Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармацыйны стэнд пра гетмана Орліка і антысаветчыка Лапіцкага забралі «на рэканструкцыю»


Піліп Орлік, украінскі палітычны, дзяржаўны і ваенны дзеяч
Піліп Орлік, украінскі палітычны, дзяржаўны і ваенны дзеяч

Жыхары вёскі Касута Вілейскага раёну заўважылі, што на радзіме Піліпа Орліка дэмантаваны стэнд, прысьвечаны аўтару першай украінскай канстытуцыі, а таксама мясцоваму дзеячу антысавецкага руху Расьціславу Лапіцкаму, паведамляе «Рэгіянальная газэта».

На стэндзе была зьмешчаная інфармацыя пра дзейнасьць Лапіцкага, які па вайне стварыў падпольную арганізацыю, быў арыштаваны і расстраляны ў 1950 годзе, а таксама біяграфія Піліпа Орліка — грамадзка-палітычнага і вайсковага дзеяча, гетмана Запароскага войска.

Штогод у дні нараджэньня і сьмерці Орліка беларускія і ўкраінскія актывісты прыяжджаюць сюды, каб ушанаваць памяць нараджэнца гэтых мясьцінаў, знакавай фігуры для Ўкраіны.

Інфармацыйную дошку ўсталявалі 2 верасьня 2015 году вілейскія краязнаўцы побач з каменем у памяць пра Орліка. Тут украінскі бок зьбіраецца паставіць помнік гетману.

Як запэўнілі Свабоду ў Вілейскім райвыканкаме, «палітычных матываў у зьнікненьні стэнду» шукаць ня трэба.

«Стэнд адвезьлі на рэканструкцыю, за тры гады ён састарэў, — сказаў загадчык аддзелу ідэалёгіі Сяргей Паўлоўскі. — Гэта зрабілі супрацоўнікі Новавасільеўскага сельсавету».

Як доўга будзе доўжыцца рэканструкцыя, чыноўнік не ўдакладніў.

За некалькі дзён да таго невядомыя заклеілі на стэндзе інфармацыю пра героя моладзевага супраціву Расьціслава Лапіцкага. Хто гэта зрабіў, у выканкаме ня ведаюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG