Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галодная матчына вайна


Галадоўка ўдзельніц руху «Маці 328» у Калінкавічах

Зь першага дня, як удзельніцы руху «Маці 328» абвясьцілі бестэрміновую галадоўку, лягічна паўстала пытаньне: чаму зноўку маці? Гістарычна так склалася, што на слыху ў нас менавіта матчыны, а не бацькавы ці супольныя бацькоўскія грамадзкія аб’яднаньні і рухі: «Камітэт салдацкіх маці, «Маці Беслану» (рух, створаны не ў Беларусі, але шырока вядомы і ў нас), «Маці супраць наркотыкаў», і цяпер вось рух «Маці 328». А дзе ж таты?

Дзе рухі і камітэты бацькаў, якія хочуць абараніць сваіх дзяцей? Іх няма, бо таты для беларускага (зрэшты, як і для большасьці іншых) грамадзтва — гэта такія людзі, ад якіх не прынята нечага чакаць і тым больш нечага патрабаваць. І калі асобна ўзяты мужчына можа аказацца клапатлівым бацькам, якому ня ўсё адно, дык на сыстэмным узроўні таты — гэта супэргероі, галоўная супэрсіла якіх — адмена ўласнага бацькоўства па першым жа жаданьні.

Мамы да канца жыцьця адказваюць і расплачваюцца за дзеяньні сваіх дзяцей.

Іншая рэч — мамы. Мамы да канца жыцьця адказваюць і расплачваюцца за дзеяньні сваіх дзяцей. Салдата ў войску забілі? Вінавата мама: не дапамагла «адкасіць», не навучыла супрацьстаяць гвалту, не зьмяніла дзяржаўную сыстэму. Мужчына згвалціў дзіця? Вінаваты адразу дзьве мамы: і ягоная, і ахвяры. Не даглядзелі, не навучылі.

І мамы бяруць на сябе гэты цяжар віны, ствараюць рухі, змагаюцца з сыстэмай, абвяшчаюць галадоўкі, патрабуюць зьменаў у заканадаўстве. Нават калі яны разумеюць, што ня маюць ніякіх шанцаў на перамогу, яны ўсё адно не апускаюць рукі, бо «ну а як інакш?».

Адна з удзельніц галадоўкі, Тацьцяна Канеўская, тлумачыць пратэст вельмі рацыянальна: яна кажа пра недасканаласьць законаў і пра тое, што па так званых наркатычных артыкулах у зьняволеньне трапляюць простыя наркаспажыўцы і закладчыкі, у той час як буйныя наркадылеры застаюцца на волі. Але гэтыя тлумачэньні адказваюць хутчэй на пытаньне «навошта патрэбна галадоўка?», а не «чаму вы галадаеце?».

Тацьцяна і яе паплечніцы галадаюць, бо больш проста няма каму.

Тацьцяна і яе паплечніцы галадаюць, бо больш проста няма каму. І гэта вельмі яскравая мэтафара мацярынства ўвогуле: пакуль у татаў ёсьць «паважлівыя прычыны», мамы робяць тое, што трэба. Гэта мамы звальняюцца з працы і даглядаюць сваіх цяжка хворых дзяцей, гэта мамы прыходзяць на суды супраць уласных дзяцей і просяць прабачэньня ў іх ахвяраў, і гэта мамы абвяшчаюць бестэрміновую галадоўку з надзеяй хоць неяк дапамагчы сваім сынам і дочкам.

Можна доўга і ўпарта крытыкаваць гэтых жанчын за іх веру ў «Справядлівага Прэзыдэнта», які «проста ня ведае, што на самой справе адбываецца». Але пакуль навакольныя пасьмейваюцца зь іх наіўнасьці і палітычнай недальнабачнасьці, яны проста робяць тое, што трэба. Яны ведаюць, што ім няма на каго спадзявацца, і не стараюцца рабіць дабро чужымі рукамі. Больш за тое: яны разумеюць, што сваім асуджаным дзецям у гэтай сытуацыі ўжо наўрад ці дапамогуць, але ўсё адно галадаюць, патрабуюць сустрэчы з прэзыдэнтам і зьменаў у заканадаўстве.

Галадоўніцы рызыкуюць сваім здароўем і жыцьцём, бо больш ім нічога не застаецца.

Спробы прадстаўнікоў дзяржавы спыніць гэтых жанчын, пагражаючы ім адказнасьцю за правядзеньне несанкцыянаванага мерапрыемства ці зьдзекліва прапануючы разгарнуць пад вокнамі палявую кухню, «каб пахла», выглядаюць хай і агіднымі, але ж сьмешнымі і недарэчнымі. Галадоўніцы рызыкуюць сваім здароўем і жыцьцём, бо больш ім нічога не застаецца, а чынавенства пакуль, здаецца, зусім не разумее сытуацыі. І пакуль людзі на пасадах б’юцца за статыстыку, маці галадаюць разам, каб даць хоць нейкі шанец сваім і чужым дзецям.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG