Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Таджыкістану ўсклаў адказнасьць за распаўсюджваньне тэрарызму на краіны Захаду

Прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон.
Прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон.

У Душанбэ праходзіць Міжнародная канфэрэнцыя ў справе супрацьстаяньня тэрарызму і гвалтоўнаму экстрэмізму. Яе арганізаваў ўрад Таджыкістану ў супрацоўніцтве з ААН, АБСЭ і Эўразьвязам.

Паводле карэспандэнта Радыё Свабода ў Душанбэ, у канфэрэнцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі 46 краін сьвету і 30 міжнародных арганізацый. Удзельнікі абмяркоўваюць трансгранічную тэрарыстычную актыўнасьці, аб прававым супрацоўніцтве паміж краінамі для барацьбы з тэрарызмам і кібэрзлачыннасьцю.

Выступ Рахмона

На думку Рахмона, з прычыны нежаданьня Захаду своечасова дапамагчы ў сытуацыі з тэрарыстычнай пагрозай у Аўганістане праблема дасягнула сусьветнага маштабу

Выступаючы на канфэрэнцыі прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон, заявищ, што больш за сто краін пацярпелі ад тэрарыстычных нападаў у апошнія гады, загінулі сотні тысяч людзей, а шкода ад нападаў склаў сотні мільярдаў даляраў. Тэракты 11 верасьня ў Нью-Ёрку і нізкі ўзровень бясьпекі ўсюды ў сьвеце пасьля гэтай даты — таму сьведчаньне. З гэтай пагрозай можна змагацца толькі, калі ўсе краіны аб’яднаюць намаганьні, лічыць кіраўнік Таджыкістану. На думку Рахмона, з прычыны нежаданьня Захаду своечасова дапамагчы ў сытуацыі з тэрарыстычнай пагрозай у Аўганістане праблема дасягнула сусьветнага маштабу.

«Мы яшчэ ў дзевяностыя гады мінулага стагодзьдзя з трыбуны міжнародных і рэгіянальных арганізацый, у тым ліку ААН, неаднаразова зьвярталі ўвагу на неабходнасьць неадкладнага вырашэньня праблем суседняй з намі краіны — Аўганістану. На жаль, тады ў размовах тэт-а-тэт некаторыя высокапастаўленыя палітычныя дзеячы казалі, што гэтая праблема ня наша, а ваша і рэгіёну», — паведаміў Эмамалі Рахмон.

На думку прэзыдэнта Таджыкістану, сёньняшняя сытуацыя таксама далёкая ад ідэальнага. У Аўганістане канцэнтруецца самая вялікая колькасьць баевікоў. Толькі ў прыгранічных з Таджыкістанам раёнах іх каля 7 тысяч.

Трывогі аўганцаў

Удзельнікі канфэрэнцыі з Аўганістана паведамілі, што ў іх краіне акрамя экстрэмісцкіх рухаў «Ісламская дзяржава» і «Талібан» дзейнічаюць яшчэ шэсьць тэрарыстычных груповак. І «Ісламская дзяржава» актыўна заклікае іх пад свае сьцягі.

Аўганскія экспэрты заклікалі ўдзельнікаў да больш цеснага супрацоўніцтва ў галіне абмену інфармацыяй. Асабліва важна своечасова выяўляць актыўных вярбоўшчыкаў і абменьвацца дадзенымі аб перамяшчэньні баевікоў паміж краінамі. У Аўганістане баевікі да сёньня вольна перасоўваюцца па краіне, цесна супрацоўнічаюць з наркадылерамі і атрымліваюць ад іх грошы на сваю дзейнасьць.

«На тэрыторыі аўганскага Бадахшану знаходзяцца дзьве тысячы тэрарыстаў. Прысутнасьць тэрарыстаў у аўганскім Бадахшане сур’ёзная пагроза для рэгіёну. Калі яны далей будуць умацоўваць свае пазыцыі, то, натуральна, яны будуць пагражаць нацыянальнай бясьпецы суседніх краін...», — заявіў Ахмад Файзал Бэгзод, губэрнатар аўганскай правінцыі Бадахшан.

«Ісламская дзяржава» расьсеялася, але ня зьнікла

Нягледзячы на разгром баевікоў у Сырыі і Іраку, на канфэрэнцыі адзначылі, што пагроза застаецца. Экстрэмісты разьмеркавалі свае аддзелы ў рэгіёне, стварылі сьпячыя, замаскаваныя ячэйкі, якія практычна нельга выявіць.

«Такім чынам мы бачым, што актуалізуецца ў сьвядомасьці насельніцтва рэгіёну менавіта сумеснае процідзеяньне тэрарызму і гвалтоўнаму экстрэмізму», — заявіў намесьнік дырэктара Цэнтра стратэгічных дасьледаваньняў пры прэзыдэнце Таджыкістану Сайфуло Сафараў.

Галоўная выснова ўсёй канфэрэнцыі, якую падтрымалі практычна ўсе з чатырох сотняў удзельнікаў — неабходная тэрміновая кансалідацыі ўсёй сусьветнай супольнасьці, адмова ад амбіцый і канкурэнцыі. Дзеяньні па барацьбе з усімі праявамі тэрору павінны ажыцьцяўляцца пад эгідай ААН.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG