Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Анціпенка: Не чытаю ніякія літаратурныя жанры


Алесь Анціпенка
Алесь Анціпенка

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае філёзаф Алесь Анціпенка.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Апошнія два тыдні слухаю пераважна лекцыі Свамі Сарвапрыянанды «Уводзіны ў Веданту», у якіх падаецца бліскучы аналіз адной з працаў вялікага індускага філёзафа-містыка Шанкары. А таксама «перачытваю» сваю кніжку («Прыпадобніўшыся да насарога»), каб выбраць колькі выразных фрагмэнтаў і пазнаёміць зь імі чытачоў стужкі ў ФБ. А раблю гэта з мэтай сабраць сродкі ня яе выданьне. (Праект разьмешчаны на ulej.by).

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Стараюся чытаць толькі выдатныя кнігі. Адна з такіх Аштавакра Гіта. (Ня блытаць з Бхагават Гітай).

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

У мяне няма такіх сяброў, якія маглі б мне параіць прачытаць кнігу, якая мяне зацікавіць. Часам я зьвяртаю ўвагу на кнігу, калі сустракаю некалькі спасылак на яе. Рэцэнзіі чытаю вельмі рэдка. Можна сказаць, увогуле не чытаю. Апошнім часам прачытаў дзьве на кнігу сп. Бахарэвіча «Сабакі Эўропы». Ня тое, каб прымерваўся чытаць ці не чытаць Бахарэвіча, а проста зацікавіла: пра што можна напісаць 900 старонак?! Зразумела, ніякія прэміі на мяне не ўплываюць. Чытаць ці не чытаць кнігу «ад коркі да коркі» выбіраю прыкладна так: няма (шмат) лішніх словаў, а тэкст выклікае ў мяне прыкладна такую рэакцыю: «Ваў! Тое, што трэба!».

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Чытаючы «Быцьцё і час» Гайдэгера, доўга ня мог даць веры, што для яго фактычна няма Быцьця, а ёсьць толькі быцьцё сутнага, канцовае і тэмпаральнае. Можна сфармуляваць прасьцей. На мове філязофіі Гайдэгер сказаў тое ж самае, што і Ніцшэ:«Бог памёр, мы забілі яго».

Вясёлка

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Ніякіх раманаў, клясычных альбо сучасных я не чытаю. Гадоў сем таму чытаў прозу Ўл. Арлова. Люблю яго за іронію. Ён быў для мяне «апошні з магікан» у беларускай літаратуры. Той жа іроніяй прывабіла кніжка А. Клінава «Горад сонца». Калісьці даўно мяне ўразіў і шакаваў Орвэл. Часам магу пачытаць вершы. Але рэдка. Увогуле мушу прызнацца, што мяне зусім не кранаюць вабноты мастацкасьці. Я пазьбягаю ўсяго, што вабіць і зачароўвае. Я не хачу самападманвацца. Мастацкая літаратура для мяне — гэта «Фата-маргана». Тут стаўлю тлустую кропку. Бо магу наклікаць на сябе гнеў і абурэньне.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

З тым, што называецца «мастацкая літаратура» ніколі моцна і не сябраваў. Я, канешне, арыентуюся ў сучаснай літаратуры ў тым сэнсе, што магу вызначыць узровень аўтара і сказаць сабе: так, гэта добра. Але ў тэкстах мастацкай літаратуры (што беларускай, што замежнай) я ўжо даўно для сябе нічога не шукаю.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Мяне заўсёды азадачвала, чаму людзі сьмяюцца, чытаючы «Залатое цяля» ці «Бравага салдата Швэйка». Праўда, у маім мінулым жыцьці была адна кніжка, дзякуючы якой я моцна сьмяяўся і разы тры перачытаў. Гэта «Занатоўкі маёра Томсана» францускага пісьменьніка П. Даніно (Pierre Daninos).

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Над кнігамі ніколі ня плакаў, але некалькі разоў (можа, дзесяць ці дваццаць) плакаў у жыцьці. Памятаю, як моцна і горка плакаў у дзяцінстве, калі суседзкі хлопчык забіў камянем нашую з братам ручную галку.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Кніжкі мяне не злуюць. І не расчароўваюць.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Не чытаю ніякія літаратурныя жанры. Надзвычай рэдкае выключэньне — паэзія. Заўважыў адну цікавую дэталь: некаторыя людзі блытаюць тэксты вялікіх містыкаў з мастацкай літаратурай. Большасьць тэкстаў, напісаных імі, — гэта, канешне, літаратурныя шэдэўры. Але, калі пачаць іх чытаць як раман ці аповесьць, сэнс напісанага прасыпаецца, як пясок скрозь пальцы. Для экспэрымэнту можна паспрабаваць чытаць Бхагават Гіту, і шмат хто, я думаю, скажа: што за фігня! А фігню, як вядома, не чытаюць.

Куды ідзем?

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Звычайна чытаю ўвечары. Калі сьцішыцца прырода. Але пішу з раніцы. Калі галава і сэрца вольныя. Магу чытаць некалькі кніг паралельна. Паспрабую чытаць адну, потым другую. І, адчуваючы, што адна зь іх больш сугучная майму стану, бяруся за яе. Апошнім часам чытаю пераважна ў электронным выглядзе. І рэдка на паперы. Проста практычна ўсе кніжкі, якія мне цікавыя, маю спампаванымі з інтэрнэту.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Звычайна ведаю, дзе стаяць. А ў кампутары ўсё проста. Ствараю адпаведныя тэчкі.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Думаю, што большасьць «маіх» кніг мала хто чытае. А таму, можа, яны хутчэй азадачваюць?

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Найлепшы кніжны падарунак за ўсе апошнія гады ад Надзейкі Нортан. Кніга Свамі Прабхавананды «Нагорная казань з гледзішча Веданты».

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Марцін Ідэн дужа моцна мяне ўразіў у школе. Дзякуючы яму, я захацеў «зрабіць» самога сябе.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Казкі Шарля Пэро, «Марцін Ідэн», «Преступление и наказание». Ва ўсіх гэтых кніжках, як я цяпер разумею, быў страх, вельмі моцны страх. Асабліва я баяўся Сіняй барады.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Я папрасіў бы яго прачытаць мой тэкст «Пра сьмерць». Нішто так не мяняе чалавека да лепшага, як глыбокае ўсьведамленьне нашай сьмяротнасьці і непазьбежнасьці нашага зьнікненьня.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Я не лічу сябе літаратарам. І не зьбіраюся ладзіць вечарыны.

За «рускіх» ці за «немцаў»?

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Біяграфіі мне падаюцца несур’ёзным жанрам. Я ўсімі сіламі імкнуся пазбавіцца хоць якіх амбіцый. І думаю, што біяграфіі — гэта нешта накшталт эпітафій. Проста разгорнутыя. Мне падаецца, што трэба клапаціцца не пра біяграфію, а пра якасьць уласных тэкстаў.

Што вы перачытваеце?

Перачытваю Новы Запавет, Упанішады, Бгагават Гіту, «Нагорную казань паводле Веданты» С. Прабхавананды, «Дао Дэ Цзін» Лао Цзы, Вівэкананду і шмат што іншае.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Пляную прачытаць (перачытаць наноў) Упанішады, Новы Запавет, «Нагорны казань паводле Веданты» С. Прабхавананды, Дхамападу, ісламскага містыка 20 ст. Хазрата Інаята Хана і шмат што іншае.

Якім будзе лета?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG