Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра армянскіх пратэстаў зноў вылучылі ў прэм’ер-міністры


Нікол Пашыньян на мітынгу 2 траўня
Нікол Пашыньян на мітынгу 2 траўня

Лідэра вулічных пратэстаў у Армэніі Нікола Пашыньяна зноў вылучылі на пасаду прэм’ер-міністра краіны. Пра гэта армянскай службе Радыё Свабода паведамілі ў парлямэнцкай фракцыі «Елк», якую ён узначальвае.

Паведамляецца, што ў падтрымку кандыдатуры Пашыньяна паставілі подпісы 41 з 105 дэпутатаў парлямэнту — прадстаўнікі трох апазыцыйных фракцый. Другі тур галасаваньня на выбарах прэм’ер-міністра пройдзе ў парлямэнце Армэніі 8 траўня.

Падчас галасаваньня 1 траўня Пашыньян не атрымаў дастатковай колькасьці галасоў у сувязі з пазыцыяй фракцыі Рэспубліканскай партыі Армэніі, якая мае большасьць у армянскім парлямэнце.

Пасьля таго, як парлямэнт 1 траўня абвясьціў сваё рашэньне, лідэр пратэстаў заклікаў да «татальнага страйку». Пашыньян прапанаваў блякаваць вуліцы, мэтро, чыгуначныя шляхі, працу аэрапорта, міждзяржаўныя і міжабласныя трасы.

Масавыя пратэсты ў Армэніі працягваюцца трэці тыдзень. Іх першапачатковай прычынай стала жаданьне непапулярнага прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна застацца ва ўладзе. Саргсьян, які два тэрміны быў прэзыдэнтам і ня меў права балятавацца яшчэ раз, правёў у краіне канстытуцыйную рэформу, якая перадала ўладу ад прэзыдэнта прэм’еру, які прызначаўся кіруючай партыяй. Але, праводзячы гэтую рэформу, ён паабяцаў, што ня будзе вылучацца ў прэм’еры, і парушыў сваё абяцаньне. Шмат хто ў Армэніі расцаніў гэта як падман.

Пасля масавых вулічных пратэстаў у розных гарадах Армэніі толькі што прызначаны прэм’ерам Саргсьян 23 красавіка сышоў у адстаўку, заявіўшы, што «ён памыліўся».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG