Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жызьнеўскія. У аснове прозьвішча — жыцьцё!


Ніна Жызьнеўская. 2016 год.

Калі Натальля Жызьнеўская паведаміла а палове на адзінаццатую пра сьмерць маці, Ніны Васільеўны Жызьнеўскай, проста зьнерухомеў. Усявышні, гэта несправядліва!

Ніна Васільеўна — маці беларуса, які дапамагаў украінцам бараніць свабоду й годнасьць і праз тое стаў Героем Украіны. На жаль, пасьмяротна.

Так, Ніна Васільеўна кепска сябе пачувала — у яе была апэрацыя на сэрцы, хворыя ногі, дапякалі гіпэртанія і цукроўка. Ёй ішоў толькі 62 год, яна ляжала ў шпіталі пад наглядам мэдыкаў. Але ж памерла Жызьнеўская зусім не ад сэрца і не ад цукроўкі. Як запісана ў пасьведчаньні № 1203, прычынай сьмерці стала «тэрмінальная стадыя паражэньня нырак, хранічны абструкцыйны піеланэфрыт».

Мінула толькі 26 дзён, як памёр ейны муж, Міхаіл Пятровіч Жызьнеўскі, бацька героя.

Канадцы спачувалі, беларусы кпілі

Зь сям’ёй Жызьнеўскіх пазнаёміўся ў студзені 2014 году акурат з нагоды гібелі іхняга сына Міхася ў Кіеве падчас Рэвалюцыі годнасьці і свабоды.

От жа вырасьціла сына — бандэраўца і бандыта! Яшчэ й мянушку сабе ўзяў бандэраўскую: Локі

Тады Ніна Васільеўна толькі што выпісалася са шпіталя, дзе ёй рабілі шунтаваньне сардэчных сасудаў. Ёй там моцна дасталася ад некаторых аднапалатніц, якія слухалі паведамленьні афіцыйных СМІ. «От жа вырасьціла сына — бандэраўца і бандыта! Яшчэ й мянушку сабе ўзяў бандэраўскую: Локі». Хоць Локі — імя пэрсанажа скандынаўскай міталёгіі.

Тым часам Ніне Жызьнеўскай з Украіны ляцелі дзясяткі тэлефанаваньняў са спачуваньнямі, падзякамі за сына, за яго ахвярнасьць дзеля ўкраінскай незалежнасьці і эўрапейскага шляху разьвіцьця. Украінцы нават пераказалі маці пранізьлівую песьню-гімн герояў «Пливе кача по Тисині», якую асабліва любіў яе сын Міхась.

Неабыякавыя людзі сталі тэлефанаваць й пісаць Жызьнеўскім з Канады, Польшчы, Амэрыкі. Сталі прыяжджаць журналісты зь незалежных выданьняў. Ніна Васільеўна неўзабаве расказвала мне, што ад таго трагічнага студзеня 2014 году іхняя сям’я стала публічнай. Да гэтага Жызьнеўскія жылі ціха й непрыкметна, як і большасьць беларускіх сем’яў.

Сям'я

«Міхась Пятровіч за мяне быў нават больш у дэкрэтным адпачынку, чым я. Даглядаў немаўлятаў — сына і дачку, бо ў мяне на заводзе быў вышэйшы заробак», — згадвала Жызьнеўская.

Міхась Пятровіч за мяне быў нават больш у дэкрэтным адпачынку, чым я. Даглядаў немаўлятаў — сына і дачку, бо ў мяне на заводзе быў вышэйшы заробак

У маладосьці Ніна рабіла на заводзе сантэхнарыхтовак, пасьля ў камунальнай службе. Міхаіл Пятровіч, карэнны гамяльчук, езьдзіў па камсамольскай пуцёўцы працаваць на лесасеках Карэліі. Калі вярнуўся ў Гомель, доўгі час рабіў сьлесарам-сантэхнікам. На пэнсію канчаткова выйшаў толькі ўвосень 2015-га, маючы за плячыма поўныя 70 гадоў. Дачка Наташа пазьменна працавала на мясакамбінаце і завочна вывучылася ва ўнівэрсытэце на біёляга.

Сын Міхась, калі падрос, набываў у вучэньні прафэсію электразваршчыка, наведваў рыцарскі клюб, захапляўся вырабам сярэднявечных дасьпехаў. У рэлігійныя сьвяты дапамагаў у Навабеліцкай царкве сьвятару Ўладзімеру. Марыў нават вучыцца ў духоўнай сэмінарыі.

Ва Ўкраіне

У суседнюю краіну Міхась выправіўся ў 2005 годзе, калі яму было толькі 17. Ніна Жызьнеўская казала, што кіраўнік рыцарскага клюбу нібыта пазычыў грошы на выраб сярэднявечных дасьпехаў, але пазыку не вярнуў і вымушаны быў уцякаць і хавацца ва Ўкраіне. А Міхася забраў сабою ў якасьці «жывога шчыта».

Урэшце Жызьнеўскі аблаштаваўся ў Белай Царкве, займаўся мантажом вокнаў ды іншымі будаўнічымі справамі. Уступіў у патрыятычную арганізацыю УНА-УНСО. І калі ў Кіеве пачаўся Эўрамайдан, стаў у шэрагі яго самаадданых абаронцаў.

«Бэркутаўцы» Януковіча забілі Міхася 22 студзеня 2014 году на вуліцы Грушэўскага стрэлам у сэрца. Ён быў адной зь першых ахвяраў рэжыму з той сотні, якую ўкраінцы назвалі Нябеснай.

Беларус Жызьнеўскі — першы замежнік, які стаў Героем Украіны

Як сапраўдная маці, Жызьнеўская стала дамагацца афіцыйнага прызнаньня сынавых заслуг. Каб і гамельчукі па-іншаму паглядзелі і на сына, і на кіеўскі Майдан. Дамагалася не таму, што ва Ўкраіне не разумелі геройства абаронцаў Майдану. Тамтэйшае заканадаўства не дазваляла ўганараваць замежных грамадзян вышэйшымі ўзнагародамі. Міхась Жызьнеўскі быў грамадзянінам Беларусі, а ва Ўкраіне меў толькі від на жыхарства.

Быў і яшчэ адзін чыньнік у клопатах і памкненьнях маці. На радавых могілках пад Гомлем, дзе пахавалі Міхася Жызьнеўскага, пэрыядычна чыніліся розныя паскудзтвы, на якія мясцовыя ўлады ніяк не рэагавалі. Нядобразычліўцы то вянкі раскідаюць, то стужку з надпісам нарэжуць. Аднойчы нават зьняважлівае слова надрапалі на помніку. Матчына сэрца падказвала Ніне Жызьнеўскай: новы статус Міхася як Героя Ўкраіны стане своеасаблівай ахоўнай граматай для яго ў беларускай зямлі. Так і сталася.

Да зьмены нацыянальнага заканадаўства спрычыніўся прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Прымаючы бацькоў Жызьнеўскага ў сваёй рэзыдэнцыі, ён сказаў, што асабіста знаў іхняга сына Міхася як вельмі пазытыўнага абаронцу Майдану. І ўжо летась, калі Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла зьмены ў заканадаўства, Парашэнка падпісаў указ пра ўганараваньне беларуса найвышэйшай узнагародай. Міхась Жызьнеўскі стаў першым замежным грамадзянінам, уганараваным званьнем Герой Украіны.

13 чэрвеня ўкраінскі прэзыдэнт уручыў зорку Героя Ўкраіны ягоным бацькам — Міхаілу і Ніне Жызьнеўскім.

Мы з каляжанкай першымі сустрэлі Жызьнеўскіх каля аўтобуса з Кіева. Ніна Васільеўна, як толькі спусьцілася з прыступак, сказала: «Нарэшце Мішына зорачка ў Гомлі».

Дзякуй, Міхась!

Бацька Жызьнеўскага, Міхась Пятровіч, у першыя дні пасьля кіеўскай трагедыі амаль не камэнтаваў падзеі. Яго прыгнятала неадэкватнае стаўленьне землякоў і ўладаў да ўкраінскай Рэвалюцыі годнасьці і яе самаахвярных абаронцаў. І толькі пабываўшы ў Кіеве, дзе прайшло шматтысячнае разьвітаньне з героямі Нябеснай Сотні, Міхась Пятровіч загаварыў адкрыта і адважна: сын загінуў за свабоду і незалежнасьць ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі.

Кажуць гэта і гамельчукі, калі наведваюць у жалобны дзень магілу Міхася Жызьнеўскага. Менавіта дзякуючы такім героям, як Міхась Жызьнеўскі, жыве Ўкраіна, жыве і Беларусь як сувэрэнная, незалежная дзяржава.

Тое ж пішуць у водгуках на артыкулы пра Жызьнеўскага і чытачы:

«Дзякуй табе, шаноўны Міхась Жызьнеўскі, за бесьсьмяротны подзьвіг, зьдзейсьнены ў імя Ўкраіны і роднай Беларусі! Цябе заўсёды будзе памятаць Украіна як вялікага ўкраінца і Беларусь як вялікага беларуса».

9 красавіка Жызьнеўскага-старэйшага пахавалі на могілках побач з сынам. Заўтра, 5 траўня, тут пакладуць на вечны спачын і Ніну Жызьнеўскую.

На разьвітаньне над магілай сына гамельчукі зачытаюць і словы ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, які з глыбокім болем успрыняў трагічную вестку пра скон, усьлед за бацькам, маці Героя Нябеснай сотні Міхаіла Жызьнеўскага:

«Гэтая сям’я паказала нам гераічны прыклад самаахвярнасьці дзеля ідэалаў свабоды і годнасьці. Вечная памяць Ніне Васільеўне! Героі не паміраюць!»

У аснове прозьвішча Жызьнеўскіх — жыцьцё. Жыцьцё ў памяці ўкраінцаў і беларусаў, у штодзённых клопатах пра незалежнасьць і росквіт нашых краін.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG