Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя выбачылася «за нязручнасьці» перад слонімскімі актывістамі за затрыманьне 25 сакавіка


Слонімскі актывіст Павал Севасьцян, архіўнае фота

25 сакавіка маршрутку з пасажырамі, якая ехала са Слоніма ў Менск затрымалі амаль на 3 гадзіны супрацоўнікі ДАІ Карэліцкага РАУС нібыта для высьвятленьня парушэньня правілаў перавозу пасажыраў.

У мікрааўтобусе двое актывістаў са Слоніма ехалі на сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Яны перакананыя, што затрыманьне адбылася, каб перашкодзіць ім паўдзельнічаць у мітынгу ля опэрнага тэатру.

Маршрутку пратрымалі тры гадзіны ў Карэлічах і, ня выявіўшы ніякіх парушэньняў правілаў перавозкі пасажыраў, адпусьцілі.

Актывісты Алесь Масюк і Павал Севасьцян напісалі скаргу начальніку Карэліцкага РАУС Валерыю Салаўёву.

У адказе на скаргу актывістаў Салаўёў піша, што ў супрацоўнікаў ДАІ зьявілася неабходнасьць правядзеньня агляду кіроўцы на прадмет ужываньня сьпіртных напояў і праверка законнасьці ажыцьцяўленьня міжгародніх перавозак аўтамабільным транспартам.

Але «на падставе сабраных матэрыялаў вынесена заключэньне аб спыненьні праверкі... Прашу прабачэньня за прынесеныя нязручнасьці».

Адзін з затрыманых актывістаў, Алесь Масюк, камэнтуючы адказ начальніка Карэліцкага РАУС, назваў гэта адпіскай. Паводле Масюка, ужо больш як празь месяц, калі закончыўся тэрмін атрыманьня адказу паводле заканадаўства, ён тэлефанаваў у РАУС і дамагаўся, каб яму далі гэты адказ.

Слонімскі актывіст Алесь Масюк
Слонімскі актывіст Алесь Масюк

«І падставы затрыманьня маршруткі, як напісана ў адказе начальніка міліцыі, ня што іншае, як хлусьня, — сьцьвярджае Масюк. — Калі кіроўцу ад пачатку падазравалі ў тым, што ён нецьвярозы, то чаму яго не праверылі на алькаголь адразу на трасе, а прапанавалі праехаць 40 кілямэтраў з пасажырамі да Карэлічаў?» — пытае Масюк.

Паводле яго, дакумэнты ў Карэлічах спраўдзілі, ніякіх парушэньняў не знайшлі, але далей усіх трымалі. Выклікалі супрацоўніка падатковай інспэкцыі з Наваградку, чакалі, пакуль той прыедзе. А той пачаў апытваць пасажыраў, дзе, калі і за колькі яны набывалі квіткі, патрабаваў, каб пасажыры давалі пісьмовыя тлумачэньні.

«Іх задача была трымаць маршрутку, бо саму праверку можна было правесьці за 10 хвілінаў на трасе. — кажа Масюк. — А цяпер дасылаюць зьдзеклівае прабачэньне, пустую паперку. А нас у маршрутцы было 15 чалавек, і ніхто людзям у вочы не глядзеў», — зазначае Масюк.

25 сакавіка ў Слоніме каля свайго дома быў таксама затрыманы актывіст Іван Бедка, які таксама зьбіраўся ехаць у Менск на сьвяткаваньне 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Яго даставілі ў пастарунак, пратрымалі беспадстаўна некалькі гадзін і адпусьцілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG