Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Групавое згвалтаваньне «ваўчынай зграяй»: чаму дзясяткі тысяч гішпанцаў выйшлі на вуліцы

Каля 35 тысяч людзей выйшлі на вуліцы гішпанскага гораду Памплона пасьля рашэньня суду па справе аб групавым згвалтаваньні. Пратэсты доўжацца ў горадзе ўжо некалькі дзён.

Справа «ваўчынай зграі»

У Памплоне кожны ліпень праводзіцца «энсьера» — выпушчаныя на волю быкі бягуць праз увесь горад. У 2016 годзе падчас гэтага сьвята пяцёра мужчын прапанавалі 18-гадовай дзяўчыне праводзіць яе да аўтамабіля. Па шляху яны напалі на яе, завялі ў фае будынка, дзе гвалтавалі па чарзе. Яны здымалі тое, што адбываецца на тэлефон, а пазьней — абмяркоўвалі ролік у чаце WhatsApp, ён называўся la manada — «ваўчыная зграя». Адзін з нападнікаў скраў у дзяўчыны мабільны тэлефон.

Мужчын арыштавалі на наступны дзень.

Рашэньне суду

Пяцёх мужчын прызналі вінаватымі ў «гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару» — гэта абвінавачваньне менш сур’ёзнае, чым згвалтаваньне.

Кожнага абвінавачанага прысудзілі да дзевяці гадоў турмы і пяці гадоў выпрабавальнага тэрміну. Акрамя таго, суд абавязаў абвінавачаных выплаціць пацярпелай па 10 тысяч эўра, а мужчыну, які скраў яе тэлефон — дадатковых 900.

Абвінавачваньне патрабавала значна большы тэрмін — 22 гады турмы.

І абвінавачваньне, і абарона незадаволеныя прысудам і зьбіраюцца яго абскарджваць.

Ахвяра, але не згвалтаваньня

Справа «ваўчынай зграі» стала рэзананснай у Гішпаніі шмат у чым з-за прыёмаў, выкарыстаных абаронай, каб даказаць, што дзяўчына не была ахвярай згвалтаваньня.

  • На 96-сэкундным відэа, зьнятым адным з нападнікаў, дзяўчына паводзіць сябе «пасіўна» і падпарадкоўваецца мужчынам, а вочы яе зачыненыя. Абарона назвала гэта доказам згоды дзяўчыны.
  • Абарона сабрала запісы пацярпелай у сацсетках. На адным з фота, апублікаваным у інстаграме, на дзяўчыне футболка з фразай з гішпанскага рэаліці-шоу — «Што б вы ні рабілі, здымайце трусікі». Абарона палічыла гэта доказам таго, што сэкс быў добраахвотным.
  • Абвінавачаныя нанялі прыватнага дэтэктыва, які сачыў за пацярпелай некалькі дзён. Ён сфатаграфаваў яе з усьмешкамі ў кампаніі сяброў. Абарона назвала гэта доказам таго, што дзяўчына не цярпіць ад доўгатэрміновай траўмы.
  • Дзяўчына нібыта дазволіла аднаму з мужчын пацалаваць сябе.

Пракурор Элена Сарасатэ была незадаволеная рашэньнем суду.

«Абвінавачаныя хочуць пераканаць нас, што ў тую ноч яны пазнаёміліся з 18-гадовай дзяўчынай, якая жыла звычайным жыцьцём і якая, 20 хвілін пагаварыўшы зь людзьмі, якіх яна ня ведала, пагадзілася на групавы сэкс з усімі відамі пранікненьня, часам адначасовымі, і без выкарыстаньня прэзэрватыва», — сказала пракурор.

«Я ёй веру»

Акцыі пратэсту працягваюцца ў Памплоне ад 26 красавіка — у гэты дзень суд абвясьціў сваё рашэньне. Кульмінацыяй стаў пратэст у суботу, 28 красавіка, да якога далучыліся каля 35 тысяч мясцовых жыхароў.

У гішпанамоўных сацсетках карыстальнікі публікуюць свае паведамленьні з хэштэгам #YoSiTeCreo («Я ёй веру»), # NoЕsNo («Не значыць не») і #Cuentalo («Раскажы»), з дапамогай якога ахвяры сэксуальнага гвалту дзеляцца сваімі гісторыямі.

Гішпанскі ўрад пасьля хваляў пратэсту ў горадзе заявіў, што перагледзіць пытаньне аб узмацненьні жорсткасьці артыкулаў крымінальнага кодэксу за сэксуальныя злачынствы.

«Урад быў і заўсёды будзе на баку ахвяраў», — сказаў афіцыйны прадстаўнік ураду Іньіга Мэндэс дэ Віга.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG