Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зрабіла касірка «Эўраопту» ў адказ на выбрык Замяталіна


Выбрык экс-ідэоляга Замяталіна ў «Эўраопце», дзе ён на прывітаньне касіркі па-беларуску абурыўся яе «долбаным языком», пры ўсёй, здавалася б, нязначнасьці эпізоду, падаўся мне знакавым, як пункт незвароту. Быццам у адным фокусе сышліся ўсе гэтыя недарэчныя заявы чынавенства пра «непанятную БНР», гонар за НКВД з царскім гарадавым насупраць МУС і «хай большасьць бацькоў папросяць беларускамоўнага навучаньня» — уся гэтая марсіянская нуда, што палілася з манітораў апошнія год-два, калі бязмоўныя датуль пасадаўтрымальнікі «адкрылі рот».

Хто ўсе гэтыя людзі?

Усе гэтыя міністры, старшыні камітэтаў, кар’ера якіх не апраўданая ні іх асаблівай кампэтэнцыяй, ні арганізацыйнымі здольнасьцямі, ні вэрдыктам рэальна абранага парлямэнту? Уся іх заслуга — дэкляраваная асабістая адданасьць прэзыдэнту. Сьвіта, якая настолькі шчыльна зьнітаваная зь ім, што толькі пры ім і можа займаць нейкія пасады.

Раней тон у неадэкватнасьці задаваў прэзыдэнт, сёньня загаварыла і ягоная сьвіта.

Яны можа і разумеюць, што іх становішча вымяраецца ягоным біялягічным узростам — максымум яшчэ гадоў дваццаць. Разумеюць таксама, што яны — людзі не на сваім месцы. Таму адзінае іх памкненьне сёньня — разжыцца дабротамі. Чаго яны не разумеюць дакладна — што іх пагібель зусім у іншым месцы — у самаізаляцыі ад людзей. Калі ў гэтых «слуг народа» пачалі як грыбы расьці катэджы на мільёны даляраў, стала зразумела, што самаізаляцыя адбылася. Уявіўшы сваю сыстэму самадастатковай, «людзі не на сваім месцы» страцілі саму магчымасьць паразуменьня з жывой рэчаіснасьцю. Адсюль столькі неадэквату ў іхных паводзінах, выказваньнях, у законах, якія яны прымаюць, пра які штодня паведамляюць СМІ і які робіць іх сыстэму ўсё больш карыкатурнай. Раней тон у неадэкватнасьці задаваў прэзыдэнт, сёньня загаварыла і ягоная сьвіта.

Рэтраспэкцыя-1

Выбрык Замяталіна гэтым сьпякотным травеньскім днём нагадаў мне выпадак трыццацігадовае даўнасьці. 1988 год, Вільня, зіма, мароз. На прыпынку «Школа мастацтваў» у тралейбус заходзіць такі сабе Замяталін і з радаснай ярасьцю паведамляе: «Ну што, б…, долбаныя лабусы! Сцыкотна?» Інтэлігентнага выгляду публіка ўся адварочваецца і ўзіраецца ў вокны, быццам там адбываецца нешта важнае. А вокны пры тым густа пакрытыя намаразьзю. Ужо тады было зразумела, што «русский мир» паводле прыроды сваёй ня здольны да суіснаваньня. Як зразумела было і тое, што выбрык віленскага «Замяталіна» — гэта пункт незвароту. Неўзабаве тралейбуснае супрацьстаяньне скончылася, чым — вядома.

У Менску ў 1988-м рэжым сьлюньковых-сакаловых выглядаў амаль гэтаксама карыкатурна, як сёньняшні лукашэнкаўскі.

Тым часам у Менску ў 1988-м рэжым сьлюньковых-сакаловых выглядаў амаль гэтаксама карыкатурна, як сёньняшні лукашэнкаўскі. Розьніца ў тым, што там, па-першае, не было мільянэраў, па-другое, яны былі камуністамі, і членства ў партыі соцень тысяч беларусаў стварала ілюзію падтрымкі людзей, ілюзію паразуменьня ўлады з жывой рэчаіснасьцю. Але скончылася гісторыя, прынамсі фармальна, тым, чым і ў Вільні. І вось сёньня маем падобную сытуацыю зь верагодным падобным фіналам. Хіба што, як сказаў паэт, «ніхто ня кінецца нікога ратаваць».

Гарантыя ад «русского мира»

У апошнім сваім пасланьні Лукашэнка чарговы раз супрацьпаставіў моцную дзяржаву «надуманым правам чалавека». Пры гэтым моцная дзяржава, як мы ведаем з практыкі, не эканомікай, не адукацыяй, не сацыяльнай сфэрай, а менавіта сілавікамі. Моцная ў наўпроставым сэнсе.

Усе разумеюць, што моцная дзяржава патрэбная як засьцярога ад агрэсіі з боку ўсходняга суседа. Маўляў, ня будзе Лукашэнкі, ня будзе і незалежнай краіны Беларусі. Больш за тое, хоць якое паслабленьне ў бок правоў і свабоды чалавека, хоць якое падвышэньне якасьці гэтага самага чалавека, хоць які зрух у бок вяршэнства законаў, хоць якая дэцэнтралізацыя, хоць якое абмежаваньне ўсёдазволенасьці сілавікоў разумеецца як паслабленьне моцнай дзяржавы, а значыць, яе большую ўразьлівасьць перад небясьпекай прыходу «ветлівых людзей».

Сьвіта калі й будзе «адстрэльвацца», дык ніяк не за дзяржаву, краіну, народ ці нават асабіста Лукашэнку, а толькі за свае даброты.

Гіпнатычнае заклінаньне пра сілавую дзяржаву моцна нагадвае колішняе «адзінства партыі і народа» і разьбіваецца аб неразуменьне «партыяй» ані паходжаньня, ані сутнасьці незалежнасьці, якая атаясамліваецца з сыстэмай і яе самазахаваньнем. І моцная дзяржава насамрэч не дзяржава ніякая, а тая самая сьвіта, якая калі й будзе «адстрэльвацца», дык ніяк не за дзяржаву, краіну, народ ці нават асабіста Лукашэнку, а толькі за свае даброты. Хоць, калі ўлічыць праекцыю на сьлюнькова-сакалова, дык і адстрэльвацца ня будзе. Будзе ўцякаць. Бо мае з чым.

Адзінай гарантыяй ад «русского мира» можа быць беларускі сьвет — як тыя «лабусы» ў марозным віленскім тралейбусе.

Так жыць нельга

Здаецца, беларусы ўжо дастаткова нацешыліся прадуктовым і прамысловым дастаткам, рухомай і нерухомай уласнасьцю, магчымасьцю езьдзіць па сьвеце, каб недзе ў глыбінях калектыўнага несьвядомага пачала намацвацца столь — трывіяльнае «так жыць нельга». Бо з другога боку адносных свабод і дастатку — поўная безабароннасьць перад усё больш замкнутым у сабе рэжымам, які знутры разьядаюць бюракратычная бесчалавечнасьць, беззаконьне, ачоленыя сыстэмай карупцыя і бандытызм, калі людзі ў цывільным могуць пасярод вуліцы напасьці на каго заўгодна.

«Так жыць льга» было да таго часу, пакуль рэжым канчаткова ня стаў «самадастатковым», а якасьць чалавека складалася з дастаткова нізкіх узроўню жаданьняў і самаацэнкі. Але такой «стабільнасьці» непазьбежна прыходзіць канец.

Пакаленьне #БНР100 усё робіць «пад ключ»

У Беларусі вырастае новае пакаленьне, якое ня можа спакойна ўспрымаць гэты чынавенскі абсурд, якое ня ведае траўмы лукашэнкаўскіх рэфэрэндумаў, якое не наракае на звыродлівы праект забудовы Кастрычніцкай плошчы ў Менску, а выкладае ў інтэрнэт свае альтэрнатыўныя праекты. Якое ладзіць свае сэрвісы, адукацыйныя пляцоўкі, ставіць помнікі, адкрывае музэі і робіць мноства ўсялякіх іншых справаў не эскізна, а «пад ключ». Робіць тое, што мусіла б, але ня робіць дзяржава.

Рэжыму выгадна, каб якасьць чалавека ў Беларусі заставалася на «дастатковым» узроўні.

Што іх трымае ў гэтай краіне? — яны і самі задаюцца гэтым пытаньнем. Рэжыму выгадна, каб яны зьехалі, каб якасьць чалавека ў Беларусі заставалася на «дастатковым» узроўні. У ідэале — каб гэта былі тыя гомельскія «суседзі», што пратэстуюць супраць пандуса для інваліда. Дагэтуль эміграцыя спраўна вымывала з краіны ўсіх гэтых лабадзенак і дашкевічаў. Думаю, ня менш іх зьяжджае і сёньня. Тых, хто ня ў турмах. Усё пытаньне ў тым, ці ня зьедуць усе, крытычная маса беларускага сьвету?

Рэтраспэкцыя-2

Яны моцна нагадваюць «нябітае» пакаленьне 1980-х, якое стварыла нефармальны рух, што стаў асновай перамен пачатку 1990-х. Многія, калі ня большасьць тых «нефармалаў» урэшце апынуліся ў эміграцыі, дзе змаглі ўратаваць сем’і ад наступстваў Чарнобыля, а таксама рэалізаваць свае жыцьцёвыя амбіцыі, чаго ў Беларусі яны зрабіць не змаглі б. Што будзе зь сёньняшнім пакаленьнем #БНР100? Непазьбежны канфлікт ягонае адкрытасьці на шырокія масы народу і замкнёнасьці рэжыму ў сабе. Непазьбежныя пашырэньне «нефармалаў» ці, па-сёньняшняму, грамадзянскай супольнасьці і дэградацыя ўлады.

«Людзі нас ненавідзяць» — сказала мне адна адстаўная мянтыня.

Адчужэньне паміж крэатыўным грамадзтвам і ня здатным да крэатыву бюракратычным апаратам расьце на вачах. Даўно не засталося ніякіх сантымэнтаў паміж звычайным чалавекам і міліцыянтам. Пра што ім гаварыць? Пра жыльлёвыя крэдыты пад адзін працэнт гадавых на сорак гадоў?.. Таму яны не гавораць, а колькасьць сутычак міліцыі зь людзьмі бяз дай прычыны расьце. «Людзі нас ненавідзяць» — сказала мне адна адстаўная мянтыня, яна ў роспачы, бо яе не бяруць ні на якую цывільную працу. Праз тое, што была «там».

Што будзе?

З моманту, калі грамадзянская супольнасьць пачала браць на сябе тую працу, якую ня робіць дзяржава, зьявіўся беларускі сьвет. Пакуль ён зусім малады, ён апалітычны — і гэта таксама паўтарэньне сцэнару 1980-х. Але дэградацыя сьвіты і зьнешнія пагрозы могуць імгненна паскорыць палітызацыю.

Ёсьць розьніца паміж «русскім міром» і беларускім сьветам. Яна ў самой прыродзе, у думках, у паводзінах. Другі вырастае з культуры, яму арганічнае вяршэнства законаў і каштоўнасьць чалавечага жыцьця. Першы стаіць на агрэсіі, гераізацыі вайны, чалавек для яго — расходны матэрыял. Сьвет ня можа атакаваць «мір», бо яго задача гадавацца, будавацца, расьці. Але сутыкненьне іх непазьбежнае.

Магу зь вялікай доляй дакладнасьці ўявіць, што зрабіла касірка «Эўраопту» ў адказ на выбрык Замяталіна. Яна адвярнулася.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG