Эўропы, Якія не хочуць большай салідарнасьці паміж поўначчу і поўднем, большай зладжанасьці фінансавай і падатковай палітыкі і іншых мераў, накіраваных на канвэргенцыю фінансавай палітыкі краінаў эўразоны. Да таго ж у некаторых іншых краінах ЭЗ да ўлады прыйшлі кансэрватыўныя, эўраскептычныя рухі, якія не жадаюць паглыбленьня інтэграцыі і салідарнасьці ўнутры ЭЗ.

І калі Макрон пакуль ня змог накінуць Эўропе свае рэфарматарскія праекты, то Францыя пад яго кіраўніцтвам абавязалася праводзіць усе рэформы, прапанаваныя ЭЗ, па зьніжэньні дэфіцыту, скарачэньні дзяржаўных выдаткаў і лібэралізацыі эканомікі. Гэта спрыяе росту антыэўрапейскіх настрояў унутры краіны: большасьць цяперашніх непапулярных рэформаў наўпрост зьвязваюцца з дырэктывамі з Брусэлю. Выбары ў Эўрапарлямэнт у чэрвені 2019 году стануць наступным сурʼёзным тэстам для Эмануэля Макрона. І толькі з атрыманьнем яго партыяй хаця б траціны адведзеных Францыі мандатаў ён зможа прэтэндаваць на ролю рэфарматара ЭЗ, да якой так імкнецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG