Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сусьветнае прэс-фота 2018»: першы горад у Беларусі — Горадня


Праца вэнэсуэльскага фатографа Ранальда Шэміта. Здымак ахопленага агнём пратэстоўца падчас антыўрадавых выступаў у Каракасе 3 мая 2017 году, які заваяваў галоўны тытул конкурсу.
Праца вэнэсуэльскага фатографа Ранальда Шэміта. Здымак ахопленага агнём пратэстоўца падчас антыўрадавых выступаў у Каракасе 3 мая 2017 году, які заваяваў галоўны тытул конкурсу.

Міжнародная выстава «World Press Photo 2018», на якой можна пабачыць найлепшыя сусьветныя прэс-фатаграфіі 2017 году адчынілася ў гарадзенскім гандлёвым цэнтры «Old City».

У фатаконкурсе «Сусьветнае прэс-фота — 2018» сёлета бралі ўдзел 4548 фатографаў са 125 краінаў, якія заявілі на конкурс 73 044 выявы. Найлепшыя здымкі журы адзначаны ў васьмі намінацыях: «Гарачыя навіны», «Агульныя навіны», «Актуальныя тэмы», «Людзі», «Экалёгія», «Прырода», «Спорт», «Працяглыя праекты». Разам у васьмі катэгорыях сёлета ўзнагародзілі 42 фатографаў з 22 краінаў.

На выставе «World Press Photo — 2018» у Горадні
На выставе «World Press Photo — 2018» у Горадні

Галоўны тытул конкурсу атрымала праца Ранальда Шэміта. Гэты вэнэсуэльскі фатограф зрабіў для мэксыканскай філіі «Agence France-Presse» здымак ахопленага агнём пратэстоўца падчас антыўрадавых выступаў у Каракасе 3 мая 2017 году.

Прадстаўніца фундацыі «Сусьветнае прэс-фота» І Ўэнь Ся
Прадстаўніца фундацыі «Сусьветнае прэс-фота» І Ўэнь Ся

Прадстаўніца фундацыі «Сусьветнае прэс-фота» І Ўэнь Ся зазначыла Свабодзе, што выстава за год звычайна наведвае 100 гарадоў у 45 краінах і экспазыцыя ў кожнай зь іх выстаўляецца адна і тая ж.

«Найбольш па часе — тры месяцы — выстава знаходзіцца ў Амстэрдаме, дзе яна і ствараецца, — кажа І Ўэнь Ся. — Яе наведваюць каля 4 мільёнаў людзей у розных вялікіх гарадах кшталту Барселёны альбо Манрэалю, а таксама ўжо ёсьць вопыт, калі ў Нямеччыне яе выстаўлялі ў невялікай вёсачцы і выставу наведалі каля 20 тысяч чалавек» — кажа куратарка выставы.

Зь беларускага боку арганізацыяй выставы займаўся Культурніцка-адукацыйны цэнтар ЦЭХ. Яго кіраўніца Юля Дарашкевіч, якая паходзіць з Горадні, заўважыла Свабодзе, што прыклала ўсе намаганьні, каб першым горадам, дзе адбудзецца выстава ў Беларусі, стала не сталіца, а яе родны горад. Праўда, на жаль, здымкі беларускіх фатографаў на выставе не прадстаўленыя.

Беларусь, паводле Дарашкевіч, прымае гэты праект ужо пяты раз. Выставы ў Беларусі сёлета адбудуцца дзякуючы падтрымцы амбасады Каралеўства Нідэрляндаў у Польшчы.

У 1955 годзе група галяндскіх фатографаў арганізавала міжнародны конкурс «Сусьветнае прэс-фота», каб паказаць свае працы аўдыторыі па ўсёй плянэце. З таго часу конкурс разьвіўся ў найбольш прэстыжнае на сьвеце спаборніцтва фатографаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG