Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевыя актывісты ўшануюць ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Барысаве 


Талака ў месцы ўшанаваньня памяці загіблых
Талака ў месцы ўшанаваньня памяці загіблых

Моладзь БНФ запрашае 6 траўня на агульнагарадзкую талаку на барысаўскіх «Батарэях» — месцы, дзе ў 1930-я былі расстраляныя ўдзельнікі антыкамуністычнага супраціву і, магчыма, пахаваны адзін зь лідэраў антысавецкага руху Юрка Моніч.

У мінулую суботу актывісты барысаўскай арганізацыі Моладзі БНФ правялі першую талаку, але працы яшчэ шмат, зьбірацца яны плянуюць да канца лета.

«Мінулым разам мы выйшлі толькі сваімі сіламі, каб пачаць прыборку „барысаўскіх Курапатаў“, але хочацца, каб да нашай талакі далучыліся і жыхары гораду. Таму ў гэтую нядзелю запрашаем усіх ахвотных, каб разам пачаць прыводзіць гэтыя мясьціны да ладу. Усім неабходным інструмэнтам Моладзь БНФ забясьпечыць», — заклікаў гараджанаў актывіст барысаўскай арганізацыі Кірыл Вішанька.

Разам з прыборкай тэрыторыі Моладзь БНФ запускае збор подпісаў у падтрымку ідэі устанавіць памятны знак на «Батарэях».

«Усе, хто прыйдзе на талаку, змогуць паставіць подпіс пад пэтыцыяй, якая заклікае мясцовыя ўлады падтрымаць ідэю памятнага знака. Прадбачачы адказ, што няма грошай, мы прапануем вырабіць такі знак (крыж, камень) за кошт грамадзянаў. Калі дазвол будзе, сродкі паспрабуем сабраць праз краўдфандынг. Таксама подпісы будзем зьбіраць на вуліцах горада, што не забараняецца заканадаўствам», — сказаў намесьнік старшыні Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік.

У плянах актывістаў наладзіць тэматычныя экскурсіі, вырабіць адмысловыя ўлёткі ды сустрэцца зь мясцовымі ўладамі наконт ушанаваньня памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Барысаве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG