Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Ізраілю прадэманстраваў выведную інфармацыю пра ядзерныя распрацоўкі Ірану


Прэм’ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу выступіў у панядзелак у міністэрстве абароны ў Тэль-Авіве з заявай адносна іранскай ядзернай пагрозы.

«Я пакажу тое, што сьвет яшчэ ня бачыў: сакрэтную выведную інфармацыю Ізраілю аб іранскай ядзернай праграме», — заявіў прэм'ер Нэтаньягу.

Прэм’ер-міністар паказаў фота іранскіх будынкаў, якія звонку выглядаюць як звычайныя, але «унутры — ядзерныя сакрэты Ірану ў буйных сэйфах.

Ізраіль атрымаў 55 тыс старонак і яшчэ 55 тыс файлаў на дысках, якія захоўваліся ў гэтых сэйфах. Дакумэнты, якія пацьвярджаюць існаваньне сакрэтнай ядзернай праграмы Ірану „Амад“. Мы падзяліліся імі з ЗША і ў ЗША правераць, ці сапраўдныя яны».

Нэтаньягу прадэманстраваў на вялікім экране іранскія дакумэнты для ўнутранага карыстаньня — па стварэньні пяці ядзерных боегаловак «магутнасьцю, падобнай пяці бомбам, скінутым на Хірасіму».

Дадзеныя ізраільскай выведкі сьведчаць: падпісаўшы летам 2015 году пагадненьне ў Вене, Іран пачаў яшчэ больш актыўна разьвіваць ядзерную тэхналёгію, перанёсшы яе ў Тэгеран, сьцьвярджае Нэтаньягу.

«Іран хлусіць, калі кажа, што ў яго ніколі не было намеру разьвіваць ядзерную зброю», — падсумаваў прэм'ер-міністар Ізраілю.

У нядзелю на сумеснай прэс-канфэрэнцыі зь дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампэа ў Тэль-Авіве Нэтаньягу заявіў, што імкненьне Ірану абзавесьціся ядзернай зброяй уяўляе сабой асноўную пагрозу Ізраілю, ЗША і ўсяму сьвету. «Іран павінен быць спынены», — заявіў тады Нэтаньягу.

У ліпені 2015 году Іран, пяць пастаянных членаў Рады бясьпекі ААН (Расея, Вялікабрытанія, Кітай, ЗША, Францыя) і Нямеччына дасягнулі пагадненьня аб урэгуляваньні ядзернай праблемы Тэгерану. Распрацаваны імі Сумесны ўсёабдымны плян дзеяньняў прадугледжвае адмену санкцыяў ААН, ЗША і ЭЗ, накладзеных на Іран з-за яго ядзернай праграмы.

У студзені 2016 году было абвешчана аб пачатку рэалізацыі зьдзелкі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова называў зьдзелку з Іранам «згубнай», сьцьвярджаючы, што яна не прадухіліла магчымасьць стварэньня Іранам ядзернай зброі, а толькі адтэрмінавала яе. 12 студзеня сёлета амэрыканскі прэзыдэнт заявіў, што ЗША спыняць удзел у пагадненьні, калі ў яго ня будуць унесеныя зьмены, выпрацаваныя падчас перамоваў зь эўрапейскімі краінамі.

У канцы красавіка прадстаўнік амэрыканскай адміністрацыі заявіў, што ЗША, а таксама Францыя, Нямеччына і Вялікабрытанія дамагліся прагрэсу на перамовах па ўнясеньні карэкціровак у пагадненьне аб ядзернай праграме Ірану, але канчатковага рашэньня пакуль ня знойдзена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG